Дата рождения:
19.06.1912 Радунь, г. п., Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
18.10.1991
Краткая справка:
паэт, перакладчык, мемуарыст, краязнавец, педагог, дзеяч Беларускай Праваслаўнай Царквы
Псевдонимы:
Леанід з-пад Вішнева
Варианты имени:
Бітэль Пятро
Имена на других языках:
Битель Пётр Иванович (русский); Битель Петро (русский);
3402 символа
Справка
Пётр Іванавіч Бітэль пачаўся ў мястэчку Радунь Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер г. п. Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці). У Першую сусветную вайну бацькі пераехалі ў Наўгародскую губерню, дзе будучы пісьменнік атрымаў пачатковую адукацыю. Пасля вяртання ў 1921 г. у Беларусь сям'я жыла ў в. Люташ Валожынскага павета.
У 1925 г. П. Бітэль скончыў шэсць класаў Вішнеўскай школы і паступіў у Барунскую настаўніцкую семінарыю. Потым працягваў вучобу ў Віленскай настаўніцкай семінарыі. У 1931 г. атрымаў дыплом і амаль два гады (з перапынкамі) працаваў настаўнікам на Нясвіжчыне. У 1933 г. быў прызваны на службу ў Войска Польскае. Пасля дэмабілізацыі ў 1934 г. атрымаў месца загадчыка пачатковай школы ў в. Даўгінава каля Карэліч. Завочна вучыўся на гісторыка-філалагічным аддзяленні Вышэйшых настаўніцкіх курсаў пры Віленскім універсітэце.
У верасні 1939 г. П. Бітэль – падпаручнік польскай арміі – удзельнічаў у першых баях Другой сусветнай вайны. Пасля акупацыі Польшчы гітлераўскімі войскамі апынуўся ў Брэсце. У 1939–1943 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю на Валожыншчыне. У гады Вялікай Айчыннай вайны падтрымліваў сувязь з партызанамі. У чэрвені 1944 г. разам з сям'ёй быў вывезены ў Германію. Па дарозе ўцёк, дайшоў да Польшчы і пасля яе вызвалення быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію(служыў да канца 1945 г.) У пачатку 1946 г. П. Бітэль вярнуўся на Валожыншчыну, дзе працаваў настаўнікам Забрэжскай сямігадовай школы. Вясной 1947 г. па палітычных матывах быў звольнены з работы. Каб выжыць і пракарміць сям'ю, скончыў падрыхтоўчыя курсы ў Жыровіцкім манастыры і стаў праваслаўным свяшчэннікам. Служыў у прыходзе в. Міжэвічы Слонімскага раёна, з 1949 г. у Докшыцах на Віцебшчыне. У лістападзе 1950 г. П. Бітэль быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на дзесяць гадоў зняволення. Адбываў пакаранне ў Кемераўскай вобласці, Омску, Джэзказгане. Працаваў на пагрузцы драўніны, на будоўлі, у медным рудніку. У 1956 г. вызвалены і вярнуўся ў Беларусь. Ён не змог уладкавацца на працу настаўніка, таму зноў пачаў служыць у царкве. Быў свяшчэннікам у в. Галавачы Скідзельскага раёна, у г. Петрыкаве на Гомельшчыне. З 1963 г. выкладаў беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне ў Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна. У 1965 г. П. Бітэль паступіў завочна на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Адначасова ў 1970 г. скончыў Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання «Ин-Яз» у Маскве. У 1978 г. быў рэабілітаваны.
Першыя вершы П. Бітэля з'явіліся ў 1939 г. у валожынскай газеце «Іскра» і лідскай «Уперад». Ён напісаў таксама некалькі краязнаўчых нарысаў пра старажытныя вёскі Вішнева і Баруны, надрукаваў шэраг артыкулаў па педагогіцы (былі апублікаваны на польскай мове ў 1937–1939 гг. у часопісе настаўніцкага прафсаюза Віленскай акругі «Sprawy nauczycielskie»). Пасля вайны П. Бітэль пісаў гістарычныя паэмы, вершаваныя аповесці, займаўся мастацкім перакладам з рускай, украінскай, польскай, нямецкай моў. Ён выдаў кнігі паэзіі «Замкі і людзі» (1968), «Паэмы» (абедзве 1984), «Дзве вайны» (1990). Творы П. Бітэля адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. У іх адлюстраваны драматычны лёс беларускага народа, яго барацьба за свае правы на працягу мінулых стагоддзяў.