Дата рождения:
10.07.1942 Камароўка, в. (цяпер в. Тамашоўка), Брэсцкі раён
Краткая справка:
лётчык-касманаўт СССР, першы беларускі касманаўт, генерал-палкоўнік авіяцыі, двойчы Герой Савецкага Саюза (1973, 1975), вучоны ў галіне тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1978), Дзяржаўнай прэміі Расіі (2001), кавалер многіх ордэнаў Расіі, Беларусі і замежных краін
Варианты имени:
Клімук Пётр Ілліч
Имена на других языках:
Klimuk Pyotr Ilyich (не определен); Климук Пётр Ильич (русский);
4386 символов
Справка
Пётр Ільіч Клімук – лётчык-касманаўт СССР, генерал-палкоўнік авіяцыі, двойчы Герой Савецкага Саюза – тройчы лятаў у космас. Ён не быў першапраходцам, аднак правёў на арбіце 78,8 сутак і ўдзельнічаў у правядзенні шэрагу астрафізічных даследаванняў, тэхналагічных, медыцынскіх, біялагічных эксперыментаў. Разам з іншымі ўдзельнікамі палётаў займаўся візуальнымі назіраннямі, фатаграфаваннем зорнага неба, актыўных участкаў Сонца, палярных ззянняў, серабрыстых воблакаў і іншых касмічных з’яў. Дзякуючы яго дзейнасці стала магчымым вывучэнне праблем адаптацыі чалавека да абставін палёту і наступнага прыстасавання да зямных умоў.
Пётр Ільіч Клімук нарадзіўся ў в. Камароўцы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1944 г. на фронце загінуў бацька, і маці давялося адной гадаваць траіх дзяцей. Яна хацела, каб Пётр стаў інжынерам, аднак хлопчык з дзяцінства захапіўся самалётамі. Пасля заканчэння ў 1959 г. сярэдняй школы паступіў у 10-е ваеннае вучылішча першапачатковага навучання лётчыкаў у Крамянчугу. Праз год вучылішча расфарміравалі, і П. І. Клімук стаў курсантам Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў, якое скончыў у 1964 г. Ён атрымаў прызначэнне на Поўнач, у 57-мы гвардзейскі Чырвонасцяжны знішчальны полк. Пачалася суровая, цяжкая служба: палёты днём і ноччу ў складаных метэаралагічных умовах, шліфоўка лётнага майстэрства. У кастрычніку 1965 г. лейтэнант П. І. Клімук паспяхова прайшоў медыцынскую камісію ў Цэнтральным ваенным навукова-даследчым авіяцыйным шпіталі і загадам галоўнакамандуючага Ваенна-паветранымі сіламі быў залічаны слухачом-касманаўтам у Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў.
Восем доўгіх гадоў працягвалася мэтанакіраваная вучоба і напружаная работа ў Зорным гарадку. Свой першы палёт П. І. Клімук ажыццявіў у снежні 1973 г. на “Саюзе-13” у якасці камандзіра карабля разам з бортінжынерам В. В. Лебедзевым. Другі палёт адбыўся ў канцы мая 1975 г. з В. І. Севасцьянавым на арбітальнай навуковай станцыі “Салют-4”, састыкаванай з касмічным караблём “Саюз-18”. Касманаўты правялі на арбіце 63 дні (рэкордны для таго часу тэрмін) і выканалі велізарную праграму комплексных даследаванняў зямлі і яе атмасферы. 27 чэрвеня 1978 г. П. І. Клімук у якасці камандзіра ў складзе міжнароднага экіпажа (У. В. Кавалёнак, А. С. Іванчэнкаў і грамадзянін Польшчы М. Гермашэўскі) на караблі “Саюз-30” здзейсніў трэці свой палёт. Ён ажыццяўляўся па праграме “Інтэркосмас”. У Зорным гарадку П. І. Клімук не толькі рыхтаваўся да палётаў. Добрае веданне касмічнай тэхнікі, навуковага абсталявання караблёў і станцый, валоданне методыкай навукова-даследчай работы і кіравання касмічнымі апаратамі зрабілі яго выдатным спецыялістам. У 1977 г. Пётр Ільіч скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына ў Маскве, а ў 1983 г. – Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна. З 1976 г. ён пачаў працаваць у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына (з 1995 г. – Расійскі навукова-даследчы выпрабавальны Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына) начальнікам палітаддзела, у 1991–2003 гг. з’яўляўся яго кіраўніком. Пётр Ільіч Клімук – член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, акадэмік Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага, у 2000 г. абараніў доктарскую дысертацыю. Ён лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1978, 1981), Дзяржаўнай прэміі Расіі (2001), кавалер многіх ордэнаў Расіі і Беларусі. Узнагароджаны таксама залатымі медалямі імя К. Э. Цыялкоўскага Акадэміі навук СССР (1977), Польскай акадэміі навук (1978).
У апошні час П. І. Клімук працуе ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Ён часта прыязджае ў Мінск. Пётр Ільіч – ганаровы грамадзянін Брэста. Тут устаноўлены яго бронзавы бюст (скульптар І. Міско, архітэктар С. Баткоўскі; 1978), а на радзіме касманаўта ў Тамашоўскай сярэдняй школе адкрыты музей, каштоўныя экспанаты для якога атрыманы з Зорнага гарадка як падарунак ад славутага земляка. Пётр Ільіч Клімук часта наведвае родную Камароўку. Тут яго вытокі, магіла маці, у гэтым месцы жывуць людзі, сярод якіх ён рос, вучыўся, атрымліваў урокі працавітасці, сумленнасці. Бацькоўскі край назаўсёды захоўваецца ў памяці чалавека, кім бы ён ні стаў, якіх бы вышынь ні дасягнуў. Застаецца ён і ў сэрцы першага беларускага касманаўта, бо крылы, што ўзнялі П. І. Клімука ў космас, набыты на зямлі, дзе ён нарадзіўся і вырас.