Дата рождения: 16.04.1832 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти: 24.01.1897
Краткая справка: жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец, этнограф, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Літвы
Варианты имени: Ромер Алльфрэд Ізыдор; Ромэр Альфрэд
Имена на других языках: Roemer (не определен); Romer (не определен); Рёмер Альфред Изидор (русский);
Таленавіты мастак Альфрэд Ізідар Ромер, чыя творчасць звязана з Беларуссю і Літвой, паходзіў з шляхецкага роду, які вёў свой пачатак з XV ст., з Саксоніі. Ён вядомы ў нашай краіне дзякуючы даследчыкам Л Дробаву, А. Цыркунову, Л. Карповічу і інш. Імя А. Ромера павінна ўвайсці ў нацыянальную гісторыю выяўленчай культуры Беларусі нароўні з такімі імёнамі, як І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч, А. Шэмеш, К. Альхімовіч, М. Андрыёлі.
Нарадзіўся будучы мастак у Вільні. Там жа скончыў Дваранскі інстытут (1850), адначасова вучыўся малюнку ў К. Русецкага. Майстэрства жывапісу, графікі і скульптуры А. Ромер удасканальваў у Л. Бана ў Парыжы і А. фон Рамберга ў Мюнхене (1869–1874). З канца 1850-х гг. жыў і працаваў у спадчынным маёнтку Крэўна Нова-Аляксандраўскага павета (цяпер Зарасайскі раён Літвы). Адтуль высылаў свае графічныя лісты з выявамі помнікаў архітэктуры, краявідамі, сцэнамі з жыцця і побыту мясцовага насельніцтва ў ілюстраваныя часопісы “Tygodnik ilustrowany” (“Ілюстраваны штотыднёвік”), “Wisla” (“Вісла”), іншыя віленскія, а таксама варшаўскія і кракаўскія выданні. Працам гэтага перыяду ўласцівы кампазіцыйная і стылістычная арыгінальнасць (“Замак Раўдань”, “Мястэчка Вількя над Нёманам”, “Вішнева. Двор. Выгляд з фасада” і інш.).
Альфрэд Ромер з’яўляўся ўдзельнікам паўстання 1863–1864 гг. Пасля яго паражэння быў арыштаваны і пасаджаны ў Дынабургскую крэпасць (г. Даўгаўпілс, Латвія). Затым сасланы ў Кастрамскую губерню, у 1867 г. вызвалены пад залог. У зняволенні ён не толькі не падаў духам, але і шмат маляваў. Так з’явіўся дзённік з 43 аркушаў – імкненне аўтара аб’ектыўна адлюстраваць беларуска-літоўска-польскія рэаліі 1860-х гг. Альбом пачынаецца застаўкай з выявай анёла, які трымае скрутак, датаваны 15 сакавіка 1867 г., і кожны наступны малюнак – працяг выяўленчага аповеду з глыбокім пранікненнем у сутнасць падзей: серыя псіхалагічных партрэтаў палітычных вязняў, тыпажы салдат-канваіраў, інтэр’еры турэмных казематаў. Гэты ўнікальны каштоўны мастацкі помнік быў перададзены ў 1945 г. дачкой майстра Геленай Ромер-Ахянкоўскай у Нацыянальны музей у Варшаве, дзе ён захоўваецца па сённяшні дзень.
