Дата рождения:
20.01.1892 Шакуны, в., Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
23.03.1978
Краткая справка:
харавы дырыжор, фалькларыст, музычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, імем якога названа вуліца ў г. Мінску і Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966, 1974), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам "Знак Пашаны"
Псевдонимы:
Баравы Р.; Вучыцель
Имена на других языках:
Ширма Григорий Романович (русский);
Криптонимы:
В.-ч; В.М.; Г.Ш.; Р.Ш.
3468 символов
Справка
Культурную прастору нашай краіны немагчыма ўявіць без постаці Рыгора Раманавіча Шырмы – патрыярха беларускай песні, музыканта-мастака.
Нарадзіўся Рыгор Шырма ў в. Шакуны непадалёку ад Пружан. Дзяцінства праходзіла ў працы і сялянскіх клопатах. У 1905 г. дванаццацігадовым хлопчыкам ён паступіў у Пружанскае гарадское вучылішча, потым была вучоба на Свянцянскіх настаўніцкіх курсах, літаратурным факультэце ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (Польшча). Захапленне народнай беларускай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве, а ў час вучобы і настаўніцкай працы Рыгор Шырма пачаў запісваць народныя песні, паданні. Нават у перыяд эвакуацыі ў Расію ў 1914–1921 гг. ён не спыняў збіральніцкай працы.
З 1922 г. пачаўся шлях Р.Р. Шырмы як харавога дырыжора. У гэты час музыкант арганізаваў хор у Пружанах, і малады калектыў хутка набыў вядомасць у Заходняй Беларусі. У 1926 г. ён пераехаў у Вільню, дзе стаў стваральнікам і кіраўніком Хору Беларускага студэнцкага саюза.
Не менш значнай была грамадская дзейнасць Рыгора Раманавіча: шмат гадоў ён працаваў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ), дабіваўся ад польскіх улад дазволу на права навучання на роднай мове. Быў арганізатарам і выдаўцом друкаванага часопіса “Беларускі летапіс” (орган ТБШ), які выходзіў у Вільні ў 1933–1939 гг. Пры Р.Р. Шырме ТБШ стала масавай і патрыятычнай арганізацыяй, пэўна таму яе кіраўніка некалькі разоў арыштоўвалі і кідалі ў камеры турмы “Лукішкі”, не пазбег ён ганенняў і з боку органаў НКУС (больш за год адсядзеў на Лубянцы). Аднак Рыгор Раманавіч нідзе і ніколі не спыняў сваёй дзейнасці: праводзіў культурна-асветніцкую і літаратурна-публіцыстычную работу, падтрымліваў маладых паэтаў М. Васілька, В. Таўлая, С. Крыўца, за ўласны кошт надрукаваў зборнік вершаў “На этапах” М. Танка.
Шырока разгарнулася творчая дзейнасць Р.Р. Шырмы пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ён збіраў і апрацоўваў народныя песні, стаў дырыжорам і кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (з 1955 г. Дзяржаўная харавая капэла БССР). У канцы 1940 г. калектыў з вялікім поспехам выступіў у Мінску, а ў 1941 г. – на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Слухачы ўпершыню пачулі цудоўныя беларускія народныя песні “А ў полі вярба”, “Ці ня быстрая рэчка”, “Ой, у садочку цвіла лілея”, “Там, за садамі”, “Ой, выйшла маці” і інш. Шмат сіл і энергіі аддаў Р.Р. Шырма харавой капэле, якая з 1978 г. носіць яго імя. Творчая праца калектыву – гэта цэлая эпоха беларускага музычнага мастацтва.
На працягу ўсяго жыцця Р.Р. Шырма займаўся даследаваннем фальклору. Ён запісаў больш за 2000 народных песень, якія сабраны ў чатырох тамах зборніка “Беларускія народныя песні” (1959–1976) і іншых выданнях. Рыгор Раманавіч – лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі (1966, 1974; за стварэнне канцэртных праграм і збіральніцка-фалькларыстычную дзейнасць). Ён пакінуў багатую публіцыстычную спадчыну, лепшыя ўзоры якой прадстаўлены ў кнізе “Песня – душа народа” (1976, 2-е выд. 1993), дзе былі сабраны артыкулы і рэцэнзіі, апублікаваныя на працягу 45 гадоў. З 1966 г. і да канца жыцця Р.Р. Шырма быў старшынёй праўлення Саюза кампазітараў Беларусі і сакратаром праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1977 г. атрымаў ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Рыгор Раманавіч Шырма ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія II ступені, медалямі.