Вітка Васіль (сапраўднае Крысько Цімох Васільевіч)
Дата рождения:
16.05.1911 Еўлічы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
05.07.1996
Краткая справка:
паэт, пісьменнік, крытык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972)
Псевдонимы:
Витка Василь; Вітка Васіль; Цімскі В.
Варианты имени:
Крысько Цімох Васілевіч
Имена на других языках:
Крысько Тимофей Васильевич (русский);
5121 символ
Справка
Таленавіты чалавек, прафесійны майстар, Васіль Вітка (Цімох Васілевіч Крысько) уражвае сваёй шматаблічнай літаратурнай дзейнасцю. Ён пісаў вершы, апавяданні, п’есы, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. Васіль Вітка па праву лічыцца заслужаным паэтам, цудоўным казачнікам. Усё напісанае пісьменнікам для дзяцей вызначаецца не толькі высокім мастацкім узроўнем, але і гуманістычнай сутнасцю. Сваімі творамі аўтар вучыць дзяцей любіць родную мову, дапамагае разабрацца ў разуменні дабра і зла, імкнецца выхаваць іх актыўнымі, эмацыянальнымі людзьмі. Вершы, казкі, загадкі В. Віткі, выходзячы з друку, адразу пераходзілі ў шэраг хрэстаматыйных. Іх і зараз выкарыстоўваюць у падручніках і дапаможніках.
Нарадзіўся Васіль Вітка ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі ён паступіў у Слуцкую прафтэхшколу, дзе атрымаў спецыяльнасць слесара (1928), і пачаў працаваць на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце – адной з першых у тыя гады новабудоўляў у Беларусі. Супрацоўнічаў у заводскай шматтыражцы, рэдакцыях абласных, а потым і рэспубліканскіх газет “Чырвоная змена” (1935–1937), “Літаратура і мастацтва” (1937–1938), у часопісе “Полымя рэвалюцыі” (1938–1939). У 1940–1941 гг. быў сакратаром Беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў Беларусі, працаваў у рэдакцыях газеты “Савецкая Беларусь”, сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”, сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. З часу ўтварэння часопіса “Беларусь” (1944) В. Вітка стаў яго адказным сакратаром. З 1948 г. быў намеснікам рэдактара, а з 1951 г. галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957 г. узначаліў беларускі дзіцячы часопіс “Вясёлка”. На пасадзе галоўнага рэдактара ён плённа працаваў 17 гадоў.
Друкавацца В. Вітка пачаў у 1928 г. Першы зборнік вершаў “Гартаванне” быў выдадзены ў 1944 г. у Маскве. Затым выйшлі кнігі “Поўдзень” (1946), “Ружа і штык” (1958), “Праводзіны лета” (1972), “Вышыні святла” (1977). Паэзія вызначаецца грамадзянскім пафасам. Асноўныя яе матывы – услаўленне подзвігу чалавека ў Вялікую Айчынную вайну, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі. Ён аўтар п’ес “Прамень будучыні” (1947) – пра калгаснае пасляваеннае жыццё – і “Шчасце паэта” (1950) – пра беларускага народнага песняра Янку Купалу. Апошняя атрымала сцэнічнае ўвасабленне ў тэатры імя Я. Купалы (1952). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатырычныя вершы, пародыі, эпіграмы (“Для дома, для альбома і трохі для эпохі”, 1983).
Васіль Вітка найбольш вядомы як дзіцячы паэт. Вялікай творчай удачай стала казка “Вавёрчына гора” (1948). Дзякуючы займальнасці, гумару, якія ўласцівы гэтаму твору, казка стала адной з самых любімых у дзяцей. Яна перакладзена на рускую, украінскую, малдаўскую, літоўскую і іншыя мовы. Шчаслівы лёс напаткаў і другую казку В. Віткі “Буслінае лета” (1957). Тут ёсць і казачнае, і рэальнае; мова насычана народнымі і створанымі самім аўтарам прыказкамі, крылатымі выразамі, афарызмамі. Затым амаль адна за адной выйшлі кнігі “Казка пра цара Зубра” (1960), “Зайчык-вадалаз” (1962), “Дударык” (1964), “Азбука Васі Вясёлкіна” (1965), “Чытанка-маляванка”, “Беларуская калыханка” (абедзве 1971) і інш. Творчасць В. Віткі для дзяцей – свет чарадзейства, хараства, незвычайных прыгод, прывабнай гармоніі гукаў і фарбаў. Яго складанкі-чытанкі, песні-калыханкі, байкі-самаграйкі, жарты-перакруткі, загадкі, лічылкі напоўнены жывымі вобразамі, нечаканымі кантраснымі словамі, парадаксальнымі аналогіямі. Таленавіта выкарыстоўваюцца ў дзіцячых творах традыцыі беларускага фальклору, да якога ён ставіўся з вялікім захапленнем.
Васіль Вітка выдаў публіцыстычныя кнігі “Дзеці і мы” (1977), “Урокі” (1982), “Азбука душы” (1988). Арыгінальныя, наватарскія, яны нясуць у сабе роздум над праблемамі часу, жыцця, лёсу нацыянальнай беларускай культуры, літаратуры, мовы. На старонках гэтых выданняў пісьменнік закрануў шмат праблем школьнага жыцця і выхавання. Ён адзін з аўтараў чытанак “Роднае слова” для 1, 2 і 3-га класаў. Васіль Вітка пераклаў на беларускую мову паэму У. Маякоўскага “Добра!” (1940, з Р. Лыньковым), раман “Паны Галаўлёвы” М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага “Блакітныя жураўлі” (1971), творы некаторых іншых расійскіх, а таксама ўкраінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў. Апошняй яго кнігай стаў зборнік “Дом, дзе жывуць словы” (1995) – своеасаблівы вершаваны слоўнік.
Творчасць В. Віткі атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. У 1972 г. за кнігі для дзяцей “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка” ён быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. У 1978 г. узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
16 мая 2011 г., у дзень 100-гадовага юбілею знакамітага класіка дзіцячай літаратуры, дзіцячай бібліятэцы № 6 г. Мінска прысвоена імя Васіля Віткі і ўрачыста адкрыты музей.