Некаторы час А. Ромер займаўся прымусовым продажам маёнтка Крэўна, затым адправіўся за мяжу. Наведаў Германію, Чэхію, Швейцарыю, Францыю, Італію, дзе вучыўся жывапісу, гравёрскаму майстэрству, пісаў заказныя партрэты арыстакратаў, натурныя садова-паркавыя пейзажы і інш. Прымаў удзел у мастацкіх выстаўках у Парыжы, Кракаве, Мюнхене. У 1874 г. вярнуўся на Бацькаўшчыну. Пасяліўся ў маёнтку Каралінава Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці), які належаў яго жонцы графіні Вандзе Сулістроўскай. Гэта былі вельмі плённыя гады. Альфрэд Ромер – аўтар шматлікіх гравюр, жывапісных кампазіцый пра жыццё і побыт беларускага народа, партрэтаў (“Мешчанін з Віленскай губерні. Свянцянскі павет. Камайская парафія”, “Сялянкі з Магілёўскай губерні Рагачоўскага павета” (абодва 1881)), малюнкаў архітэктурных помнікаў (“Касцёл у Камаях. Віленская губерня” (1878), “Стары касцёл у Кабыльніку Свянцянскага павета” (1880)) і інш. Стварыў бронзавыя медалі з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян. Мастак праяўляў вялікую цікавасць да гумарыстычнай тэмы, з лёгкасцю маляваў смешныя фігуры, бытавыя сцэны, ствараў алегарычныя вобразы. Некаторыя творы нагадваюць сабой сяброўскія шаржы: “Конь брыкаецца на мастака з блакнотам”, “На ўлонні прыроды!.. Б. Лапацінскі, А. Ромер”, “Мастак Антоній Р. ідзе ў Акадэмію ў суправаджэнні сабак і варон” і інш. У Каралінаве па-сапраўднаму зацікавіўся народным прыкладным мастацтвам і актыўна пачаў даследаваць яго гісторыю. Звярнуўшы ўвагу на вырабы беларускіх сталяроў і ганчароў, сам захацеў паспрабаваць свае творчыя сілы ў гэтым кірунку. Размалёўваючы посуд, дабіваўся арыгінальнасці і непаўторнасці малюнка. Не без удзелу А. Ромера маёнтак ператварыўся ў своеасаблівы культурны цэнтр Пастаўшчыны. Там была добрая бібліятэка з вялікай колькасцю літаратуры па этнаграфіі і мастацтве, захоўвалася шмат работ самога А. Ромера, створаных у розныя гады, знаходзілася майстэрня для заняткаў дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Ён з’яўляўся членам розных грамадскіх таварыстваў і камітэтаў, стваральнікам клубаў жывапісцаў і скульптараў, дырэкторыі мастацтва Нацыянальнага музея ў Кракаве, уваходзіў у склад журы конкурсу на помнік Адаму Міцкевічу. Альфрэд Ромер быў заўзятым бібліяфілам, набываў старажытныя рукапісы і дакументы і перадаваў іх у музеі Кракава, куды пераехаў у 1884 г. Там з 1888 г. з’яўляўся членам Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук. У справаздачах камісіі апублікаваў працу “Польскія паясы, іх фабрыкі і знакі” (1893), адзін з раздзелаў якой прысвечаны славутым слуцкім паясам, даклад “Да гісторыі віленскай школы прыгожых мастацтваў” (1896).
Сярод найбольш знакавых работ мастака вылучаюцца “Партрэт паўстанца 1863 года”, “Мадонна Пінская”. У першай з іх, зробленай “сухой іголкай”, адлюстраваў ужо даволі немаладога беларускага салдата, яго горды і нязломны характар. “Мадонна Пінская” (захоўваецца ў Пінскім касцёле Успення Дзевы Марыі) – духоўнае завяшчанне мастака. Правобразам для карціны стала невядомая звычайная пінская гараджанка. У блакітнай накідцы, поўная замілавання, яна беражліва трымае на руках дзіця. З нябёс ідзе яркі прамень святла, а над галавой свеціцца ледзьве ўлоўны німб. Карціна пакідае адчуванне лёгкасці, пяшчоты, дабрыні. Найбольш поўна талент мастака выявіўся ў жанры партрэта. Яны напісаны алеем, акварэллю і пастэллю: цудоўны, намаляваны ў светла-блакітных танах “Партрэт жонкі”, “Аўтапартрэт”, дзе мастак паўстае гордым і незалежным, напоўненым глыбокай унутранай экспрэсіяй і сілай духу. Асноўную ўвагу майстар заўсёды надаваў вачам, якія дапамагаюць раскрыць характар чалавека, яго настрой. Альфрэд Ромер – аўтар твораў на рэлігійныя сюжэты (“Найсвяцейшая Дзева” і “Успенне” ў касцёле ў Пінску, “Хрыстос з дзіцем” у касцёле Іаана Хрысціцеля ў в. Камаі Пастаўскага раёна).
Свой апошні прытулак мастак знайшоў у радзіннай капліцы ў літоўскім горадзе Тракай. Там, дарэчы, быў пахаваны і Эдуард Матэй Ромер, які ў 1878 г. адкрыў у Вільні мастацкую майстэрню і карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам. Іх спадчына знаходзіцца ў розных музеях Варшавы, Кракава, Вільнюса, Каўнаса і г. д. У Каралінаве ёсць вуліца, якая носіць імя А. Ромера, дзіцячая мастацкая школа, названая ў гонар творцы. Парафіяй Камайскага касцёла 2007 год быў абвешчаны годам Альфрэда Ромера.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.