Краткая справка:
жывапісец, педагог, народны мастак Беларусі
Имена на других языках:
Volkau Valyantsin Viktaravitch (не определен); Волков Валентин Викторович (русский);
3917 символов
Справка
Валянцін Віктаравіч Волкаў быў вялікім прафесіяналам сваёй справы. Працаваў заўсёды мэтанакіравана. Яго дзейнасць адпавядала запатрабаванням часу. Многія гады жыцця мастак прысвяціў педагагічнай дзейнасці, аддаючы свой багаты вопыт і веды маладым талентам.
Нарадзіўся В. Волкаў у г. Яльцы Арлоўскай губерні (зараз Ліпецкая вобласць, Расія). Паходзіў з сям’і іканапісцаў. У 1907 г. скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча; у 1907–1915 гг. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Яго педагогамі былі такія выдатныя майстры, як К. Савіцкі, В. Савінскі, П. Чысцякоў. З 1919 г. жыццё В. Волкава звязана з Беларуссю. Тут ён працаваў у народным мастацкім вучылішчы г. Веліжа. Разам са сваімі калегамі распачаў арганізацыйную работу па стварэнні Віцебскага мастацкага тэхнікума, а з 1923 г. працаваў у ім. З гэтага ж года В. Волкаў з’яўляўся ўдзельнікам выставак. З 1953 г. выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Працаваў В. Волкаў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Перад пачаткам работы над творам ён дасканала прадумваў кожны вобраз, кожную дэталь. Найбольш значнымі раннімі работамі мастака з’яўляюцца кампазіцыі гістарычнага і бытавога зместу “Кастусь Каліноўскі” і “Барыкады” (1923), “Малатабоец” (1926), “Плытагоны” (1927), “Перадача вопыту” (1937), у якіх праявілася высокая прафесійная падрыхтоўка жывапісца. Дзейнасць В. Волкава ў даваенны час была надзвычай шырокай: ён стварыў манументальна-дэкаратыўны фрыз “Грамадзянская вайна ў Беларусі” (1937) для інтэр’ера беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве; партрэты “У. І. Ленін” (1926), “Дзяўчынка ў блакітным” (1933); пейзажы “Від Віцебска” (1920), “Дзвіна” (1925). Валянцін Віктаравіч напісаў шэраг партрэтаў беларускіх літаратараў: М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і інш. Мастак знаходзіў выразныя вобразныя рашэнні, імкнуўся да складаных псіхалагічных характарыстык паказаных асоб. У 1930-х гг. В. Волкаў плённа працаваў над афармленнем кніг. Ён выканаў серыі ілюстрацый да паэмы А. Александровіча “Шчаслівая дарога” і казкі А. Якімовіча “Каваль Вярнідуб” (1936). Упэўнены малюнак, выкананы штрыхом і маляўнічай лініяй, непаўторнасць кампазіцыйных рашэнняў сведчаць аб высокім майстэрстве аўтара. У ілюстрацыях да казкі “Каваль Вярнідуб” В. Волкаў некалькі змяніў і графічную манеру, і вобразныя трактоўкі персанажаў, ідучы ўслед тэксту. Яго вабіла магчымасць стварыць займальныя, шматпланавыя кампазіцыі з увядзеннем элементаў пейзажа, паказаць герояў з некаторым адценнем гумару, які амаль заўсёды меў добразычлівы характар.
Карціны В. Волкава ў большасці сваёй прысвечаны гісторыка-рэвалюцыйнаму мінуламу Беларусі. Ім характэрны жыццёвая праўдзівасць, складаная кампазіцыйная пабудова, стрыманая колеравая гама. Асноўную частку творчай спадчыны мастака складаюць жывапісныя і графічныя эцюды, эскізы да карціны “Мінск. 3 ліпеня 1944 г.” (1944–1955). Больш за 10 гадоў ён ствараў гэта сапраўды грандыёзнае палатно. Знамянальны дзень, сустрэчу з героямі-пераможцамі, сведкам якой ён быў, В. Волкаў адлюстраваў у выніку дасканалага пераасэнсавання, доўгіх разваг. Сюжэт карціны ўражвае веліччу духу, верай у светлую, мірную будучыню. Радасць вызвалення, удзячнасць вызваліцелям заключае ў сабе кожны вобраз. Сярод палотнаў, выкананых у пасляваенны час, вылучаюцца “Партрэт Каланадзэ-Разуваева” (1946), “Партрэт акадэміка Д. Маркава” (1960). Увага да вобразаў вучоных была выклікана размахам сацыялістычнага будаўніцтва, узмацненнем навукі ў прагрэсіўным развіцці грамадства. Вобразы сучаснікаў, адданых сваёй прафесіі, смелых, гатовых да працоўнага подзвігу, знайшлі адлюстраванне ў “Партрэце кранаўшчыцы Н. І. Тамашовай” (1960).
За заслугі ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва В. Волкаву было прысвоена ганаровае званне народнага мастака БССР. Ён быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі.