Жыццёвы шлях Акіма Курачкіна быў няпростым, ён нарадзіўся ў простай вясковай сям’і, з дзяцінства зведаў нястачу, голад і холад. Аднак цяжкасці не зламалі хлопца, а наадварот, дапамаглі яму выпрацаваць характар і волю. Курачкін заўсёды марыў навучыцца маляваць, таму пачаў наведваць вячэрнюю школу ў Добрушы ў сямі кіламетрах ад роднай Веткі. Там ён удзельнічаў у спектаклях драматычнага гуртка, афармляў дэкарацыі, у вольны час маляваў партрэты і пейзажы.
Свой творчы шлях Акім Курачкін пачынаў як жывапісец. У 1931–1934 гг. вучыўся на аддзяленні жывапісу Віцебскага мастацкага тэхнікума. У той час там выкладалі такія майстры як М.А. Керзін, Ф.А. Фогт і У.Я. Хрусталёў. Затым нядоўгі час працаваў у вайсковай часці (1936–1940), асвойваў прафесію афарміцеля. У 1940 г. ён стварыў сваю першую значную жывапісную работу – батальнае палатно “Першая конная наносіць сакрушальны ўдар белапалякам” (“К.Я. Варашылаў, С.М. Будзённы на Паўднёва-Заходнім фронце”).
У гады Вялікай Айчыннай вайны мастак знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі ў складзе дарожнага батальёна: адказваў за стварэнне ўмоў для бесперапыннага руху войск; прайшоў шлях ад лейтэнанта да капітана, меў шэраг баявых узнагарод.
У пасляваенныя гады ў краіне шмат увагі надавалася праблеме ўвекавечання подзвігу абаронцаў Айчыны. Менавіта ў гэты час А.Р. Курачкін звярнуўся да заняткаў скульптурай. Героіка ваенных гадоў стала асноўнай тэмай у яго творчасці. Акім Рыгоравіч – аўтар помнікаў воінам Савецкай Арміі і партызанам у Слоніме (1956), ахвярам фашызму на месцы Калдычэўскага лагера смерці ў Баранавіцкім раёне (1964, архітэктары: В. Занковіч, Л. Левін), Паставах (1965), Полацку і вёсцы Міхалёва Бабруйскага раёна (1967), Вілейцы (1969, архітэктары: Э. Афанасьева, Ф. Шукайла), вёсках Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага раёнаў (1983, архітэктар В. Барташэвіч).
Подзвігу савецкага народа прысвечаны станковыя скульптурныя кампазіцыі: “Абаронцы Брэсцкай крэпасці” (1951), “У тыле ворага” (1958), “Франтавымі дарогамі” (“Дарогамі вайны”, 1984), барэльеф “Рэйкавая вайна” (1974) і інш. У залаты фонд беларускага мастацтва ўвайшла яго кампазіцыя “Да апошняга дыхання” (1961). Гэты твор знаходзіцца ў экспазіцыі музея мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Тэма патрыятызму знайшла свой працяг і ў партрэтных творах А. Курачкіна. За час сваёй творчай дзейнасці ім створана цэлая галерэя гераічных вобразаў – скульптурныя партрэты герояў-пагранічнікаў А.Ф. Наганава і А.М. Кіжаватава, падпольшчыцы С.С. Панковай, танкіста П.М. Рака, кіраўніка партызанскага руху У.З. Царука, камандзіра дыверсійнай групы А.Ф. Колесавай, генерала-кавалерыста Л.М. Даватара і інш. Мастак неаднаразова звяртаўся да ўвасаблення ў сваіх станковых кампазіцыях вобраза У.І. Леніна. Майстэрства А.Р. Курачкіна дазваляла яму перадаваць не толькі партрэтнае падабенства, але і рысы характару яго герояў.
У 1956 г. Акім Курачкін быў прыняты ў члены Саюза мастакоў БССР. На працягу многіх гадоў ён з’яўляўся старшынёй ваенна-шэфскай камісіі Саюза. Каля 50 сваіх твораў мастак перадаў у дар вайсковым часцям Беларусі і Малдовы. Скульптурныя работы А.Р. Курачкіна ўстаноўлены ў Гомелі, Лепелі, Мар’інай Горцы.
З цягам часу ў працах Акіма Курачкіна ўсё часцей з’яўляюцца скульптурныя работы, прысвечаныя тэме мірнага працоўнага жыцця. У 1960–1970-я гг. ён стварыў цэлую галерэю надзвычай праўдзівых вобразаў сваіх сучаснікаў: “Ільнаводка”, “Маладая будаўніца”, “Да мірнай працы” і інш. Уменне скульптара пранікнуць ва ўнутраны свет сваіх герояў, стварыць глыбока лірычныя вобразы дакладна адчуваецца ў работах “Саша”, “Партрэт дачкі” (1950), “Ф. Шапэн”, “Пад промнямі сонца”, “Ю. Гагарын”, “Юнацтва” і інш.
За плённую шматгадовую працу мастак неаднаразова быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства Унутраных Спраў СССР, БССР і Цэнтральнага камітэта Прафсаюза работнікаў культуры. У 1988 г. Акіму Рыгоравічу Курачкіну было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР”, у 1997 г. скульптар узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Творы А.Р. Курачкіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі абароны Брэсцкай крэпасці-героя, фондах Беларускага саюза мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Я. Коласа, Слонімскім раённым і Баранавіцкім краязнаўчых музеях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.