Дата рождения:
27.12.1901 Збляны, в., Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
20.05.1965
Краткая справка:
вучоны-генетык і селекцыянер, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навук Беларусі, кавалер ордэнаў "Знак Пашаны", Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Жебрак Антон Романович (русский);
3912 символа
Справка
Значны ўклад у распрацоўку праблем агульнай генетыкі і генетыкі раслін унёс выдатны беларускі вучоны Антон Раманавіч Жэбрак. Ён стаў вядомы ў навуковых колах дзякуючы сваім працам па селекцыі сартоў пшаніцы, грэчкі, проса і кукурузы для прыродных умоў Беларусі.
Нарадзіўся А.Р. Жэбрак у в. Збляны Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе і Слонімскім пачатковым вучылішчы. У час Першай сусветнай вайны з сям’ёй знаходзіўся ў эвакуацыі ў Расіі. У 1917 г. скончыў рэальнае вучылішча ў г. Шацк (цяпер у Разанскай вобласці), некаторы час вучыўся на курсах пры Камуністычным універсітэце імя Я.М. Свярдлова. У грамадзянскую вайну быў на фронце. Пасля дэмабілізацыі ў 1921 г. стаў студэнтам агранамічнага факультэта Пятроўска-Разумоўскай сельскагаспадарчай акадэміі (з 1923 г. – Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева). У 1926 г. паступіў у аспірантуру на кафедру генетыкі і цыталогіі, адначасова вучыўся на аддзяленні прыродазнаўства Інстытута чырвонай прафесуры (Масква). У 1930–1931 гг. прайшоў стажыроўку ў вядучых генетычных лабараторыях свету ў Калумбійскім і Каліфарнійскім універсітэтах (ЗША).
У 1931–1936 гг. А.Р. Жэбрак узначальваў кафедру генетыкі і селекцыі Акадэміі сацыялістычнага земляробства ў Маскве, адначасова з 1934 г. загадваў кафедрай генетыкі і цыталогіі Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева. Пад яго кіраўніцтвам пачаліся працы па аддаленай гібрыдызацыі пшаніцы і эксперыментальнай поліплаідыі. У 1936 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Состояние генотипа при возрастной модификации организма». Сярод іншых публікацый гэтага перыяду – «Некоторые современные вопросы генетики» (1936), «Новый вид пшеницы» (1939), «Проблемы синтеза новых видов растений» (1940) і інш. У 1940 г. вучоны кіраваў комплекснай экспедыцыяй у заходнія вобласці БССР. У тым жа годзе быў выбраны правадзейным членам (у 1947 г. – прэзідэнтам) Акадэміі навук БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны А.Р. Жэбрак працягваў займацца навуковай дзейнасцю. Вывез з Беларусі шэраг каштоўных мясцовых гатункаў пшаніцы, над селекцыяй якіх працаваў у далейшым. Свае дасягненні вучоны абагульніў у кнізе «Синтез новых видов пшениц» (1944). За плённую даследчую працу ў ваенны перыяд вучонаму ў 1944 г. было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР.
У 1948 г. А.Р. Жэбрак заняў пасаду прафесара кафедры батанікі ў Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце, у 1949 г. – Маскоўскім фармацэўтычным інстытуце. З 1957 г. вёў актыўную навуковую работу ў лабараторыі эксперыментальнай поліплаідыі ў Інстытуце біялогіі Акадэміі навук БССР. Пад яго кіраўніцтвам вяліся генетыка-селекцыйныя работы з пшаніцай, грэчкай, просам, кукурузай, цукровымі буракамі з мэтай стварэння новых высокапрадукцыйных форм і сартоў. Вучоным было апублікавана звыш 70 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, якія ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай біялагічнай навукі. Сярод асноўных работ – «Полиплоидные виды пшениц» (1957) і «Курс ботаники» (1959). Дзякуючы яго намаганням у 1963 г. у складзе Інстытута біялогіі арганізаваны асобны аддзел генетыкі і цыталогіі, які праз два гады быў ператвораны ў самастойную ўстанову.
Займаўся А.Р. Жэбрак і грамадскай дзейнасцю. Ён з’яўляўся дэпутатам і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1947–1951), быў членам дэлегацыі БССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША), дзе з іншымі ўдзельнікамі 26 чэрвеня 1945 г. падпісаў Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. За навуковую і грамадскую дзейнасць Антон Раманавіч узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1940), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944), Чырвонай Зоркі (1945), медалямі. Імя А.Р. Жэбрака носяць вуліцы ў Мінску і Зэльве. З 2007 г. у Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі праводзяцца Жэбракаўскія чытанні. На будынку гэтага інстытута ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар вучонага.