Дата рождения: 14.03.1902 Івольск, в., Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 24.02.1977
Краткая справка: акцёр тэатра і кіно, рэжысёр, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946)
Имена на других языках: Молчанов Павел Степанович (русский);
Павел Сцяпанавіч Малчанаў з першых выступленняў на тэатральнай сцэне паказаў сваю адданасць той артыстычнай школе, якая вышэй за ўсё ставіла жыццёвасць сцэнічных вобразаў. Падабенства героя спектакля да рэальнага чалавека – першае і галоўнае творчае імкненне тых артыстаў, да якіх ён адносіўся.
Нарадзіўся П. Малчанаў у в. Івольск Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і селяніна. Яго бацька, вясковы музыкант, нядрэнна іграў на скрыпцы. Захапленне музыкай перадалося і сыну, які яшчэ ў школе пачаў спяваць у хоры, потым авалодаў нотамі, пачаў разбірацца ў харавой партытуры, навучыўся іграць на балалайцы. У 1916 г. П. Малчанаў паступіў у Гомельскую настаўніцкую семінарыю. Тут адбылося першае знаёмства будучага артыста з тэатрам. Пасля заканчэння вучобы атрымаў прызначэнне ў школу, якая знаходзілася непадалёку ад Івольска, але не затрымаўся там і пераехаў на Украіну, дзе працавалі яго сябры па семінарыі. У мястэчку Чырвоны Калядзін ён арганізаваў хор і аркестр народных інструментаў, стаў актыўным удзельнікам самадзейных спектакляў, што ставіліся на сцэне Народнага дома. Праз паўтара года Павел Сцяпанавіч вярнуўся ў Беларусь і пачаў настаўнічаць у Чабатовіцкай школе, дзе быў калісьці вучнем. Тут ён шырока прымяніў вопыт, набыты на Украіне, арганізаваў драматычны гурток, хор і аркестр, якія наладжвалі канцэрты ў воласці і навакольных вёсках. Прымаючы ўдзел у мастацкай самадзейнасці на працягу некалькіх гадоў, П. Малчанаў зразумеў, што творчасць акцёра ўсё больш і больш запаўняе яго жыццё і становіцца неабходнай. 20 снежня 1922 г. ён паспяхова вытрымаў экзамены і быў прыняты ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве, якой кіраваў вядомы рускі рэжысёр В. С. Смышляеў – вучань і паслядоўнік К. С. Станіслаўскага.
Масква зрабіла вялікае ўражанне на будучага акцёра, аднак галоўнай заставалася вучоба. У студыі выкладалі гісторыю тэатра і літаратуры, французскую мову, але асноўная работа вялася над студыйнымі спектаклямі, у якіх ігралі А. Ільінскі, К. Саннікаў, Ц. Сяргейчык, М. Міцкевіч, Л. Мазалеўская, С. Станюта – у далейшым відныя дзеячы беларускага сцэнічнага мастацтва. Быў заняты ў спектаклях і П. Малчанаў. Ён сыграў ролі Папа (народная драма “Цар Максіміліян”), Сцяпанкі (“Астап” А. Глобы), Лірніка (“Апраметная” В. Шашалевіча).
У 1926 г. з выпускнікоў студыі ў Віцебску быў створаны Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2, цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа), у якім П. Малчанаў з некаторымі перапынкамі працаваў да 1951 г. У гэтым тэатры Павел Сцяпанавіч атрымаў званне народнага артыста БССР (1940), стаў народным артыстам СССР (1948). У 1946 г. групе акцёраў БДТ-2 і П. Малчанаву (тады мастацкаму кіраўніку) была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за спектакль “Несцерка”. Ён таксама ўзнагароджаны трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1930 г. Паўла Сцяпанавіча па камандзіроўцы Наркамасветы БССР накіравалі ў Ленінград на кінастудыю “Савецкая Беларусь”. Там ён зняўся ў фільме “Суд павінен працягвацца”, быў асістэнтам рэжысёра Я. Дзігана, разам з І. Бахарам зняў мастацкі фільм “Палескія рабінзоны” (1934) па аднайменнай аповесці Я. Маўра. Летам 1935 г. П. Малчанава запрасілі ў Беларускі тэатр рабочай моладзі (ТРАМ), дзе ён разам з Г. Ферманам паставіў спектакль “Арыстакраты” па п’есе М. Пагодзіна. У час Вялікай Айчыннай вайны Павел Сцяпанавіч узначальваў франтавую брыгаду тэатра імя Я. Коласа, працаваў ва ўльянаўскім тэатры. З 1952 г. – на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы).
Павел Сцяпанавіч Малчанаў – акцёр шырокага творчага дыяпазону. Ён дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Віртуозна, з тонкім пачуццём гумару і іроніі сыграў камедыйныя ролі Кутаса, Шышлы, Дарвідошкі ў спектаклях “Прымакі”, “Вайна вайне”, “У пушчах Палесся” па творах Я. Коласа, Бобчынскага ў “Рэвізоры” М. Гогаля і інш. Дакладна, псіхалагічна, вельмі глыбока распрацоўваў характары Пярчыхіна і Лукі ў “Мяшчанах” і “На дне” М. Горкага, Караневіча ў “Пробе агнём” К. Крапівы. Асабліва вылучаўся талент П. Малчанава ў трагедыйных ролях, такіх як Освальд у спектаклі “Здані” Г. Ібсена, Фёдар Таланаў у “Нашэсці” Л. Лявонава, Фёдар Пратасаў у “Жывым трупе” Л. Талстога, Гамлет у аднайменнай трагедыі У. Шэкспіра.
Выдатным дасягненнем усяго беларускага сцэнічнага мастацтва з’явілася стварэнне Паўлам Сцяпанавічам вобраза У. І. Леніна. Ён быў адным з лепшых выканаўцаў гэтай ролі ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Іграў Леніна ў спектаклях “Чалавек з ружжом” і “Крамлёўскія куранты” М. Пагодзіна, “Незабыўны 1919-ы” У. Вішнеўскага, «Залп “Аўроры”» М. Бальшынцова і М. Чыаўрэлі, “Вечная крыніца” Д. Зорына, “Грозны год” А. Каплера, у кінафільме “Незабыўны 1919-ы”.
На сцэне тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску паспяхова ішлі створаныя ім спектаклі “Вечар беларускіх вадэвіляў” (1936; увайшлі “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Паўлінка” і “Прымакі” Я. Купалы), “Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка (1939), “Хлопец з нашага горада” (1941) і “Рускае пытанне” (1947) К. Сіманава; у тэатры імя Я. Купалы – “Патрабуецца лгун” Д. Псатаса (1965), “Адкуль грэх” А. Петрашкевіча (1969); Беларускім тэатры юнага гледача – “Хлапчыш-Кібальчыш” паводле А. Гайдара (1963), “Дама-невідзімка” П. Кальдэрона (1964).
Калі згадваюць лепшых беларускіх акцёраў, абавязкова ўспамінаюць Паўла Сцяпанавіча Малчанава. Ён назаўсёды застаўся ў гісторыі тэатра і памяці ўдзячных гледачоў. Пра артыста створаны хранікальна-дакументальны фільм “Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым” (1969), у 1984 г. выдадзена кніга яго ўспамінаў “Тэатр – жыццё маё”, на доме, дзе жыў акцёр, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.