Дата рождения:
27.08.1922 Забалацце, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
08.08.2001
Краткая справка:
драматург, празаік, публіцыст, заслужаны работнік культуры Беларусі, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці ў Вялікую Айчынную вайну
Псевдонимы:
Алін А.
Варианты имени:
Махнач Алесь
Имена на других языках:
Махнач Александр Иванович (русский); Махнач Алесь (русский);
4689 символов
Справка
Алесь (Аляксандр Іванавіч) Махнач належаў да таго пакалення пісьменнікаў, творчы і жыццёвы шлях якіх склаўся пад уздзеяннем нялёгкіх, але гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзіўся ён у в. Забалацце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў восем класаў Уздзенскай сярэдняй школы і паступіў у Мінскае ваеннае пяхотнае вучылішча (1939). У 1940 г. стаў курсантам Калінкавіцкага ваеннага пяхотнага вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1941 г. быў накіраваны на службу ў гарнізон Брэсцкай крэпасці, дзе прыняў пад сваё камандаванне стралковы ўзвод. У чэрвені 1941 г. удзельнічаў у абароне крэпасці, быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. Пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 г. знаходзіўся на лячэнні ў ваенных шпіталях, застаўся інвалідам. З 1947 па 1953 г. А. Махнач быў загадчыкам Прысынкаўскай сельскай бібліятэкі Уздзенскага раёна. Працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” (1953–1961, 1963–1966). Скончыў завочна Мінскі бібліятэчны тэхнікум (1954) і Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве (1960). Пра жыццёвы шлях А. Махнача можна прачытаць некалькі скупых радкоў у кнізе “Пра час і пра сябе” ў аўтабіяграфіі “З пройдзенага”.
Першы верш А. Махнача “Калгасная восень” надрукаваны ў 1949 г. (уздзенская раённая газета “За Савецкую Радзіму”). Потым яго вершы, нарысы, рэцэнзіі з’яўляліся ў рэспубліканскім перыядычным друку. У 1956 г. выдаў першы зборнік аднаактовых п’ес “Драматычныя мініяцюры”. За гады творчай працы напісаў каля пяці дзясяткаў аднаактовых п’ес, камедый, сцэнак, скетчаў, інтэрмедый. Многія з іх увайшлі ў зборнікі “Аднаактовыя п’есы” (1961), “Мы будзем жыць” (1967), “П’есы” (1974), “Не кажы: мая хата з краю...” (1980), “Няхай красуе жыццё” (1982) і інш. Пяру драматурга належаць папулярныя п’есы для дзяцей “Шпачок” (1963), “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці” (1974), дзе адлюстравана героіка Вялікай Айчыннай вайны. Веданне жыцця дапамагло стварыць вобразы юных герояў. Алесь Махнач напісаў дакументальныя аповесці “Дзеці крэпасці” (1988), “Камандзір Усходняга форта” (1991), за якія Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў баталістаў і марыністаў узнагародзіла яго дыпломам і медалём К. Сіманава. Творы маюць строгую дакументальную аснову, у іх аўтар выявіў сябе выдатным даследчыкам. Таксама А. Махнач з’яўляўся адным са складальнікаў і членаў рэдкалегіі зборніка ўспамінаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Некаторыя творы перакладаліся, ставіліся ў тэатрах, на беларускім радыё і тэлебачанні.
Алесь Махнач вядомы як краязнавец. Ужо жывучы ў Мінску, ён не губляў сувязей з роднай вёскай, шукаў свае карані. Найбольш значнай працай аўтара з’явіліся нарысы “Мой Нёман”, “Цячэ рэчка”, “Ля родных крыніц”. Твор “Мой Нёман” быў пазней дапоўнены і надрукаваны ў часопісе “Нёман”, а пасля ўвайшоў у беларуска-літоўскі зборнік “Наш Нёман”. Гэта нарыс пра наш славуты Нёман, яго вытокі, людзей, якія знайшлі прытулак на яго берагах, і наогул пра Бацькаўшчыну. У апошнія гады жыцця А. Махнач рупліва збіраў звесткі пра свой родны край, Уздзеншчыну. Гэты час прайшоў у нястомнай працы ў архівах і бібліятэках. Пісьменнікам былі сабраны і запісаны каштоўныя звесткі пра сваіх продкаў і землякоў. У 1998 г. у серыі “Ведаць свой край Беларусь” выйшаў яго краязнаўчы зборнік нарысаў “Нізок” пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы. Не забываў пісьменнік і пра родную вёску Забалацце. У архівах А. Махнач сабраў звесткі аб гісторыі вёскі, якая ўпершыню згадваецца ў дакументах за 1582 г. Яго цікавіла ўсё, што тычылася мінулага малой радзімы. Праз тры гады пасля смерці даследчыка паводле апошніх матэрыялаў выйшла чарговая кніжка з серыі “Ведаць свой край Беларусь” – пра вёску Забалацце і яе людзей, – дзе на жыццёвым прыкладзе А. Махнача можна прасачыць філасофскі феномен кола жыцця. Толькі дзякуючы працам краязнаўца можна і сёння атрымаць уяўленне пра той Неманец, на берагах якога месціцца вёска Забалацце, адчуць усю прыгажосць родных пісьменніку наднёманскіх мясцін. Даследчык прасачыў гісторыю старажытнага сялянскага роду Махначоў і ўзвысіў яго. Назваў усіх выдатных людзей вёскі. Сёння Забалацкая сельская бібліятэка носіць яго імя.
Алесь Махнач, які сам выйшаў з асяроддзя сельскай творчай інтэлігенцыі, вельмі паважаў і разумеў працу сельскіх настаўнікаў, супрацоўнікаў дамоў культуры, сельскіх бібліятэк, праводзіў цікавыя і змястоўныя сустрэчы з імі. У 1980 г. драматургу было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. Пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі. У 2001 г. у эфір выйшаў дакументальны тэлефільм “...Я – лейтэнант Махнач” (рэжысёр В. Жыгалка), прысвечаны гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці.