Дата рождения:
11.06.1942 Буда-Кашалёва, г., Гомельская вобласць
Краткая справка:
артыст оперы (бас), народны артыст Беларусі
Имена на других языках:
Петров Ярослав Фёдорович (русский);
2840 символов
Справка
Творчы лёс Яраслава Фёдаравіча Пятрова, народнага артыста Беларусі (1984), непарыўна звязаны з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Самабытны талент, прыгожы моцны голас і артыстызм дапамаглі яму стаць выканаўцам самых вядомых оперных партый і заваяваць прызнанне ў нашай краіне і далёка за яе межамі.
Нарадзіўся Я. Пятроў у г. Буда-Кашалёва Гомелькай вобласці. У школе захапіўся садоўніцтвам і марыў паступіць у сельскагаспадарчую акадэмію. Аднак пасля заканчэння сямі класаў паехаў у Гомель, дзе вучыўся на матарыста. Па размеркаванні трапіў у Сібір. Праз некаторы час быў прызваны ў армію. Служыў мараком-падводнікам, вадалазам у Ваенна-марскім флоце. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Буда-Кашалёва. Працаваў слесарам-наладчыкам, будаўніком, на масласыразаводзе, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе і наведваў музычную ў Гомелі. Жаданне рэалізаваць творчыя магчымасці прывяло Я. Пятрова ў Беларускую кансерваторыю, якую ён скончыў у 1974 г. Прызнанне да артыста прыйшло даволі рана. Яшчэ студэнтам другога курса ён быў запрошаны ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР на ролю Барыса Гадунова ў аднайменнай оперы М. Мусаргскага, потым выканаў партыю Лоўчага і Млынара ў «Русалцы» А. Даргамыжскага, у «Яўгене Анегіне» П. Чайкоўскага праспяваў спачатку Секунданта, потым Грэміна. Творчасці Я. Пятрова ўласцівы тэмперамент, непасрэднасць і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, яркая выразнасць кожнага створанага характару. Спявак выконвае разнапланавыя басовыя і барытонавыя партыі. Сярод запамінальных роляў у оперных спектаклях нацыянальнага і класічнага рэпертуару – Найміт («Сівая легенда» Д. Смольскага), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана), Дварэцкі («Візіт дамы» С. Картэса), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А. Барадзіна), кароль Рэнэ («Іаланта» П. Чайкоўскага), Мефістофель («Фаўст» Ш. Гуно), Дон Базіліа, Бартала («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.А. Моцарта), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М. Рымскага-Корсакава), Рамфіс, Спарафучыле і Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж. Вердзі), Бонза («Чыо-Чыо-сан» Дж. Пучыні). Найбольш блізкія Я. Пятрову складаныя псіхалагічныя партыі. Гэта – эпічна-велічныя і разам з тым чалавечныя вобразы Івана Сусаніна («Іван Сусанін» М. Глінкі), Кутузава («Вайна і мір» С. Пракоф'ева), Філіпа ІІ («Дон Карлас» Дж. Вердзі) і інш. Спявак выступае з вялікім камерным рэпертуарам, у якім значнае месца належыць беларускім і рускім народным песням, творам айчынных кампазітараў, выконвае партыю баса ў Рэквіеме Дж. Вердзі.
Больш за 40 гадоў працуе Я. Пятроў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасць – адна з самых яркіх старонак у гісторыі галоўнай музычнай установы нашай краіны.