Дата рождения:
02.04.1832 Вільня, каля г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти:
16.02.1905
Краткая справка:
гісторык, этнограф, ваенны дзеяч, генерал ад інфантэрыі
Имена на других языках:
Бобровский Павел Осипович (русский);
2482 символа
Справка
Ваенны дзеяч, гісторык і этнограф Павел Восіпавіч Баброўскі нарадзіўся 2 красавіка 1832 г. у маёнтку Вака недалёка ад Вільні. Яго бацька – О. К. Баброўскі – доктар філасофіі і права, паходзіў са старажытнага роду беларускіх дваран Драгічынскай зямлі. Рана застаўшыся без бацькоў, Павел Баброўскі выхоўваўся пад наглядам свайго дзядзькі, беларускага славіста і арыенталіста М. К. Баброўскага.
Пасля вучобы ў Пружанскім дваранскім вучылішчы і Полацкім кадэцкім корпусе (1844–1849) юнак быў накіраваны ў Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча (Дваранскі полк), якое скончыў у 1851 г. Так пачалася ваенная кар'ера П. В. Баброўскага. Яе працягам стала вучоба ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба ў Пецярбургу (1855–1857), праца на штабных пасадах (1869–1875). Некаторы час ён камандаваў юнкерскімі вучылішчамі. У 1853–1854 гг. прымаў удзел у вайне з Турцыяй. У 1875–1897 гг. загадваў Ваенна-юрыдычнай акадэміяй, даслужыўся да звання генерал-маёра.
Паралельна з ваеннай службай П. В. Баброўскі займаўся і даследчыцкай дзейнасцю. Ён з’яўляецца аўтарам каля 80 навуковых прац. Гэта артыкулы па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі Беларусі, ваеннай гісторыі і гісторыі права. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць для нас яго ''Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Гродзенская губерня'' (1863). Гэта ваенна-статыстычнае апісанне губерніі. У працы сабраны звесткі пра гарады і найбольш значныя мястэчкі Гродзеншчыны, пра вераванні, абрады, звычаі, хатні і сямейны побыт беларусаў, змешчаны апісанні жылля і гаспадарчых пабудоў, адзення і страў. За гэты двухтомны фальклорна-этнаграфічны нарыс, які выгадна адрозніваўся ад папярэдніх тамоў “Матэрыялаў” сваёй арыгінальнасцю і грунтоўнасцю, даследчык быў узнагароджаны малым залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства.
Вывучаў П. В. Баброўскі і гісторыю летапісаў: працы ''Лёс Супрасльскага рукапісу...'' (1887), ''Яшчэ нататка пра Супрасльскі рукапіс'' (1888). Цікавіўся гісторыяй уніяцкай царквы (''Руская грэка-уніяцкая царква ў цараванне імператара Аляксандра I'', 1890), даследаваў жыццё і навуковую дзейнасць свайго дзядзькі М. К. Баброўскага.
Навуковая і краязнаўчая дзейнасць выдатнага педагога, ваеннага дзеяча і навукоўца П. В. Баброўскага спрыяла папулярызацыі гісторыі і культуры беларускага краю, а яго працы, багатыя на гістарычныя назіранні і высновы, і ў нашы дні з’яўляюцца каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі.