Краткая справка:
паэт, драматург, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1984), Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1980)
Псевдонимы:
Дроцік Міхась; Суботка Паўлюк
Варианты имени:
Макаль Пятрусь
Имена на других языках:
Макаль Пётр Михайлович (русский); Макаль Петрусь (русский);
4775 символов
Справка
Адзін з найбольш таленавітых прадстаўнікоў пакалення беларускіх паэтаў, якое пачало сваю творчую дзейнасць у пасляваенны перыяд, Пятрусь Макаль, паэт, драматург, перакладчык, больш за сорак гадоў плённа працаваў на ніве нацыянальнай літаратуры. Яго паэзію літаратуразнаўцы і крытыкі адносяць да філасофска-аналітычнай, інтэлектуальнай плыні. Усёй творчасці паэта ўласцівы надзённасць, трывога за лёс планеты і чалавека.
Нарадзіўся Пётр Міхайлавіч Макаль у вёсцы Крушыняны Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям’і. На маленства паэта выпалі цяжкія гады вайны, пасляваеннай разрухі і голаду. У 1946 г. хлопчык разам з маці пераехаў з вёскі ў Саратаўскай вобласці, дзе сям’я жыла з 1944 г., на Гродзеншчыну. Тут пасля заканчэння сямігодкі ў 1947 г. Пётр паступіў у Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, дзе правучыўся два гады, а пасля – у Гродзенскі педінстытут, які скончыў у 1953 г. Пасля службы ў Савецкай Арміі тры гады працаваў у рэдакцыі часопіса “Маладосць” (1957–1960). У 1962 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, пасля якіх быў загадчыкам аддзела літаратуры газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1965 па 1966 г. ён працаваў рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР, з 1966 па 1975 гг. – памочнікам галоўнага рэжысёра па рэпертуары ў Тэатры юнага гледача. З 1975 г. Пятрусь Макаль – літкансультант СП Беларусі, з 1978 па 1980 г. – старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, наступныя тры гады – рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. З 1983 г. пайшоў на творчую работу.
Друкавацца Пятрусь Макаль пачаў з 1949 г. Першы яго верш з’явіўся ў газеце “Гродзенская праўда”. Праз шэсць гадоў выйшаў першы зборнік П. Макаля з сімвалічнай назвай “Першы след” (1955), а неўзабаве – і другі зборнік вершаў паэта – “Вятрам насустрач” (1958). Абедзве кнігі былі прыхільна сустрэты крытыкай. Яны вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі, надзённасцю, лірызмам. Большасці вершаў першых двух зборнікаў уласціва падзейнасць, лірычнае асвятленне тэмы. Відавочная аўтабіяграфічная аснова лірычнага “я” паэта – служба ў арміі, студэнцкія гады – прасочваецца ў вершах 50-х гг. Якасці, уласцівыя першым зборнікам, характэрны і для кнігі “Вечны агонь” (1960). У паэтычных зборніках 60-х гг. “Круглы стол” (1964), “Акно” (1967) талент паэта развіваецца ўжо ў іншым кірунку. Яны вылучаюцца багатай асацыятыўна-вобразнай палітрай, філасафічнасцю, тэхнічнай віртуознасцю, а таксама разнастайнасцю ў жанравых адносінах. У 70-я гг. выходзяць яго зборнікі “Дотык да зямлі” (1975), “Поле” (1978, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова 1980), “Заручыны” (1979). Інтэлектуальны свет лірычнага героя твораў пашыраецца. Многія вершы прысвечаны папулярнай у 70-я гг. тэме НТР і робатаў. У творах гэтага перыяду малюецца вобраз веку, які “з рэактыўнай хуткасцю імкне”. У 60–70-я гг. Макаль звярнуўся да драматургічнага жанру, твораў для дзяцей. Сумесна з А. Вольскім ён напісаў п’есы “За лясамі дрымучымі” (пастаўлена ў 1958) і “Марынка-крапіўніца” (пастаўлена ў 1963). З’явіліся п’есы: “Адчыняйце, казляняткі!” (1970), “Дай вады, калодзеж!” (1971), “На ўсіх адна бяда” (1974). Усе яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў і ставіліся Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача і іншымі тэатрамі краіны. У 1966 г. П. Макаль выдаў кнігу для дзяцей “Хлопчык будзіць сонца”, а ў 80-я гг. яшчэ тры кнігі: “Песня згоды” (1983), “Чарадзейная скарбонка” (1987) і “Я гатую абед” (1989). Васьмідзесятые гады сталі вельмі плённымі ў творчым жыцці паэта. Адзін за другім з’яўляюцца зборнікі вершаў “Смак яблыка” (1981, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1984), “Калыска долі” (1984), “Асенняя пошта лістоты” (1987). Уласцівыя паэту філасафічнасць, інтэлектуалізацыя ў значнай меры саступілі месца лірызму. Зноў узрастае характэрная для першых двух зборнікаў паэта біяграфічнасць лірычнага “я”. У творчасці Макаля 80-х гг. моцна гучыць тэма сувязей часоў, пакаленняў, еднасці сённяшняга і вечнага ў жыцці. У канцы 80-х – сярэдзіне 90-х гг. узрастае публіцыстычнасць паэзіі Макаля. Кнігі вершаў “Азбука любві” (1989), “Лагода” (1992), “Твар і душа” (1995) пазначаны пафасам высокай грамадзянскасці, сцвярджэннем гуманістычных ідэалаў і непрыняццем негатыўных бакоў нашага жыцця. Уся паэзія Пятра Міхайлавіча вызначаецца філасофскім роздумам, асацыятыўнай выразнасцю, алегарычнасцю, выкарыстаннем сродкаў іроніі і сатыры. Высокае майстэрства П. Макаля прыцягнула ўвагу многіх замежных паэтаў і чытачоў. Творы яго перакладзены на англійскую, нямецкую, іспанскую, польскую і іншыя мовы свету. Займаўся перакладамі і сам Макаль: пераклаў на беларускую мову анталогію сучаснай славацкай паэзіі “Татры пяюць” (1976), зборнік вершаў М. Валека “Крылы”, А. Шасцінскага “Помню і люблю” (абедзве 1978) і інш.