Вялікую і складаную жыццёвую і творчую школу прайшоў вядомы беларускі мастак Канстанцін Міхайлавіч Касмачоў. Ён нарадзіўся ў сяле Мікуліна на Смаленшчыне. У 1919 г. стаў вучнем Руднянскай сярэдняй школы, дзе з захапленнем займаўся маляваннем. У 1928 г. паспяхова здаў экзамены ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Юнаку давялося вучыцца ў такіх вядомых мастакоў, як М. Эндэ і В. Руцай, якія вучылі патрабавальным адносінам да сябе і любімай справы. У 1938–1940 гг. К. Касмачоў займаўся на двухгадовых курсах павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску.
Пачаткам сваёй творчай біяграфіі мастак заўсёды лічыў 1940 г., калі на Усесаюзнай выстаўцы з’явілася карціна “У падпольнай друкарні”, якая стала прыкметнай вехай у беларускім жывапісе. Гэтай работай К. Касмачоў прадэманстраваў сваю творчую сталасць. У час Вялікай Айчыннай вайны К. Касмачоў добраахвотна пайшоў на фронт. Быў цяжка паранены, аднак пасля лячэння ў шпіталі ізноў вярнуўся да баявых сяброў. У гэты цяжкі час мастак не забываў аб сваім прызначэнні і кожную свабодную хвіліну аддаваў накідам і замалёўкам. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Мінск, пэўны час працаваў выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава). Выхаванцы ўспамінаюць свайго педагога з любоўю і ўдзячнасцю.
Творчасць К. Касмачова заўсёды была шматпланавай. Мастак звяртаўся да тэм сучаснасці і гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыкі, паспяхова працаваў у жанры сюжэтна-тэматычнай карціны, пісаў пейзажы, нацюрморты. Асобнае месца ў яго творчасці займаў пейзаж. Усе работы выкананы з адмысловым мастацкім густам, вызначаюцца паэтычнымі адносінамі да прыроды, абуджаюць у гледачоў любоў да роднай прыроды. Невялікія па памеры, пейзажы адрозніваюцца мяккасцю каларыту, паэтычнасцю светаўспрымання. Шэраг пейзажаў прысвечаны помнікам старажытнай архітэктуры Беларусі: “Нясвіж. Замак”, “Мірскі замак”, “Слуцкая брама” (усе 1967); “Ускраіна Лагойска” (1968); “Белая вежа” (1974) і Расіі: “Пскоў. Грымучая вежа”, “Масква. Крэмль”, “Загорск. Троіцкі сабор” (усе 1968). Значнае месца ў творчасці жывапісца займаюць лірычныя пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам: “Першая зелень”, “Бэзавы май”, “Раўбічы ў кастрычніку”, “На Вячы”, “Вясна прыйшла”, “Бацькоўскі дом. Мікуліна”, “Мікулінскія ўзгоркі”, “Белавежская пушча”, “Верасень”, “Рабіны” (усе 1966–1976). Работы напісаны з незвычайнай цеплынёй, замілаваннем прыгажосцю роднага краю.
Мастаком напісаны шэраг твораў на сюжэты жыцця вясковых жыхароў. Да найбольш значных работ можна аднесці “Калгасны статак” (1948), “На калгасным пчальніку” (1950), “Звозяць канюшыну” (1955), трыпціх “Рэчыцкая лірычная”(1962–1964). Сярод графічных работ жывапісца вызначаюцца “Аўтапартрэт” (1969), “Партрэт маці” (1969), “Партрэт Я. Коласа” (1983).
К. Касмачоў стварыў серыю карцін, прысвечаных У.І. Леніну. Першай па часе работай мастака на гісторыка-рэвалюцыйную тэму была карціна “У падпольнай друкарні” (1940), якая і стала своеасаблівым пралогам серыі твораў, прысвечаных У.І. Леніну. Лепшымі работамі мастака сталі: “Напярэдадні”(1959; варыянты 1961, 1985), трыпціх “Незабыўнае”(1962), “Зара” (1962), “Паплечнікі”(1974).
12 красавіка 1963 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за заслугі ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва Канстанціну Міхайлавічу Касмачову было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР. Мастак узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Творы К. Касмачова знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Некалькі яго пейзажаў і карціну “Напярэдадні” набыла Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.