Дата рождения:
17.09.1922 Сіняўская Слабада, в., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
15.12.1994
Краткая справка:
крытык, літаратуразнавец, празаік, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980) і Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1994)
Имена на других языках:
Колесник Владимир Андреевич (русский);
3639 символов
Справка
Адметнае месца ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства займаюць работы пісьменніка, крытыка, педагога Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Нарадзіўся будучы даследчык у в. Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння польскай школы вучыўся ў гімназіі імя А. Міцкевіча і педагагічным вучылішчы ў Навагрудку (1936–1941). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны далучыўся да дзейнасці падпольных антыфашысцкіх арганізацый і партызанскіх атрадаў у Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці: з’яўляўся кулямётчыкам, мінёрам дыверсійнай групы, камандаваў узводам, быў начальнікам штаба атрада «2-гі Камсамольскі». У 1945–1949 гг. У.А. Калеснік вучыўся на філалагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). У 1952 г. скончыў аспірантуру пры ім і ўзначаліў кафедру літаратуры ў Бабруйскім настаўніцкім інстытуце. З 1954 г. прафесійная дзейнасць Уладзіміра Андрэевіча была звязана з Брэсцкім педагагічным інстытутам (цяпер Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна), дзе ён з’яўляўся старшым выкладчыкам, загадчыкам і прафесарам кафедры беларускай літаратуры. Сярод яго студэнтаў былі вядомыя ў далейшым беларускія даследчыкі мовы і літаратуры В. Ляшук, А. Майсейчык, Г. Малажай, У. Гніламёдаў, Г. Ішчанка і інш. Акрамя педагагічнай дзейнасці У.А. Калеснік супрацоўнічаў з Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі, з’яўляўся членам вучонага савета, падрыхтаваў шэраг раздзелаў для акадэмічных выданняў. У 1956–1970 гг. узначальваў Брэсцкае абласное літаратурнае аб’яднанне.
Літаратурную працу У.А. Калеснік пачаў у 1952 г. з артыкулаў і рэцэнзій на кнігі. Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры ад старажытнасці да сучаснасці, фальклор, паэзію, пераклады беларускай паэзіі на польскую мову, творчасць асобных украінскіх і польскіх літаратараў, станаўленне і адметнасці паэтычнага таленту заходнебеларускіх пісьменнікаў М. Танка, У. Жылкі, М. Васілька, А. Салагуба і інш. Вучоны – аўтар кніг, літаратурна-крытычных нарысаў, літаратурных партрэтаў, дакументальна-мастацкіх аповесцей, падручнікаў і дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў. Імкненне да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання стала характэрнай рысай яго прац. Сярод публікацый – «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае: выбраныя літаратурныя партрэты» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль. Нарыс жыцця і творчасці» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Літаратурная прэмія імя І. Мележа, 1994). Ён адзін з аўтараў дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А. Адамовічам і Я. Брылём). Літаратуразнавец падрыхтаваў грунтоўныя раздзелы ў працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1964), «История советской многонациональной литературы» (1971). У апошнія гады жыцця ён працаваў над кнігай успамінаў «Доўг памяці» (2005). За ўдзел у падрыхтоўцы двухтомнага даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы» (1977) У.А. Калеснік у 1980 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа. У 1979 г. вучонаму было прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш. Імем У.А. Калесніка названа вуліца ў Брэсце. У 2007 г. Саюз пісьменнікаў Беларусі заснаваў прэмію яго імя.