Дата рождения: 05.03.1896 Нізок, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 07.01.1991
Краткая справка: драматург, байкапісец, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, народны пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941, 1951, 1971), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1974), Герой Сацыялістычнай Працы (1975), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна (1940, 1948, 1966, 1975), удзельнік Першай сусветнай, савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Гродне, Уздзе, Смаргоні
Псевдонимы: Астапчук; Крапива Кондрат; Крапіва Кандрат; М. Доўгі
Имена на других языках: Атрахович Кондрат Кондратьевич (русский);
Кандрат Кандратавіч Крапіва (сапраўднае прозвішча Атраховіч) – класік беларускай літаратуры, якому былі падуладны розныя жанры. Драматург, празаік, байкапісец, мовазнавец, ён здзіўляў чытачоў сваім талентам, які найбольш ярка раскрыўся ў сатырычных творах.
Нарадзіўся К. Крапіва ў в. Нізок Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння царкоўнапрыходскай школы вучыўся ў Уздзенскім народным вучылішчы, потым у Стаўбцоўскім і Койданаўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах. У 1913 г. экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і восенню 1914 г. пачаў працаваць у школе в. Мнішана (Пяршайская воласць Мінскага павета). У жніўні 1915 г. К. Крапіва быў прызваны ў царскую армію і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у сакавіку 1916 г. Служыў узводным афіцэрам у запасным батальёне ў г. Асташкаве Цвярской губерні, потым ваяваў на Румынскім фронце. У студзені 1918 г. К. Крапіва дэмабілізаваўся і ў лютым вярнуўся ў родную вёску. Працаваў на гаспадарцы, некаторы час выкладаў у пачатковай школе в. Каменка. У жніўні 1920 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі (кастрычнік 1923 г.) настаўнічаў у в. Астравок. У 1925 г. пераехаў у Мінск. Працуючы інструктарам у Цэнтральным бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, К. Крапіва шмат ездзіў па Беларусі, што спрыяла знаёмству з беларускай культурай, яе асаблівасцямі, традыцыямі, побытам насельніцтва. Ён прымаў актыўны ўдзел у літаратурным жыцці рэспублікі: друкаваў свае першыя творы ў перыядычных выданнях, далучыўся да маладнякоўцаў, потым стаў намеснікам старшыні літаратурнага аб’яднання «Узвышша». У 1926 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1930 г. Да канца 1931 г. працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве БССР. Потым загадваў аддзелам у часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932–1936). У 1934 г. К. Крапіва стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. На працягу некалькіх гадоў займаўся літаратурнай працай. У верасні 1939 г. зноў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у паходзе за вызваленне Заходняй Беларусі і савецка-фінляндскай вайне (1939–1940). Пасля дэмабілізацыі К. Крапіва актыўна ўключыўся ў работу АН БССР. У 1940 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам. У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь», якая выходзіла ў баявых умовах на розных франтах. З сакавіка 1943 г. і да канца вайны К. Крапіва з’яўляўся адказным рэдактарам сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945 г. узначаліў часопіс «Вожык». У 1947 г. пакінуў журналісцкую працу і перайшоў у АН БССР. Да 1952 г. загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва. У 1950 г. стаў акадэмікам АН БССР, у 1953 г. – доктарам філалагічных навук. У 1952 г. пры акадэміі быў створаны Інстытут мовазнаўства, дырэктарам якога прызначылі К. Крапіву. З 1956 па 1982 г. ён з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Займаўся адміністрацыйнай, арганізацыйнай і навуковай работай, у 1982–1989гг. быў вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа. Кандрат Крапіва шмат зрабіў для развіцця беларускага мовазнаўства. Ён рэдагаваў «Дыялектычны атлас беларускай мовы» (1963), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1–2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1–2, 2-е выд. 1988–89), узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Пісьменнік актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці рэспублікі. Ён неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1946 г. у складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у рабоце 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Лондане.
