Беларускі жывапісец Альгерд Адамавіч Малішэўскі – мастак шматграннага таленту. Яго творчасці ўласцівы адкрытая эмацыянальнасць, драматызм, імкненне да жывапісна-пластычных пошукаў. Ён адзін з тых, хто сцвярджаў сваё мастацтва ў 1960-я гг. Менавіта тады ў краіне пашыраўся тэматычны і вобразны лад усяго мастацтва, аднаўлялася і ўзбагачалася яго пластычная мова. Наватарства і аптымізм, незадаволенасць дасягнутым і пастаянны пошук – гэта і былі нормы прафесійнай і грамадскай дзейнасці А. Малішэўскага на працягу ўсяго жыцця.
Альгерд Адамавіч нарадзіўся ў Бабруйску. Тут ён вучыўся ў школе, шмат працаваў. Пасля таго, як у 1937 г. не стала бацькі, трапіў у дзетдом. У час Вялікай Айчыннай вайны А. Малішэўскі, як і многія яго таварышы, стаў на шлях партызанскай барацьбы. Яшчэ юнаком ён марыў пра вучобу ў мастацкай установе і толькі ў 1946 г. паступіў у Харкаўскі мастацкі інстытут (Украіна), дзе вучыўся ў выдатнага педагога П. Котава. Пасля заканчэння вучобы А. Малішэўскі ў 1952 г. прыехаў ў Мінск і стаў выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча (1953–1981). Педагагічная дзейнасць на вялікім адрэзку часу – гэта даволі значны бок яго творчай біяграфіі. У дзённікавых нататках А. Глобуса, які вучыўся ў А. Малішэўскага, ёсць такі запіс: “Вучыцца жывапісу і кампазіцыі ў Альгерда Малішэўскага лічылася за вялікі гонар. У Мінскай мастацкай вучэльні ён быў выкладчыкам нумар адзін… Мяняліся моды, мяняліся павевы, мяняліся куміры, а ён заставаўся першым. Гэта важна, каб вучэльня мела аўтарытэтных выкладчыкаў… Падчас маёй вучобы Мінская мастацкая вучэльня – гэта Малішэўскі”.*
Творчасць А. Малішэўскага-жывапісца праходзіла эвалюцыю ад карцін-рэпартажаў, карцін-ілюстрацый, якімі былі яго самыя першыя работы, да твораў высокага мастацкага гучання. У 1956 г. ён быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. З гэтага ж года стаў удзельнікам мастацкіх выставак: рэспубліканскіх і персанальных; асобныя работы экспанаваліся на ўсесаюзных і міжнародных мастацкіх выстаўках. На працягу 1972–1986 гг. творы А. Малішэўскага экспанаваліся ў ГДР, Вялікабрытаніі, Італіі, Канадзе, ФРГ, Эфіопіі.
Ужо першым работам мастака – пейзажам – уласцівы аналітычны падыход да жывапіснай мадэліроўкі. Менавіта ў гэтым жанры А. Малішэўскі ўпершыню ясна выразіў свае дэкаратыўна-пластычныя пошукі ў галіне мастацкай формы, а потым перанёс знойдзенае ў карціны, партрэты і нацюрморты. У такіх палотнах, як “Вуліца. Ціхі дзень” (1963), “Гурзуф” (1965), “Чырвоная паляна”(1965), “Стары Мінск” (1965) і інш. увагу гледача прыцягвае высакародная прастата і яснасць пачуццяў, дакладная перадача ў кожным канкрэтным выпадку пэўнага стану прыроды. Работа над пейзажам з‘яўлялася для мастака эксперыментальнай лабараторыяй, дзе ён змог праверыць новыя прыёмы, а потым выкарыстаць іх у іншых жанрах. У 1970 – 1980-я гг., як каларыст рэдкага таленту, А. Малішэўскі напісаў шэраг пейзажаў, прасякнутых пачуццём душэўнай усхваляванасці, святочнай прыўзнятасці: “Ялцінскі дворык. Месцы М. Багдановіча”, “Ялта. Ціхі дзень”, “Пойма Бярэзіны” (усе 1980) і інш.
