Краткая справка:
жывапісец, тэатральны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, удзельнік грамадзянскай вайны
Варианты имени:
Звінагародскі Барыс Фёдаравіч
Имена на других языках:
Zvinagarodsky Barys Fiodaravitch (английский); Звиногродский Борис Фёдорович (русский);
3088 символов
Справка
Сярод таленавітых мастакоў Беларусі, прызнаных майстроў лірычнага пейзажа адметнае месца займае Барыс Фёдаравіч Звінагродскі.
Нарадзіўся ён у г. Артвіне Кутаіскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Турцыя) у сям’і адваката. З дзесяцігадовага ўзросту навучаўся маляванню ў прыватных мастацкіх студыях Харкава і Масквы, куды пераязджала сям’я па службовых абавязках бацькі. Пасля заканчэння гімназіі паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова ўдасканальваў свае мастацкія навыкі ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў класе вядомага расійскага жывапісца А. Архіпава. У гады Першай сусветнай вайны прызваны ў армію. Прайшоў навучанне ў Гатчынскай ваеннай авіяцыйнай школе, удзельнічаў у баях, быў паранены. Некаторы час служыў дабравольцам у Чырвонай арміі.
Пасля дэмабілізацыі ў пачатку 1920-х гг. Б. Звінагродскі жыў у Гомелі. Выкладаў у школах, тэхнікумах і выяўленчых студыях горада. Шмат маляваў (карціны даваеннага перыяду не захаваліся). З 1925 г. удзельнічаў у выстаўках, у 1929 г. стаў членам Усебеларускай асацыяцыі мастакоў. У 1938 г. быў запрошаны на працу галоўным мастаком у створаны ў Гомелі рэспубліканскі тэатр лялек, прайшоў стажыроўку ў Маскоўскім тэатры лялек пад кіраўніцтвам С. Абразцова. У гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў з сатырычным выданнем «Раздавім фашысцкую гадзіну», прымаў удзел у мерапрыемствах агітбрыгад.
У 1945–1949 гг. Барыс Фёдаравіч з’яўляўся галоўным мастаком тэатра лялек. Выканаў эскізы дэкарацый да спектакляў «Дзед і Жораў» В. Вольскага (1945), «Канёк-Гарбунок» паводле П. Яршова (1946), «Казка пра цара Салтана» паводле А. Пушкіна (1947) і інш. Аформіў пастаноўкі Гомельскага народнага тэатра Палаца культуры чыгуначнікаў «На тым баку» Л. Баранава (1948), «Снежная каралева» паводле Х.К. Андэрсена (1948), «Глыбокія карані» Дж. Гоу і А. Д’Юса (1950), «Два капітаны» паводле В. Каверына (1953), «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (1955), «Каралеўства крывых люстэркаў» А. Успенскага і В. Губарава (1957) і інш. У 1946 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР.
Як пейзажыст Б. Звінагродскі ў сваёй творчасці працягваў традыцыі рускай мастацкай школы. Яго палотны вызначаюцца глыбокім рэалізмам і дакументальнай праўдзівасцю. Большасць пейзажаў майстар пісаў з натуры. Часта маляваў горад і яго ваколіцы: «На ўскраіне Гомеля» (1944), «Аднаўленне моста ў Гомелі» (1946), «Гомельскі тэатр» (1955), «Зімовы дзень» (1959). Вялікі цыкл работ прысвяціў рацэ Сож: «Раніца на Сожы» (1945), «Каля прыстані» (1947), «Баржы на Сожы» (1949), «Сож каля суднарамонтнага завода» (1951), «Сож. Лёд прайшоў» (1960). Сярод іншых карцін «Нацюрморт. Вяргіні» (1951), «На рацэ Іпуць» (1955), «Прыцемкі на Прыпяці» (1963), «Мірнае неба» (1964), «Зеляніна. Май» (1967), «Уборка сена» (1972). Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. У 1956 г. за заслугі ў развіцці беларускай культуры Б. Звінагродскаму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.