Асноўнае месца ў творчасці Аляксея Аляксандравіча Зарыцкага займае паэзія. Яго вершы вылучае высокая культура, выдатнае веданне роднага слова, багацце зместу. Многія ідэі і вобразы, выкарыстаныя ў творах, А. Зарыцкі чэрпаў з глыбокіх фальклорных крыніц.
Нарадзіўся ён у мястэчку Хоцімск (зараз гарадскі пасёлак) Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і служачага. Ранняе маленства прайшло ў вёсцы Асцерманск пад Жлобінам, потым сям’я жыла ў вёсцы Забалацці каля Рагачова, затым у Рагачове. Вобраз гэтага прыдняпроўскага гарадка шматразова паўставаў у вершах і лірычных творах паэта. У час вучобы ў школе пасябраваў з А. Сінічкіным (А. Жаўруком). Разам яны выдавалі гумарыстычную газету “Смех і слёзы”, дэкламавалі сатырычныя куплеты, называючы сябе Кіка і Кока. З 1927 г. паэт знаходзіўся ў Бабруйску. Перад тым як канчаткова вызначыцца ў планах на будучае, паспеў шмат дзе папрацаваць. Быў чорнарабочым на цагельні, сарціроўшчыкам лесу на прыстані, памочнікам жывёлавода ў саўгасе, электраманцёрам Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбіната. У 1931 г. пераехаў у Маскву, дзе працаваў электраманцёрам на аўтазаводзе. Праз год паступіў на нямецкі факультэт Маскоўскага інстытута замежных моў. Пасля заканчэння А. Зарыцкаму прапанавалі пасаду асістэнта на кафедры нямецкай мовы. На гэты перыяд прыпадае сяброўства з рускім паэтам А. Твардоўскім. Пра яго ўплыў на сябе Аляксей Аляксандравіч расказаў у сваіх успамінах “Слова-падарунак”, вершы “Сустрэчы з паэтам”. У 1938 г. А. Зарыцкага прызвалі ў армію, якой ён аддаў восем гадоў свайго жыцця. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Арлом і Масквой, на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. З 1946 г. паэт жыў і працаваў у Мінску. Быў супрацоўнікам, загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”, а з 1954 г. пачаў актыўна займацца творчай працай.
Да вайны А. Зарыцкі друкаваўся мала. Яго паэтычны дэбют адбыўся ў 1927 г. пры садзейнічанні М. Лынькова. У 1932 г. Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі выпусціла першы зборнік “Эпічныя фрагменты”, дзе выразна адчулася схільнасць А. Зарыцкага да апавядальнасці – вызначальнай рысы яго творчасці. Другі паэтычны зборнік “Дняпроўскае рэха” быў надрукаваны ў 1946 г., адразу пасля дэмабілізацыі. Творы кнігі прысвечаны тэме вайны, у іх гучыць адданасць, мужнасць воінаў-патрыётаў, чаканне вызвалення, радасць вяртання ў бацькоўскі край. Услед за гэтым выходзяць новыя зборнікі паэта “Арліная крыніца” (1947), “Наш сын” і “Світанскія сады” (1950), “Вершы і паэмы” (1952), “Залатое дно” (1955), “Праз бурныя парогі” (1957). У некаторых з іх таксама адчуваецца водгулле былых баёў, праслаўляецца самаахвярнасць, гераічныя подзвігі салдат:
Кажуць, там, дзе Гастэлава сэрца
Перастала, успыхнуўшы, біцца, –
На тым месцы сягоння ліецца
З глыбіні нечапанай крыніца.
Вербы ўзнялі над ёй свае шаты
І ваду з яе п’юць арляняты.
Арліная крыніца
Менавіта з гэтым вершам у тагачасных аматараў беларускай паэзіі асацыявалася імя А. Зарыцкага. І ўсё ж большая частка вершаў паэта прысвечана мірнай рэчаіснасці, у іх закранаюцца тэмы працы, кахання, узаемаадносін чалавека і прыроды, гучыць роздум аб трывогах неспакойнага часу, паказана імкненне чалавека да ведаў, пазнання таямніц сусвету. Стрыманасць у выяўленні пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філасофскі сэнс у звычайных з’явах – асноўныя рысы паэзіі А. Зарыцкага. Смеласць і дакладнасць думкі яго верша сведчаць аб шырокім дыяпазоне мыслення, уменні пісаць творы глыбокія па змесце і шырокія па ахопе падзей. Плённасць пошукаў аўтара выявілася ў кнігах паэзіі “Размова з сэрцам” (1961), “Вяртанне на Зямлю” (1966), “Мая асяніна” і “У дарогу” (1973), “Каля вячэрняга кастра” (1979), “Трывожная госця” (1986). Ён таксама аўтар гумарыстычных і сатырычных твораў, змешчаных у зборніках “Пасылка ў рай” (1960), “Талоны на бяссмерце” (1974). Вядомы А. Зарыцкі і як празаік. У 1965 г. выйшла кніга апавяданняў на рускай мове “Вересковый мед”, у якой аўтар праілюстраваў уменне ствараць каларытныя характары, пластычныя пейзажы. Дзякуючы глыбокаму веданню замежнай культуры, літаратуры А. Зарыцкі стаў сапраўдным майстрам беларускага мастацкага перакладу. Перакладаў творы з рускай, украінскай, літоўскай, нямецкай і іншых моў. Лепшыя яго працы ўвайшлі ў кнігу “У свет па песні” (1978). Асобнымі выданнямі выйшлі зборнік А. Туманяна “Казкі і легенды” (1958), паэма К. Данелайціса “Чатыры пары года” (1961), балада А. Міцкевіча “Свіцязянка” (1976).
Аляксей Зарыцкі – адзін з тых паэтаў, якія вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У свой час яго творчасць высока цанілі А. Куляшоў, А. Пысін, М. Ціханаў, П. Тычына і інш. Двухтомнікі выбраных твораў А. Зарыцкага двойчы выходзілі пры жыцці паэта, у 1969 і 1981 гг.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.