Дата рождения: 22.12.1922 Ліпнікі, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 08.08.2021
Краткая справка: пісьменніца, заслужаны работнік культуры Беларусі (1977), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Василевич Елена Семёновна (русский);
Алена Сямёнаўна Васілевіч, заслужаны работнік культуры Беларусі, увайшла ў гісторыю беларускай літаратуры XX ст. як пісьменнік аўтабіяграфічнай прозы.
Нарадзілася яна ў в. Ліпнікі (ранейшая назва засценак Даманшчына) Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і ляснога аб’ездчыка. У васьмігадовым узросце засталася круглай сіратой, выхоўвалася ў сваякоў. Скончыўшы ў 1937 г. сямігодку, яна паступіла ў Слуцкае педагагічнае вучылішча, у якім правучылася два гады. Пасля паехала ў Рагачоў, дзе працягвала вучобу на літаратурным факультэце настаўніцкага інстытута (закончыла ў 1941 г.). У час Вялікай Айчыннай вайны А. Васілевіч эвакуіравалася ў Арэнбургскую вобласць. Працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам у воінскай часці, загадчыцай бібліятэкі. У 1944 г. адразу пасля вызвалення Мінска вярнулася ў Беларусь. Была залічана на трэці курс філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які паспяхова скончыла ў 1946 г. З 1946 па 1950 г. А. Васілевіч жыла ў Курску, працавала літаратурным кансультантам у кніжнай рэдакцыі абласнога выдавецтва. Пасля пераезду ў Мінск загадвала аддзелам культуры ў часопісе “Работніца і сялянка” (1950–1972), рэдакцыямі літаратуры для юнацтва ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва” (1972–1983).
Пісаць А. Васілевіч пачала яшчэ студэнткай. У 1947 г. на старонках часопіса “Беларусь” была апублікавана невялічкая аповесць “У прастор жыцця” (пазнейшая назва “У прасторах жыцця”). З таго часу яе творы часта з’яўляліся ў газетах і часопісах, выходзілі асобнымі выданнямі. Асноўным жанрам пісьменніцы стала апавяданне. У цэнтры ўвагі – ваеннае і пасляваеннае жыццё людзей, праблемы іх асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць “Шляхі-дарогі” (1950), зборнікі апавяданняў “Блізкія знаёмыя” (1954), “Падслухала сэрца” (1960), “Пісар страявой часці” (1969), “Адно імгненне” (1974), “Мыс Добрай Надзеі” (1977) і інш.). Былі высока ацэнены крытыкай апавяданні і навелы “Горкі ліпавы мёд”, “Зімовая дарога”, “Марыула”, “Падгор’е”, “Пані старшыніха прыехала” і інш. Яны цікавы арыгінальнасцю выяўлення асобы аўтара, тонкасцю лірычных перажыванняў герояў, багаццем настраёвых адценняў, пластычнасцю мовы, актуальнасцю маральна-этычных праблем.
Майстэрства А. Васілевіч праявілася ў апавяданнях для дзяцей, якія пачынаючы з 1950-х гг. друкаваліся ў перыядычных выданнях, а потым увайшлі ў зборнікі “Заўтра ў школу” (1956), “Сябры” (1958), “Апавяданні” (1959). Казка “Калінавая рукавічка” (1963) увайшла ў беларускую дзіцячую класіку. У творы па-мастацку вобразна, прыгожа і мудра вырашана глабальная праблема часу – узаемаадносіны чалавека і прыроды. Сюжэты апавяданняў падказаны прыгодамі і здарэннямі, што адбыліся з дзецьмі самой пісьменніцы (“Геша”, “Цюлік”, “Арфа”, “Вернісаж”, “Як я быў доктарам” і інш.). У большасці твораў шмат гульняў, забаў, прыдумак, мілых дзіцячых спрэчак. Адной з першых у беларускай дзіцячай літаратуры А. Васілевіч узняла трывожную, актуальную праблему душэўнага сіроцтва дзяцей (апавяданне “Шурка Рэмзікаў”), дзе распавядаецца пра вельмі няпросты лёс падлетка, бацька якога не вярнуўся з вайны. Пісьменніца псіхалагічна тонка паказвае, што свет дзіцячай душы надзвычай складаны, а таму патрабуе асаблівай увагі, цеплыні, ласкі, добразычлівай патрабавальнасці. Падлетак паказаны не проста аб’ектам, а галоўнай дзеючай асобай. Ён павінен сам змагацца за сябе, прымусіць сябе пайсці тым шляхам, які патрабуе вялікай сілы волі, душэўнага напружання, і гэта думка аўтарам данесена да юных чытачоў хвалююча і проста.
Творчая індывідуальнасць А. Васілевіч асабліва ярка выявілася ў тэтралогіі “Пачакай, затрымайся...”, што асобным выданнем выйшла ў 1972 г. У яе ўвайшлі аповесці “Расці, Ганька” (1966), “Доля знойдзе цябе” (1967), “Новы свет” (1968), “Пачакай, затрымайся...” (1970). У 1976 г. тэтралогія была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР. Праз асабістае перадаюцца тут тыповыя рысы жыцця беларускай вёскі 1920–30-х гг. Па-мастацку ўзноўлены пейзажы, характэрныя асаблівасці побыту, працы, рытуалаў, беларускіх свят. Ва ўсім гэтым выяўляюцца шчодрасць таленту аўтара, аналітызм. Аповесці – адны з лепшых аўтабіяграфічных твораў беларускай літаратуры.
Працавала А. Васілевіч і ў жанры псіхалагічнага апавядання. Цікавым штрыхом, які пазначае яшчэ адну грань яе творчага аблічча, з’яўляецца зварот да паэзіі (вершаваны цыкл “Радкі – без часу”). Гэта вяртанне да вытокаў, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, вызначэнне свайго месца ў свеце. Алена Сямёнаўна вядома таксама як публіцыст, нарысіст, крытык, майстар літаратурных партрэтаў, эсэ, аўтар праблемных артыкулаў па пытаннях мастацкага майстэрства, аб стане і задачах беларускай дзіцячай літаратуры і інш. У зборніку “Люблю, хвалююся – жыву...” (1986) яна заявіла пра сябе як крытык, які даследуе праблемы развіцця літаратуры. Невялікія па памеры творы зборніка “Элегія” (1988) адценены пачуццём светлага смутку, цёплым гумарам, філасофскім роздумам. Пераклала на беларускую мову такія вядомыя творы, як “Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза” Д. Дэфо, “Паручык Кіжэ” Ю. Тынянава, “Гусі-лебедзі ляцяць” М. Стэльмаха, “Хлопчык Мотка” Шолама-Алейхема, “Зялёная мая калыска” Г. Башырава і інш. Творы пісьменніцы перакладаліся на літоўскую, латышскую, малдаўскую, рускую і іншыя мовы.
Шмат гадоў А. Васілевіч уваходзіла ў склад Усесаюзнага савета па дзіцячай і юнацкай літаратуры, неаднаразова выбіралася ў праўленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, праўленне Літфонду Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі, шматлікімі ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.