Імя Іосіфа Львовіча Дорскага, аднаго з таленавітых тэатральных арганізатараў, цесна звязана з гісторыяй Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Нарадзіўся І. Дорскі ў Мінску ў сям'і служачага. З дзевятнаццаці гадоў пачаў свой творчы шлях. Пісаў пра новае, што з’яўлялася тыповым для таго часу. Яго артыкулы, замалёўкі, нарысы ўсё часцей змяшчаліся ў рэспубліканскім друку. Пасля заканчэння ў 1929 г. агульнаадукацыйных курсаў працаваў сакратаром рэдакцыі газеты Мінскага дрэваапрацоўчага завода. З 1930 па 1931 г. вучыўся на курсах кінасцэнарыстаў, пасля чаго працаваў на кінафабрыцы “Савецкая Беларусь”, якая размяшчалася ў той час у Ленінградзе. Неўзабаве вярнуўся ў Мінск, дзе супрацоўнічаў у газеце “Рабочий”. Далейшы жыццёвы і творчы шлях І. Дорскага цесна звязаны з Віцебскам. У 1934 г. яго прызвалі ў армію. Службу праходзіў у Віцебску, дзе быў сакратаром літаратурнага аб'яднання гарнізона. У 1939–1941 гг. вучыўся завочна ў Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага.
Усё жыццё І. Дорскага цягнула да тэатра, які ён любіў і разумеў, марыў жыць і працаваць для яго. У 1935 г. прыйшоў у тэатр імя Я. Коласа, тады БДТ-2, узначаліўшы там літаратурную частку. Гэта быў надзвычай цяжкі, складаны і вельмі адказны ўчастак работы. Трэба было ствараць арыгінальны, сучасны для тых гадоў рэпертуар. Стаўшы ў 1948 г. дырэктарам тэатра, ён адчуў поўную адказнасць за яго рэпертуар. З вялікім поспехам на сцэне тэатра ішлі цудоўныя спектаклі, створаныя па п'есе Я. Коласа “Вайна вайне” і па аповесці “Дрыгва” ( “У пушчах Палесся”). Іосіф Дорскі сам шукаў аўтараў, заахвочваў, абуджаў у іх жаданне пісаць для тэатра. Яго намаганнямі да тэатра была прыцягнута шырокая плеяда пісьменнікаў і пачынаючых драматургаў: Я. Купала, К. Крапіва, І. Шамякін, А. Макаёнак, П. Глебка, А. Дзялендзік, П. Данілаў, А. Гутковіч, М. Алтухоў. Іх імёны надоўга занялі пачэснае месца ў рэпертуарных афішах тэатра і стварылі яму рэпутацыю як аднаго з лепшых тэатраў у краіне.
Так з'явіўся новы для тэатра спектакль “Несцерка” па п'есе В. Вольскага, які і зараз ідзе на сцэне Коласаўскага тэатра, стаўшы яго своеасаблівай візітнай карткай. Рэпертуар узбагаціўся спектаклямі “Над Бярозай-ракой”, “Святло з Усходу” па п'есах П. Глебкі. Іосіф Дорскі адчуваў сябе на сваім месцы, жыў жыццём тэатра. Ён удала спалучаў абавязкі дырэктара і мастацкага кіраўніка, праяўляў сябе як таленавіты арганізатар.
У другой палове 1950-х гг. тэатр пераехаў у новае памяшканне на плошчы імя У.І. Леніна. Іосіф Дорскі дабіваўся таго, каб вядучыя акцёры і работнікі сцэны атрымалі кватэры каля тэатра. Быў створаны сімфанічны аркестр, у якім працавалі таленавітыя музыканты. Пакуль тэатрам кіраваў І. Дорскі, спектаклі ішлі не пад магнітафонны запіс, а пад жывую музыку. Друкаваліся і прадаваліся праграмкі спектакляў і буклеты з прапагандай дасягненняў трупы тэатра. У гардэробе можна было ўзяць напракат тэатральны бінокль. Неабыякавы кіраўнік рабіў усё магчымае, каб тэатр станавіўся ўсё больш славутым, каб было камфортна акцёрам і ўтульна гледачам. Намаганнямі І. Дорскага арганізаваны гастролі тэатра ў Вільнюсе. Пасля 1948 г. гастрольная геаграфія трупы Коласаўскага тэатра, якая складалася з вялікай колькасці народных і заслужаных артыстаў, пашырылася амаль на ўвесь СССР. Тэатр паказваў спектаклі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, Рызе, Ленінградзе, Маскве, Кіеве, Адэсе.
Праявіў сябе І. Дорскі і як драматург. Плённай стала сумесная работа з драматургам К. Губарэвічам. Першай іх працай была п'еса “Цэнтральны ход” пра партызанскую дзейнасць К. Заслонава, пастаўленая ў 1948 г. Найбольш вядомая лірычная камедыя “Алазанская даліна” (напісана з К. Губарэвічам) пра мірную працу калгаснікаў у першыя пасляваенныя гады ставілася тэатрамі Я. Коласа (1949), Палескім (1950), драматычнымі гурткамі. П'еса карысталася папулярнасцю і на ўкраінскай сцэне: яе ставілі розныя вандроўныя драматычныя тэатры. Напісаў п'есу “Права на шчасце” – вострую па сваёй праблематыцы і па-сцэнічнаму цікавую. Яна бала перакладзена на рускую, украінскую мовы і неаднаразова ставілася ў тэатрах Мінска, Віцебска, Адэсы пад назвай “Шчасце”. П'есы драматурга перадавалі энтузіязм людзей, іх імкненне да пераўтварэнняў, адлюстроўваючы разам з тым пэўныя грамадскія ілюзіі 1950-х гг. Працяглая праца ў Віцебскім драматычным тэатры дала падставы для напісання “Нарыса гісторыі тэатра імя Я. Коласа” (1956).
У 1961–1964 гг. І. Дорскі працаваў дырэктарам кінастудыі “Беларусьфільм”. За сваю творчую дзейнасць быў узнагароджаны двума ордэнамі “Знак Пашаны” і медалямі, атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1961). У гісторыі развіцця беларускай драматургіі і яе сувязі з тэатральным мастацтвам ён пакінуў каштоўнейшы вопыт, варты вывучэння і пераймання сучаснымі тэатрамі краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.