Дата рождения:
08.03.1892 Дукарка, в., Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер в. Дукора, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць)
Дата смерти:
16.06.1937
Краткая справка:
дзяржаўны і партыйны дзеяч БССР і СССР, адзін з ініцыятараў беларусізацыі, імем якога названа вуліца ў г. Мінску
Имена на других языках:
Червяков Александр Григорьевич (русский);
4415 символов
Справка
Вядомы дзяржаўны і партыйны дзеяч Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння беларускай рэспублікі ў далёкія 1920-я гг. і смела адстойваў права беларусаў на сваё месца сярод іншых народаў свету.
Нарадзіўся А.Р. Чарвякоў 8 сакавіка 1892 г. у вёсцы Дукарка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Бацька з малых гадоў вучыў грамаце сваіх дзяцей, што адыграла важную ролю ў іх далейшым лёсе. У пошуках заробкаў сям’я пераязджала з маёнтка ў маёнтак, і нарэшце трапіла ў Вільню. Там Аляксандр экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка і быў накіраваны ў Трокскі павет вучыць літоўскіх і польскіх дзяцей. Царская праграма патрабавала весці навучанне толькі на рускай мове. Аднак малады настаўнік адразу адчуў непаразуменне ў вучняў і пачаў выкладаць матэрыял на роднай для дзяцей мове. Ён лічыў, што школа павінна працаваць на мове бацькоў, якая толькі і зразумела дзецям і толькі так можа спрыяць іх развіццю. У 1912 г. гэта парушэнне правілаў выкладання прывяло да таго, што прозвішча настаўніка трапіла ў спіс палітычна неблаганадзейных асоб, і ён быў звольнены.
Неўзабаве А.Р. Чарвякоў паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, які скончыў у 1915 г. У час Першай сусветнай вайны быў прызваны на службу ў армію. Як адукаванага чалавека і добрага салдата, яго накіравалі ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, а летам 1916 г. у чыне прапаршчыка – у запасны полк у Іркуцк. З лютага 1917 г. служыў у Петраградзе, прымаў удзел у рэвалюцыйных гуртках і арганізацыях, у нацыянальным бежанскім руху. А.Р. Чарвякоў увайшоў у склад РСДРП, быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, прымаў удзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. У лютым–маі 1918 г. А.Р. Чарвякоў узначальваў Беларускі нацыянальны камісарыят. На першых жа пасяджэннях Камісарыята ён прапанаваў падрыхтаваць і выдаць падручнікі на беларускай мове, адкрыць Беларускі ўніверсітэт і пачаць выданне першай савецкай газеты на беларускай мове пад назвай “Дзянніца”.
З ліпеня 1918 г. Аляксандр Рыгоравіч з’яўляўся камісарам дывізіі Чырвонай Арміі, загадчыкам аддзела Усерасійскага бюро ваенных камісараў, уваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б). У ліку пяці членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1 студзеня 1919 г. у Смаленску А.Р. Чарвякоў падпісаў Маніфест аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У тым жа годзе быў прызначаны камісарам асветы ССРБ, намеснікам наркома асветы Літоўска-Беларускай ССР. 31 ліпеня 1920 г. ад імя ЦК КП(б)Б удзельнічаў у падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Восенню 1920 г. прымаў удзел у Рыжскіх мірных перагаворах.
У 1920–1930-я гг. А.Р. Чарвякоў займаў розныя пасады: узначальваў аддзел РВС Заходняга фронту, быў старшынёй Мінскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ, ЦВК і СНК БССР. Прымаў удзел у падрыхтоўцы стварэння СССР, распрацоўцы планаў развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР і БССР. З’яўляецца аўтарам прац “Сем гадоў улады рабочых і сялян” (1924), “За Савецкую Беларусь” (1927); артыкулаў “Год без Леніна ў Беларусі” (1925), “Сучаснае становішча Савецкай Беларусі” (1926).
Цяжкімі былі апошнія гады жыцця А.Р. Чарвякова. Ён быў неабгрунтавана абвінавачваны ў антысавецкай і контррэвалюцыйнай дзейнасці. Не вытрымаўшы паклёпу, 16 чэрвеня 1937 г. Аляксандр Рыгоравіч скончыў жыццё самагубствам, быў пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках. У 1957 г. рэабілітаваны. Імем Чарвякова названы вуліца і завулак ў Мінску, вуліца ў в. Дукора Пухавіцкага раёна. Яго імя носіць таксама Свіслацкая сярэдняя школа Пухавіцкага раёна, у якой дзейнічае прысвечаны яму музей. На доме, дзе ён жыў у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Многа важных і патрэбных спраў было здзейснена пад кіраўніцтвам А.Р. Чарвякова – сумленнага, мужнага, маральна чыстага і інтэлігентнага чалавека. Аляксандр Рыгоравіч любіў усё роднае і надаваў вялікую ўвагу ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці, развіццю нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці. Па яго ініцыятыве вялася распрацоўка беларускай граматыкі, падручнікаў па геаграфіі і гісторыі Беларусі, разгарнулася выдавецкая дзейнасць. Можна сцвярджаць, што народ у асобе А.Р. Чарвякова меў свайго чулага, пранікнёнага і разумнага кіраўніка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г., актуалізаваны ў 2012.