Дата рождения:
28.10.1922 Лоеўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
22.02.2019
Краткая справка:
пісьменнік, публіцыст, выдатнік друку Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя В. Віткі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі
Псевдонимы:
Верасаў М.; Пятроў М.
Варианты имени:
Даніленка Міхась
Имена на других языках:
Даниленко Михаил Петрович (русский); Даниленко Михась (русский);
2228 символов
Справка
Міхась (Міхаіл Пятровіч) Даніленка нарадзіўся ў в. Ястрабка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігадовай школы працягваў вучобу ў Рэчыцкім педагагічным вучылішчы. У гэты ж час пачаў друкавацца ў раённай газеце «Зара камуны». У гады Вялікай Айчыннай вайны удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім фронце, трапіў у палон, але здолеў уцячы. З 1945 г. працаваў настаўнікам Казярожскай сямігадовай школы Лоеўскага раёна і Ясеньскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. Педагагічную працу сумяшчаў з літаратурнай дзейнасцю, пісаў апавяданні. У 1950 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1952 г. скончыў завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. З 1953 па 1982 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Гомельская праўда». Доўгі час кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры абласной газеце.
У творчасці М. Даніленкі адчуваецца моцны ўплыў жыццёвага вопыту і журналісцкай практыкі, значнае месца займаюць прафесійныя назіранні і ўласныя высновы. Пісаў ён у асноўным невялікія апавяданні і навелы, некаторыя з іх маюць аўтабіяграфічную аснову. Літаратурная спадчына пісьменніка прадстаўлена зборнікамі «Мая песня» (1952), «Майская навальніца» (1959), «Наваселле» (1964), «Наш дом» (1971), «Запаветны акіян» (1972), «Маці Мар’я» (1976), «Журлівіца» (1980), «Родная зямля» (1982). Ён аўтар кніг для дзяцей «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Асноўнай тэмай у творчасці М. Даніленкі з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна, якая найбольш яскрава раскрыта ў аповесцях «Альпы», «Ля Дняпра, у другім эшалоне», апавяданнях «Штраус у апраметнай», «Казік Рамашкевіч». Пісьменнік імкнецца зазірнуць у мінулае, па-новаму асэнсаваць перажытае. Шэраг апавяданняў прысвечаны Лоеўшчыне, сваім землякам, сялянскай працы, вернасці дому, роднай зямлі. Героі твораў імкнуцца жыць па агульначалавечых законах, паняццях дабра і справядлівасці, вернасці і адданасці, вырашаюць праблемы чалавечай годнасці і абавязку. Міхась Даніленка пісаў вершы, некаторыя з іх пакладзены на музыку.
Пісьменнік узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, Ганаровай граматай і дзвюма граматамі Вярхоўнага Савета БССР.