Дата рождения:
20.02.1903 Хоціна, в., Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
19.12.1941
Краткая справка:
ваенны дзеяч, удзельнік вайны ў Іспаніі 1936–1939 гг., савецка-фінляндскай 1939–1940 гг. і Вялікай Айчыннай войнаў, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза (1941), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі
Псевдонимы:
Ляснік
Имена на других языках:
Доватор Лев Михайлович (русский);
3195 символов
Справка
Не згасае з гадамі слава тых, хто дзеля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ахвяраваў самае дарагое – сваё жыццё. Сярод мужных воінаў, заслужыўшых вечную памяць і павагу, належнае месца займае імя Льва Міхайлавіча Даватара – чалавека, якога вылучалі нястомнасць, прага дзейнасці, незвычайная адвага, шчырасць думак і ўчынкаў.
Леў Міхайлавіч нарадзіўся 20 лютага 1903 г. у в. Хоціна на Віцебшчыне ў простай сялянскай сям'і. Яго ваенная біяграфія пачалася ў 1924 г., калі ён дабравольна ўступіў у рады Чырвонай арміі. У 1926 г. скончыў кавалерыйскае вучылішча і працягнуў службу ў кавалерыйскіх частках спачатку на пасадзе камандзіра ўзвода, потым палітрука эскадрона. У працы і вучобе Леў Міхайлавіч заўжды быў наперадзе. Пасля паспяховага заканчэння ў 1939 г. Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ, служыў начальнікам штаба кавалерыйскага палка, потым брыгады і дывізіі.
У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны Л. М. Даватар знаходзіўся ў рэзервовай групе афіцэраў пры камандуючым Заходнім фронтам маршале Савецкага Саюза С. К. Цімашэнка. Яшчэ да пачатку вайны народны камісар абароны Цімашэнка, сам ліхі коннік, ведаў Льва Міхайлавіча па сумеснай службе ў кавалерыі як энергічнага, дысцыплінаванага і вытрыманага камандзіра, таму, калі вырашалася пытанне, каго прызначыць камандзірам асобнай кавалерыйскай групы ў складзе 50-й і 53-й кавалерыйскіх дывізій, выбар быў зроблены на карысць палкоўніка Даватара. З гэтага моманту і пачаўся яго нядоўгі, але надзвычай яркі баявы шлях.
Легендарны рэйд асобнай кавалерыйскай групы палкоўніка Л. М. Даватара ў Смаленскай вобласці даказаў магчымасць вядзення баявых дзеянняў буйных савецкіх частак у тыле ворага. Ён упэўніў сваіх байцоў у тым, што, скарыстоўваючы ўмелы тактычны манеўр і ваенную кемлівасць, з ворагам можна змагацца і меншымі сіламі. Падчас гэтага рэйду казакі-даватарцы пасеялі сапраўдную паніку сярод фашыстаў: яны прайшлі каля 100 км, зрываючы працу варожых камунікацый, знішчаючы нямецкія гарнізоны, захопліваючы шматлікія ваенныя трафеі, якія ішлі на ўзбраенне партызанскіх атрадаў.
За Л. М. Даватара гітлераўскае камандаванне прызначыла вялікую грашовую ўзнагароду і стварыла спецыяльныя атрады па яго паімцы. У верасні 1941 г. група была рэарганізавана ў кавалерыйскі корпус, а палкоўніку Даватару было прысвоена званне генерал-маёра. Корпус Л. М. Даватара гераічна змагаўся на Валакаламскім напрамку, абараняючы Маскву. У раёне г. Руза корпус адрэзаў шляхі адступлення буйной групоўцы гітлераўцаў. 19 снежня 1941 г. у баі ля в. Палашкіна Л. М. Даватар загінуў. Аднак кавалерыйскі корпус, якім ён камандаваў, працягваў свой слаўны баявы шлях: вызваляў ад фашысцкіх захопнікаў радзіму свайго камандзіра – Беларусь, а вайну пераможна скончыў у Памерані.
Леў Міхайлавіч Даватар паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, а імя яго залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Мужны сын беларускага народа быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Вобраз Л. М. Даватара апеты ў песнях, увасоблены ў бронзе і граніце. Яго імя носяць вуліцы ў Маскве, Мінску, Віцебску і іншых гарадах былога СССР.