Беларускі харавы дырыжор і педагог Мікалай Фёдаравіч Маслаў нарадзіўся ў Алтайскім краі (Расія). З дзяцінства захапляўся музыкай, выдатна іграў на балалайцы, гармоніку, гітары. Па прапанове школьнага настаўніка ў 1929 г. прыехаў у г. Омск і паступіў у музычны тэхнікум (цяпер Омскае музычнае вучылішча імя В.Я. Шабаліна), пазнаёміўся з маладым выкладчыкам тэорыі музыкі Рыгорам Пукстам. У 1939 г. скончыў Маскоўскую кансерваторыю (цяпер Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П.І. Чайкоўскага) па класе прафесара П.Р. Часнакова. Маладога харавога дырыжора вучылі вядомыя спецыялісты гэтай справы прафесары А. Аляксандраў, М. Данілін, А. Нікольскі, Г. Дзмітрыеўскі і інш.
У 1940 г. Мікалай Фёдаравіч пераязджае ў Мінск і пачынае актыўную прафесійную працу ў якасці выкладчыка кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), адначасова працуе з хорам Беларускага радыёкамітэта. Яго педагагічная дзейнасць была прыпынена вайной.
З 1944 па 1976 гг. М.Ф. Маслаў працягваў працу ў кансерваторыі. У пасляваенныя гады музыкант працаваў з хорам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь), кіраваў хорам Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), жаночым хорам Акруговага дома афіцэраў (цяпер Цэнтральны Дом афіцэраў), у 1945–1949 гг. з’яўляўся загадчыкам аддзялення харавога дырыжыравання Мінскага музычнага вучылішча (цяпер Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі). З 1977 г. Мікалай Фёдаравіч – выкладчык Мінскага інстытута культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў).
Найбольш яскрава харавы дырыжор праявіў сябе ў працы з дзіцячым хорам Рэспубліканскай музычнай школы-дзесяцігодкі пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага (цяпер Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), якому прысвяціў 20 гадоў свайго жыцця (1947–1967). Хор, у якім удзельнічала звыш 200 юных спевакоў, пад кіраўніцтвам М.Ф. Маслава вызначаўся чысцінёй інтанацыі, яркімі градацыямі гучання, эмацыянальнасцю выканання. Калектыў з поспехам удзельнічаў у Другой дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1955), па выніках якой школа была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР. У гэтым жа годзе педагогу было прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”. Вучні М.Ф. Маслава, сярод якіх заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Канстанцін Паплаўскі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Адам Чопчыц, заслужаны артыст Беларусі Якаў Яравой і шэраг іншых, працавалі ў розных гарадах Беларусі і за яе межамі.
На працягу ўсяго жыцця М.Ф. Маслаў захапляўся мастацкай самадзейнасцю, сістэматычна аказваў метадычную дапамогу яе ўдзельнікам, арганізоўваў масавыя святы песні. У мастацкім асяроддзі ён вядомы як вялікі энтузіяст харавога спявання, нястомны прапагандыст лепшых народных песенных скарбаў, твораў савецкіх кампазітараў і класікі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.