Дата рождения: 11.07.1932 Барысаў, г., Мінская вобласць
Дата смерти: 03.02.1989
Краткая справка: скульптар, педагог, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967), кавалер ордэнаў Дружбы народаў, "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Anikeitchyk Anatol Aliaxandravitch (английский); Аникейчик Анатолий Александрович (русский);
Анатоль Аляксандравіч Анікейчык працягваў развіваць школу беларускай класічнай манументальнай скульптуры XX ст., прадстаўленай прызнанымі майстрамі З. Азгурам, А. Бембелем, А. Глебавым, С. Селіханавым, і пераасэнсоўваць асноўныя тэндэнцыі беларускай пластыкі.
Нарадзіўся А. Анікейчык у Барысаве. Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) закончыў у 1959 г., пасля чаго актыўна ўключыўся ў творчую дзейнасць. Пачынаў працаваць у жанры скульптурнага партрэта, паступова выпрацоўваючы свой адметны стыль, спосаб падачы характараў. Для яго творчасці характэрна імкненне да гісторыка-рамантычнай трактоўкі тэм і вобразаў, партрэты вылучаюцца дакладнасцю кампазіцыі і глыбінёй характарыстыкі. Сярод першых спроб – партрэты У. Маякоўскага (1963), М. В. Фрунзэ (1963; з Л. Гумілеўскім), Людвіга ван Бетховена (1968). Адначасова з узорамі станковай скульптуры майстар стварыў манументальныя работы: помнік Ф. Э. Дзяржынскаму ў Стоўбцах (1966), манумент землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у в. Хвойнікі Чэрвеньскага раёна (1967).
Асаблівае месца ў творчасці А. Анікейчыка займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Светлая і трагічная памяць адчуваецца ў працах скульптара “Вясна Перамогі” (1975), “Памяць” (1978), партрэтах герояў вайны. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў помніках М. Ф. Гастэлу і яго экіпажу каля г. п. Радашковічы Маладзечанскага раёна (1976), А. М. Матросаву ў в. Чарнушкі на Пскоўшчыне (Расія, 1978; у суаўтарстве); мемарыяльных знаках у Цэнтральным скверы на месцы пакарання смерцю членаў Мінскага камуністычнага падполля нямецка-фашысцкімі захопнікамі (1979) і на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты “Звязда” Героя Савецкага Саюза У. С. Амельенюка (1980; абодва ў Мінску). Сумесна з архітэктарамі Ю. Градавым і Л. Левіным былі створаны мемарыяльныя комплексы “Прарыў” і “Праклён фашызму”. Першы з іх устаноўлены ў 1974 г. ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці паміж вёскамі Новае Сяло, Пліна і Паперына на месцы баёў у Вялікую Айчынную вайну ў гонар прарыву варожай блакады партызанамі 5 мая 1944 г. у ходзе Полацка-Лепельскай бітвы. Ён быў вырашаны вельмі дынамічна, экспрэсіўна і лаканічна. Уражвае сваёй трагічнасцю скульптурны комплекс “Праклён фашызму” на ўшанаванне памяці жыхароў Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаных разам з вёскамі нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну. Адкрыты 3 ліпеня 1983 г. на месцы спаленай разам з жыхарамі в. Шунеўка. У нямым крыку, узнімаючы да неба сціснутыя кулакі, застыла бронзавая фігура босай жанчыны – Мадонны Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны Шунеўка не паўстала з попелу: не было каму адбудоўваць. Сілай мастацтва яе адрадзіў А. Анікейчык. І сёння над самотнай вёскай, апаленай зямлёй гучаць вечныя званы.
Арганічна ўвайшла ў творчае жыццё А. Анікейчыка купалаўская тэма. Янка Купала быў для яго ўвасабленнем роднай Беларусі. Майстар стварыў шэраг помнікаў паэту, вельмі розных па задуме і настроі, маштабе і кампазіцыйным вырашэнні. У 1973 г. у Араў-парку, што за 40 кіламетраў ад Нью-Ёрка, адкрылі помнік Я. Купалу, аўтарам якога з’яўляецца А. Анікейчык. Араў-парк – вядомы ўсёй Амерыцы славянскі культурны цэнтр. Бюст Я. Купалы знаходзіцца побач з помнікамі А. Пушкіну і Т. Шаўчэнку. Да гэтага скульптарам створаны надмагільны помнік паэту (1971; з А. Заспіцкім) на Вайсковых могілках у Мінску, задуманы так, быццам вярнуўся ён на родную зямлю, дакрануўся да яе босымі нагамі і заснуў. Тэма Я. Купалы атрымала працяг і ў іншых работах: скульптурнай кампазіцыі “Восень паэта” (1980) у Мінску , помніку паэту ў в. Ляўкі Аршанскага раёна (1982), скульптурным бюсце Я. Купалы для літаратурнага музея паэта ў Мінску. Вяршыняй купалаўскай тэмы ў творчасці А. Анікейчыка стаў манументальны комплекс у Мінску (1972; са скульптарамі Л. Гумілеўскім і А. Заспіцкім, з архітэктарамі Ю. Градавым і Л. Левіным), за які аўтарскі калектыў удастоены ў 1974 г. звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Гэта была грандыёзная праца па вырашэнні прасторавых і пластычных задач. У мемарыял уваходзяць помнік паэту і фантан з фігурамі дзяўчат, якія пускаюць на ваду вянкі ў ноч на Івана Купалу.
У розныя гады А. Анікейчык працаваў над скульптурнымі партрэтамі беларускіх і рускіх пісьменнікаў і паэтаў: помнікам народнаму пісьменніку Беларусі М. Лынькову ў пасёлку Лёзна Віцебскай вобласці (1978), скульптурнай кампазіцыяй “Сны пра Радзіму. М. Багдановіч” (1981) і інш. Майстар глыбока разумеў ролю літаратуры ў сучасным свеце, верыў і цаніў яе магчымасці. Любоў да літаратуры ўвасобілася ў многіх таленавітых работах, прысвечаных і А. С. Пушкіну: зроблены некалькі партрэтаў паэта, скульптуры “За гонар музы” (1987), “Пушкін і Ваньковіч”, “А. Пушкін і А. Міцкевіч”, “Свет Міхайлаўскага” (усе 1988).
Творчую дзейнасць А. Анікейчык сумяшчаў з педагагічнай, выхаваўшы не адно пакаленне мастакоў. З 1959 па 1989 г. выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (з 1978 г. загадваў кафедрай скульптуры, з 1981 г. з’яўляўся прафесарам). Скульптар рана пайшоў з жыцця, але традыцыі, падхопленыя і развітыя творцам, працягваюць яго вучні. Работы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, выставачным аб’яднанні “Цэнтральны дом мастака” ў Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.