Праз усю творчасць Мікалая Аляксеевіча Рыжанкова праходзіць тэма гераічнай гісторыі беларускага народа. Многія са створаных ім работ увайшлі ў залаты фонд беларускага выяўленчага мастацтва. Нарадзіўся скульптар на Магілёўшчыне ў сялянскай сям‘і. З ранняга дзяцінства яму давялося зведаць страту бацькоў. Вучыўся ў вясковай школе, на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага вучылішча. У 1951 г. М. Рыжанкоў паспяхова здае ўступныя экзамены на факультэт архітэктурна-дэкаратыўнай скульптуры Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя В. Мухінай. Яго настаўнікамі былі В.Л. Сіманаў, У.І. Інгал, У.І. Дзеруноў. У 1960 г. на “выдатна” абараняе свой дыпломны праект – помнік леніградцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на Успенскіх могілках.
Пачатак 60-х гг. ХХ ст. характэрны для беларускай пластыкі прыходам новага пакалення маладых скульптараў: А. Анікейчыка, Л. Гумілеўскага, Г. Мурамцава, В. Вакара, Б. Маркава, М. Рыжанкова і іншых. Мікалай Аляксеевіч прымаў актыўны ўдзел у творчым жыцці краіны: ён удзельнік мастацкіх выставак, конкурсаў-аглядаў і г.д. У 1961 г. на конкурсе-аглядзе кампазіцыйнае і пластычнае рашэнне помніка, прысвечанага 150-годдзю перамогі рускіх войск у 1812 г. на р. Бярэзіне пад Барысавам, выкананага скульптарам, прызнаецца лепшым. Сярод твораў, зробленых мастаком у 1960-я гг., такія кампазіцыі, як “Айчынная вайна 1812 г.” (1962), рэльеф “Партызаны” (1964), помнікі генералу Л. Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага раёна Віцебскай вообласці (1965, архітэктары В. Занковіч, Л. Левін), на месцы былога перасыльнага канцлагера савецкіх ваеннапалонных у Барысаве (1967). У 1968 г. непадалёку ад месца гібелі партызана-камсамольца М. Гойшыка, пад Івацэвічамі, М. Рыжанкоў разам з архітэктарамі В. Занковічам і Л. Левіным стварыў помнік адважнаму юнаку.
Пачатак 70-х гг. ХХ ст. у галіне манументальнай скульптуры характарызуецца актыўнай творчай дзейнасцю. Аб гэтым красамоўна сведчаць створаныя манументальныя комплексы – “Хатынь”, “Курган Славы”, “Прарыў”, “Рыленкі”.
Мемарыяльны комплекс “Рыленкі” (1973) узведзены каля аднайменнай вёскі ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці, на брацкіх могілках, дзе пахаваны 10 тыс. гераічна загінуўшых у чэрвені 1944 г. савецкіх салдат. Помнік вырашаны М. Рыжанковым разам з архітэктарам М. Ткачуком лаканічнымі архітэктурна-скульптурнымі сродкамі. Адкрываецца ансамбль мемарыяльнай брамай, зверху на ёй – чаканныя партрэты воінаў. Пры стварэнні ў 1975 г. манумента у гонар савецкай маці-патрыёткі ў г. Жодзіна М. Рыжанковым у суаўтарстве з А. Заспіцкім, І. Міско, архітэктарам А. Трафімчуком выкарыстаны новы вобразна-псіхалагічны прыём. У аснову твора пакладзены драматычны лёс беларускай жанчыны Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, якая выгадавала і благаславіла на абарону Радзімы пяцярых сваіх сыноў. Размешчаная ўздоўж шашы Масква–Брэст кампазіцыя складаецца з дзвюх частак: невысокага пастамента-ганка, сімвалізуючага парог дома, з фігурай маці і скульптурнай групы ўзброеных салдат-сыноў у вайсковым адзенні, якія адыходзяць ад роднага дома. Помнік увасобіў у сабе вобразы тысяч беларускіх мацярок, чые сыны не вярнуліся з вайны. За высокамастацкае рашэнне ўсяго комплексу творчы калектыў у 1977 г. быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР.
У 1981 г. пералік найбольш вядомых твораў манументальнай скульптуры М. Рыжанкова папоўніўся новай работай – помнікам М. Горкаму ў парку Мінска, які носіць імя пісьменніка. У яго стварэнні прымалі ўдзел таксама скульптары А. Заспіцкі, І. Міско, архітэктар А. Трафімчук. Сярод іншых твораў, створаных М. Рыжанковым, – станковыя кампазіцыі “Мацяркам, жонкам і сёстрам” (1969), “Дзеці” (1965), “К. Арлоўскі” (1974), “Новае Палессе” (1984), “Не вярнуліся” (1985), “Двойчы Герой Савецкага Саюза К. Ракасоўскі” (1985); партрэты К. Арлоўскага (1975), С. Вавілава (1981), Г. Нікандравай (1985), У. Патапава (1982), І. Захарава (1984), Дз. Цябута (1979, 1985), А. Валадзько (1986), Л. Бабарэкі (1986); рэльефы “Юнацтва” (1973), “Навекі разам” (1982), “Парад партызан у Мінску ў 1944 г.” (1985). Ім створаны мемарыяльныя дошкі – М. Гусоўскаму (1981), У. Карпаву (1982), Ф. Сурганаву (1982), шэраг медалёў.
Працяглы час М.А. Рыжанкоў з’яўляўся старшынёй бюро секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, неаднаразова выбіраўся членам праўлення творчай арганізацыі. За значныя дасягненні ў выяўленчым мастацтве скульптар узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.
Творы М.А. Рыжанкова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспулікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Чавускім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.