Побач з творамі пейзажнага жанру мастак актыўна працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, над тэматычнымі палотнамі. Дыяпазон сюжэтна-тэматычных карцін вельмі шырокі: гераічная барацьба савецкага народа супраць фашызму, лёс беспрытульных у гады грамадзянскай вайны, падзеі сучаснасці. Гэта карціны: “Мы вернемся”(1965), “Ф.Э.Дзяржынскі. Да новага жыцця”(1967), “Клятва”(1970), “Медсёстры”(1970). Шырокую вядомасць набыло палатно “Маці” (1968). Мастацтвазнавец Б. Крэпак пісаў: «У простым эпізодзе – група ўсхваляваных жанчын і дзяцей стаяць перад пано японскіх мастакоў І. і Т. Марукі “Хірасіма” – Малішэўскі расказаў пра мір на зямлі, пра несумяшчальнасць такіх паняццяў, як вайна і жыццё, вайна і чалавечае шчасце, здолеў паказаць грамадзянскі пафас барацьбы за мір савецкіх людзей, якія прынеслі на алтар свабоды тытанічныя ахвяры. Пагляд на “Хірасіму” – пагляд і на ўласнае незабыўнае мінулае».** Пазней А. Малішэўскі напіша “Хатынь”(1971), “Маці. Пратэст супраць вайны” (1982), “Медсёстры. Мір. Перамога” (1984) і інш.
Галерэю партрэтных вобразаў мастака прадстаўляюць у асноўным людзі, блізкія і знаёмыя яму. Альгерд Адамавіч заўсёды імкнуўся паказаць сваіх герояў у тых абставінах, якія найбольш поўна характарызавалі ўнутраны свет чалавека, яго прафесійную прыналежнасць, інтарэсы, захапленне. Гэта партрэты брыгадзіра-палявода В. Прыступчыка, нейрахірурга С. Секача, мастака А. Кашкурэвіча, педагогаў Г. Лісоўскай, М. Мельячэнкі і інш. У жанры партрэта А. Малішэўскі працягваў развіваць наватарскія эксперыменты.
Творчасць Альгерда Адамавіча Малішэўскага, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1977), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўляе сабой узор пастаянных пошукаў, няспыннага імкнення да самаўдасканалення. У яго біяграфіі маецца яшчэ і такі знамянальны факт: разам з групай мастакоў-аднадумцаў у 1988 г. ім было створана творчае аб’яднанне “Няміга-17”, члены якога ставілі перад сабой задачу абнаўлення паэтыкі і пластычнай мовы айчыннага жывапісу. Яркай і неардынарнай з’явай ў кантэксце развіцця беларускай мастацкай культуры канца ХХ ст. стала стварэнне гэтага і некаторых іншых “нефармальных” аб’яднанняў мастакоў. На хвалі першых гадоў перабудовы аб іх шмат пісалі ў СМІ, на розных выставачных пляцоўках экспанаваліся іх творы. Першая выстаўка групы “Няміга-17”, якая экспанавалася ў залах Палаца мастацтваў у лютым 1988 г., “…стала нечаканасцю і нават сюрпрызам не толькі для гледачоў, але і для калег-мастакоў… Выстаўка здзівіла цэласнасцю экспазіцыі і нестандартнасцю, неардынарнасцю дараванняў, самастойнасцю меркаванняў пра час і пра сябе…”,*** – адзначаў Б. Крэпак. “Патрыярх” групы “Няміга-17” , Альгерд Адамавіч Малішэўскі, які ўжо зарабіў сабе заслужаны аўтарытэт выдатнага каларыста, прадстаўляў на выстаўцы пейзажы, партрэты, нацюрморты апошніх гадоў.
Творы А.А. Малішэўскага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.
* Глобус, А. Альгерд : словы пра мастака і настаўніка майго Альгерда Малішэўскага / А. Глобус // Маладосць. – 2007. – № 4. – С. 109.
** Крэпак, Б. Непарыўная сувязь са светам / Б.Крэпак // Літаратура і мастацтва. – 1979. –28 верасня (№ 39). – С. 13.
*** Крэпак, Б. Аднадумцы з “Нямігі – 17” / Б. Крэпак // Літаратура і мастацтва. – 1988. – 19 лютага (№ 8). – С. 12 – 13.