Творчую літаратурную дзейнасць К. Крапіва пачаў як паэт-сатырык. Пісаў на рускай мове. Яго першыя вершаваныя фельетоны былі надрукаваны ў газеце «Красноармейская правда» ў 1922 г. Асноўная іх тэма – міжнародныя падзеі, жыццё вайскоўцаў, грамадзянская вайна, абарона краіны. У маі гэтага ж года ў газеце «Савецкая Беларусь» быў апублікаваны на беларускай мове верш «Сваты». На першым этапе асноўнымі жанрамі творчасці К. Крапівы сталі байкі і сатырычныя вершы, многія з якіх увайшлі ў зборнікі «Асцё» і «Крапіва» (1925), «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» і «Ухабы на дарозе» (1930), «Калючы строй» (1932), «Смех і гнеў» (1946), «Жаба ў каляіне» (1957) і інш. У сатырычных творах пісьменнік высмейваў і выкрываў бескультур’е, плёткі, п’янства, шарлатанства, ганарлівых невукаў, зладзеяў, падхалімаў і інш. Яскравасць, афарыстычнасць аўтарскага слова асабліва прыкметны ў яго байках, якія сталі ўзорам гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Лепшыя з іх – «Вол і Авадзень», «Варона-мітынгоўшчыца», «Сука ў збане», «Каршун і цецярук», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца» і іншыя – увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Яны і сёння захапляюць сваёй мудрасцю, прыгажосцю мовы, свежасцю мастацкіх форм. Побач з байкамі, сатырычнымі вершамі і фельетонамі К. Крапіва напісаў некалькі паэм: «Біблія» (1926), «Шкірута» (1928), «Хвядос – Чырвоны нос» (1931) і інш. У ранні перыяд творчасці ён паспяхова працаваў і ў галіне прозы. У гэтым кірунку асноўным жанрам дзейнасці пісьменніка сталі сатырычныя апавяданні. Некаторыя з іх увайшлі ў зборнікі «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930) і інш. У празаічных творах К. Крапіва высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў прапагандыстам новага ўкладу жыцця, закрануў антырэлігійную і міжнародную тэмы. У пачатку 1930-х гг. прыступіў да напісання рамана «Мядзведзічы» (застаўся незавершаным), у якім паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Твор прываблівае псіхалагічнай праўдзівасцю характараў, яркасцю каларытных бытавых сцэн і жанравых карцін, глыбінёй разумення сацыяльнай складанасці і супярэчнасцей вясковай рэчаіснасці таго часу. Найбольш значнае месца ў творчасці К. Крапівы займае драматургія. Першая п’еса пісьменніка «Канец дружбы» была напісана ў 1933 г. У рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматычны твор яна атрымала другую прэмію. У 1937 г. з’явілася драма «Партызаны», у якой паказана героіка барацьбы беларускага народа ў перыяд грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў псіхалагічных драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (1948), «Людзі і д’яблы» (1958). У канцы 1930-х гг. пісьменнік звярнуўся да жанру камедыі. Талент К. Крапівы-сатырыка раскрыўся на поўную моц у п’есах «Хто смяецца апошнім» (1939, Дзяржаўная прэмія СССР 1941), «Мілы чалавек» (1945), «Пяюць жаваранкі» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1951). Вялікім дасягненнем драматурга стала камедыя «Брама неўміручасці» (1972, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1974), у якой аўтар востра паставіў пытанне аб сэнсе жыцця, месцы чалавека на зямлі. Выведзеныя ў ёй персанажы працягваюць галерэю сатырычных вобразаў, якія прадстаўлены ў ранейшых п’есах драматурга. Поспехам у публікі карысталася апошняя драма пісьменніка «На вастрыі» (1982). П’есы К. Крапівы не страцілі сваёй злабадзённасці, актуальнасці і сёння ўваходзяць у рэпертуар многіх тэатраў.
Творчая, навуковая і грамадская дзейнасць К. Крапівы адзначана многімі ганаровымі ўзнагародамі. Ён народны пісьменнік БССР (1956), лаўрэат Дяржаўных прэмій СССР (1941, 1951, 1971), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974), Герой Сацыялістычнай Працы (1975), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978); кавалер чатырох ордэнаў Леніна (1940, 1949, 1966, 1975), Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Дружбы народаў (1984), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985). У 1992 г. імя К. Крапівы прысвоена Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі і Уздзенскай сярэдняй школе № 2. На доме ў Мінску, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. У 1983 г. зняты дакументальны фільм «Кандрат Крапіва», у 2011 г. – мастацка-публіцыстычны «Загадкі дзеда Кандрата». У 2016 г. на Беларускім радыё адбылася прэм’ера радыёспектакля «Пісьмы, вернутыя з небыцця», прысвечанага невядомым старонкам біяграфіі пісьменніка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.