Краткая справка:
украінскі і беларускі царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік, прапаведнік, асветнік, архіепіскап Магілёўскі і Беларускі, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы
Духовные имена:
Каніскі Георгій
Варианты имени:
Каніскі Грыгорый Восіпавіч
Имена на других языках:
Конисский Георгий (русский); Конисский Григорий Осипович (русский);
3061 символ
Справка
У гісторыі развіцця беларускай культуры і літаратуры, а таксама рэлігіі вылучаецца цікавая постаць Георгія Каніскага – Магілёўскага архіепіскапа, педагога-мысліцеля, вучонага-філосафа, гуманіста-асветніка.
Нарадзіўся ён у г. Нежын на Чарнігаўшчыне. Скончыў поўны 15-гадовы курс Кіева-Магілянскай акадэміі, дзе атрымаў бліскучую па тых часах адукацыю. У 27 год прыняў у Кіева-Пячэрскай лаўры манаскі пострыг. У 1745 г. Г. Каніскі быў назначаны выкладчыкам Акадэміі, у 1747 г. ён стаў прафесарам, а з 1751 г. – яе рэктарам.
У 1755 г. Г. Каніскі прызначаецца епіскапам і пераязджае ў Магілёў. З гэтага часу ўсё яго жыццё, педагагічная і грамадская дзейнасць звязаны з Беларуссю. Адданы прыхільнік асветы Г. Каніскі абараняў права на адукацыю ўсіх слаёў насельніцтва, у тым ліку і простага народа. На Беларусі ён разгарнуў шырокую дзейнасць: заснаваў у Магілёве духоўную семінарыю; адкрыў школы і вучылішча для дзяцей гараджан і сялян; выдаваў і пісаў навуковыя і мастацкія творы, навучальныя дапаможнікі. У сваіх работах педагог-асветнік крытыкаваў крайнасці феадалізму, жорсткую эксплуатацыю і прыгнёт народа, выступаў прыхільнікам ідэй эпохі ранняга Асветніцтва. Як філосаф Г. Каніскі працягваў лепшыя традыцыі Кіева-Магілянскай акадэміі. Ён імкнуўся да вызвалення чалавечых думак ад царкоўных аўтарытэтаў і свядома стаў «на путь разрыва с традиционным, схоластизированным аристотелизмом (яго любімае выказванне – “Я следую истине, а не Аристотелю”)»*. У некаторых пытаннях вучоны адыходзіў ад тэалогіі і быў паслядоўнікам вядомых мысліцеляў М. Каперніка, Г. Галілея, М. Ламаносава, Ф. Пракаповіча. Чалавек вялікіх прыродных здольнасцей і энцыклапедычнага розуму Г. Каніскі выступаў супраць Ватыкана і Брэсцкай уніі 1596 г., супраць ваяўнічага каталіцызму. Ён заклікаў да аб’яднання Расіі, Украіны і Беларусі ў адзіную дзяржаву.
Асветніцкая і праваахоўная дзейнасць Г. Каніскага выклікала моцнае незадавальненне католікаў і уніятаў, якія чынілі перашкоды магілёўскаму епіскапу. На яго жыццё неаднаразова рабіліся замахі. З 1772 г. пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння часткі беларускіх зямель да Расіі Г. Каніскі стаў называцца епіскапам Магілёўскім, Мсціслаўскім і Аршанскім.
За плённую дзейнасць імянным указам Кацярыны II у 1783 г. Г. Каніскі быў узведзены ў сан архіепіскапа і прызначаны членам Сінода.
Разнастайная і літаратурная дзейнасць Г. Каніскага. Гістарычнымі помнікамі з’яўляюцца яго прамовы: перад каралём Станіславам (1765 г., перакладзена на еўрапейскія мовы, як прыклад абароны праваслаўнай веры); да Кацярыны II (1787 г.). Як пісьменнік Г. Каніскі вядомы трагікамедыяй “Уваскрэсенне мёртвых” (1746 г.), інтэрмедыямі і вершамі. Ён з’яўляецца аўтарам курсаў паэтыкі (“Правілы паэтычнага мастацтва”) і філасофіі (на лацінскай мове). Творы Г. Каніскага (памёр 13.02.1795 г.) ўпершыню выдадзены ў 1835 г. у Пецярбургу ў 2-х тамах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2007 г.
* Цыт. па: Памятники философской мысли Белоруссии XVII – первой половины XVIII в. / [В.В. Дубровский и др.]. Минск. 1991. С. 15.