Танк Максім (сапраўднае імя Скурко Яўген Іванавіч)
Дата рождения:
17.09.1912 Пількаўшчына, в., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
07.08.1995
Краткая справка:
народны паэт Беларусі, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948), Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966), Ленінскай прэміі (1978), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980), Герой Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна (1962, 1967, 1974, 1982), ганаровы грамадзянін Мінска і г.п. Радашковічы, імя якога носяць вуліцы ў Мінску, Гродне
Псевдонимы:
Аўгень Бура; Виктор; Віктар; Гранит А.; Граніт А.; Женька; Жэнька; Сивер А.; Сівер А.; Танк Максим; Танк Максим; Танк Максім
Имена на других языках:
Скурко Евгений Иванович (русский);
4143 символа
Справка
Адзін з самых яркіх і самабытных беларускіх паэтаў Максім Танк (сапраўднае імя – Скурко Яўген Іванавіч) нарадзіўся ў в. Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У гады Першай сусветнай вайны разам з бацькамі знаходзіўся ў Маскве. Пасля вяртання на радзіму ў 1922 г. скончыў школу, затым вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях. У гэты перыяд далучыўся да дзейнасці падпольных арганізацый, наведваў іх пасяджэнні, чытаў і распаўсюджваў забароненую літаратуру, удзельнічаў у выпуску рукапісных часопісаў «Пралом» (1931) і «Краты» (1932). Менавіта тады пачаў публікаваць свае першыя вершы пад псеўданімам А. Граніт (з 1932 г. – Максім Танк). За ўдзел у падпольнай рабоце неаднаразова адлічваўся са складу навучэнцаў і арыштоўваўся польскімі ўладамі. У далейшым працаваў інструктарам ЦК КСМЗБ, вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. У другой палове 1930-х гг. паэт супрацоўнічаў з перыядычнымі выданнямі «Poprostu», «Наша воля», «Беларускі летапіс», «Калоссе», дзе змяшчаў вершы, апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы. Яго першы зборнік паэзіі «На этапах» быў надрукаваны ў Вільні ў 1936 г. Прыкметнымі з’явамі літаратурнага жыцця сталі таксама зборнікі «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937).
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР М. Танк працаваў у сельскім камітэце, газетах «Віленская праўда» і «Сялянская газета». У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у народнае апалчэнне ў Саратаве і быў накіраваны на Бранскі фронт. Працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь» і рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У вершах гэтага перыяду паэт заклікаў змагацца супраць ворагаў і нічога не шкадаваць дзеля перамогі, услаўляў бессмяротнасць роднага краю і беларускага народа. Паэтычныя творы ваенных гадоў увайшлі ў зборнікі «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (1945).
У пасляваенныя гады М. Танк працаваў у часопісе «Вожык», з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» (1948–1967). Гордасці за перамогу, суму па ахвярах вайны, радасці ад мірнай працы прысвечаны вершы паэта, сабраныя ў зборніках «Каб ведалі» (1948, Дзяржаўная прэмія СССР 1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы 1959). У далейшым паэт звяртаўся таксама да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, услаўляў пачэсную працу рабочых і хлебаробаў. Высокую ацэнку крытыкаў і літаратуразнаўцаў атрымалі яго зборнікі «Мой хлеб надзённы» (1962, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1966), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972, Ленінская прэмія 1978), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсці праз вернасць» (1979, Літаратурная прэмія імя А. Фадзеева 1980), «За маім сталом» (1984), «Паслухайце, вясна ідзе» (1990), «Errata» (1996). Моцная сувязь з беларускай народна-песеннай творчасцю і фальклорам прасочваецца ў творах для дзяцей, сабраных у кнігах «Галінка і верабей» (1946), «Казкі лірніка» (1948), «Ехаў казачнік Бай» (1955), «Светлячок» (1970), «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979), «Лемантар» (1993). Выступаў М. Танк і як празаік-дакументаліст (кніга-дзённік «Лісткі календара», 1970) і перакладчык на беларускую мову твораў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, У. Бранеўскага і інш. За пераклады польскай паэзіі атрымаў Літаратурную прэмію Таварыства польска-савецкай дружбы (1958), прэмію таварыства аўтараў «ZAIKS» (1969). Многія творы паэта перакладзены на розныя мовы свету і пакладзены на музыку.
За плённую грамадска-культурную дзейнасць і багатую літаратурна-творчую працу М. Танку былі прысвоены званні народнага паэта Беларусі (1968) і Героя Сацыялістычнай Працы (1974). Ён узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. З’яўляўся ганаровым грамадзянінам г. Мінска (1987) і г. п. Радашковічы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці (1992). У 1995 г. Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту было прысвоена імя М. Танка. Імем пісьменніка названа вуліца ў Мінску. У 2014 г. у Мядзелі адкрыты помнік М. Танку.