Имена на других языках:
Мурашка Григорий Данилович (русский); Мурашка Рыгор (русский);
4198 символов
Справка
Рыгор Мурашка нарадзіўся 16 лютага 1902 г. у в. Бязверхавічы на Случчыне ў вялікай сялянскай сям’і. Дзіцячыя гады прайшлі ў беднасці і нястачы. Хлопец усё ж здолеў скончыць народную школу і двухкласную валасную школу, потым паступіў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З-за пачатку ваенных дзеянняў навучанне было спынена, студэнты раз’ехаліся па дамах. Вярнуўшыся на радзіму, Р. Мурашка ўладкаваўся на падзённую працу ў суседні маёнтак, потым займаўся рамонтам шашы. У гэты ж перыяд малады чалавек далучыўся да працы падпольнай арганізацыі Камуністычнай партыі Случчыны: вёў прапаганду, распаўсюджваў нелегальную літаратуру, лістоўкі, расклейваў пракламацыі, партызаніў.
У 1920-я гг. служыў у Чырвонай Арміі ў атрадзе асобага прызначэння. Падчас службы наведваў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутраных спраў Беларусі, працаваў інструктарам Слуцкага павятовага ваенрэўкама. У маі 1921 г. абраны членам Цараўскага валаснога зямельнага аддзела Слуцкай акругі і загадчыкам хаты-чытальні. З 1926 па 1929 г. Р. Мурашка з’яўляўся адказным сакратаром часопіса “Бальшавік Беларусі”. Удзельнічаў у I Усесаюзным з’ездзе пралетарскіх пісьменнікаў (1928) у якасці члена літаратурна-мастацкай арганізацыі “Маладняк”. У 1930–1933 гг. загадваў аддзелам мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР, працаваў загадчыкам кабінета маладога аўтара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1934 г. увайшоў у склад Саюза пісьменнікаў СССР.
Пагаршэнне стану здароўя прымусіла Р. Мурашку ў чэрвені 1941 г. паехаць на лячэнне ў санаторый “Новая Ельня”, дзе яго і напаткала вайна. Рыгор Данілавіч вярнуўся ў акупаваны Мінск, далучыўся да Мінскага падполля, а з восені 1943 г. пайшоў у партызаны. У час прарыву партызанамі фашысцкай блакады на Лагойшчыне ў красавіку 1944 г. пісьменнік трапіў у нямецкі палон і загінуў.
Першыя спробы літаратурнай творчасці Р. Мурашка зрабіў яшчэ ў дванаццацігадовым узросце. Упершыню выступіў у друку з апавяданнем “Папоўскі шлюб” у газеце “Савецкая Беларусь” (1924). У наступныя гады выдаў зборнікі апавяданняў “Стрэл начны ў лесе” (1926), “Прыгранічны манастыр” (1930), “Званкі”(1931), “Рузікі” (1932), “Мюдаўская ноч” (1934). Р. Мурашка – аўтар аповесці “У іхнім доме”, раманаў “Сын” (1929), “Салаўі святога Палікара” (1940). Асноўнымі тэмамі творчасці гэтага перыяду з’яўляюцца выспяванне свядомасці рабочых у часы рэвалюцыі 1905 г., а таксама малюнкі з жыцця беларускай вёскі 1930-х гг. Ацэньваючы гэты этап у творчасці пісьменніка, крытыкі адзначаюць, што ён вельмі няроўны, унутрана супярэчлівы. Ужо ў першых апавяданнях намячаюцца дзве шмат у чым несумяшчальныя тэндэнцыі: у шэрагу твораў бачацца праявы глыбокай павагі да чалавека, любові і спачування, а ў іншых – аўтар глядзіць на свет праз прызму класавай нянавісці бедняка да заможнага чалавека. Усё гэта гаворыць аб няўстойлівасці светапогляднай пазіцыі пісьменніка, схільнага паддавацца розным, у тым ліку супрацьлеглым уплывам і ўздзеянням.
З пачаткам нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну пачынаецца новы этап у творчасці пісьменніка. Творы гэтага перыяду маюць прынцыповае адрозненне ад папярэдніх: у іх аўтар адмаўляецца ад нястрымнага ўслаўлення савецкай палітычнай сістэмы, ад бяздумнай падтрымкі многіх пастулатаў, накшталт маральна-палітычнага адзінства савецкага грамадства, вялікай ролі калектывісцкай філасофіі, што нібыта аб’ядноўвае працоўных у новую сацыяльную агульнасць. Пісьменнік скіроўвае свой позірк на абарону чалавека як найвялікшай каштоўнасці ў свеце. У гады акупацыі з’явіліся раманы “Насуперак лёсу” і “Таварышы” (абодва 1942), апавяданне “Смерць маткі” (друкавалася ў лагойскай падпольнай газеце “За Савецкую Беларусь”), антыгітлераўскі фельетон.
Уся творчасць Р. Мурашкі – гэта адлюстраванне найбольш характэрных асаблівасцей развіцця беларускай савецкай літаратуры ў першай палове ХХ ст. Значнае месца ў ёй займаюць сацыяльныя зрухі і перамены, якія адбываліся ў жыцці краіны і свядомасці людзей. Творы пісьменніка ўзбагацілі літаратуру новымі тэмамі, праблемамі і героямі, разам з якімі рос, мужнеў і сталеў сам аўтар і яго талент.
Матэрыял падрыхтаваны Мінскай абласной бібліятэкай ім. А.С. Пушкіна ў 2012 г.