Дата рождения:
08.02.1914 Баранавічы, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
27.04.1947
Краткая справка:
паэт, літаратуразнавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі
Псевдонимы:
Барвінец Усяслаў; Бунтар; Бунтар К.; Бунтар Янка; Бунтарны К.; Былы вучань; Васіль; Гарустовіч М.; Горны; Дванаццаты Янка; Менскі Павел; Мсцівец; Назубовіч Юрка; Прышчэпа Ілюк (з Брылем Я.); Сірата П.; Тарскі В.; Чырвоны звястун; Якімчык
Имена на других языках:
Тавлай Валентин Павлович (русский);
Криптонимы:
А.С. і В.Т. (з Салагубам А.); В.Т.
5668 символов
Справка
Сярод рэвалюцыйных паэтаў Заходняй Беларусі пачэснае месца займае Валянцін Таўлай. З гэтым імем непадзельна звязана цэлая эпоха гераічнай і самаахвярнай барацьбы, якую вяла Заходняя Беларусь за сваё вызваленне.
Валянцін Таўлай нарадзіўся 8 лютага 1914 г. у Баранавічах. Бацька, Павел Дзям'янавіч Таўлай, працаваў на чыгунцы. Маці, Марыя Антонаўна, сціплая і працавітая жанчына, памерла, калі хлопчыку было 6 гадоў. Валянціна разам з двухгадовым брацікам Аляксандрам забрала да сябе бабуля. У 1921 г. Павел Дзям’янавіч уладкаваў старэйшага сына ў польскую школу ў Лідзе. У 1924 г. сям’я Таўлаяў была вымушана вярнуцца на радзіму бацькі ў вёску Рудаўка Слонімскага павета. Пэўны час хлопчык хадзіў у школу ў вёсцы Вялікая Кракотка, у 1925 г. паступіў у Слонімскую настаўніцкую семінарыю, але неўзабаве быў выключаны з яе за ўпартую «беларускасць». Летам 1927 г. паспяхова здаў экзамены і быў залічаны ў 3-ці клас Віленскай беларускай гімназіі. У Вільні юнак далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху: пісаў патрыятычныя вершы, прымаў удзел у нелегальных мітынгах і дэманстрацыях, вывешваў чырвоныя сцягі, наведваў у турме палітвязняў. Вясной 1928 г. Валянцін Таўлай быў прыняты ў падпольную камсамольскую арганізацыю гімназіі. У лютым 1929 г. за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы юнак быў выключаны з гімназіі і адасланы да бацькоў. У Рудаўцы ён працягваў падпольную дзейнасць і быў абраны сакратаром Азярніцкага падрайкама камсамола Заходняй Беларусі. У жніўні 1929 г. В. Таўлай быў арыштаваны, адбываў пакаранне ў Слоніме і Гродне, зазнаў допыты і катаванні, быў асуджаны на 6 месяцаў зняволення з папярэджаннем на 5 гадоў (ён быў непаўналетнім). Але не паспеў малады паэт выйсці на волю, як над ім зноў навісла пагроза арышту і судовай расправы: увосень 1930 г. справа была перагледжана. Прысуд Віленскага апеляцыйнага суда – два гады зняволення. На дапамогу прыйшло патрыятычнае падполле: у кастычніку 1930 г. па рэкамендацыі Віленскага акружкома камсамола юнак быў накіраваны ў БССР.
На працягу двух гадоў В. Таўлай жыў і працаваў у Мінску: вучыўся на вячэрнім курсе літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», адшліфоўваў свае вершы, паэму «Непераможныя». У 1932 г. паэта прынялі ў члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. ЦК КПЗБ накіроўвае В. Таўлая на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Малады рэвалюцыянер быў членам цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ у Варшаве, рэдактарам «Беларускай газеты» і яе дадатка – рэвалюцыйнага часопіса «Літаратурная старонка», адным з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянcка-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.
Актыўная падпольная дзейнасць прывяла да пагрозы арышту. У студзені 1934 г. пры пераходзе польска-савецкай граніцы В. Таўлай быў арыштаваны і пасля допытаў і катаванняў далучаны да судовага працэсу над беларускімі рэвалюцыянерамі, у сакавіку 1936 г. асуджаны на 8 гадоў турмы. Пакаранне адбываў у Гродне. У верасні 1939 г. быў прыгавораны да расстрэлу. Дзякуючы хуткаму пераходу горада ў рукі Чырвонай Арміі прыгавор не быў прыведзены ў выкананне.
Пасля вызвалення В. Таўлай пасяліўся ў Лідзе, працаваў літсупрацоўнікам раённай газеты «Уперад» (1939–1941), займаўся творчай працай, рыхтаваў да друку зборнік паэзіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным, разведчыкам і кіраўніком навагрудскай сеткі спецгрупы «Буравеснік» партызанскага атрада імя Р.І. Катоўскага брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага Баранавіцкага партызанскага злучэння. Па заданні партызан у 1943 г. перабраўся ў Навагрудак, дзе загадваў аддзелам культуры Навагрудскай управы Саюза беларускай моладзі. Увосень 1943 г. В. Таўлай разам з бацькамі быў арыштаваны і некалькі тыдняў адседзеў у турме Ліды. На жаль, бацька і мачыха паэта загінулі ў Асвенцыме. Лёс не быў літасцівы і да твораў, напісаных у 1939–1941 гг. – усе яны разам з багатай бібліятэкай паэта былі знішчаны. Аднак талент не скарыўся перад нягодамі: В. Таўлай выступаў з патрыятычнымі вершамі ў партызанскім друку («Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі!.. », «Сон Гітлера», «Фраў Германія» і інш.), стварыў выдатныя творы інтымна-грамадзянскай лірыкі («Лісты з турмы», «Бацькава пісьмо», «Дзе ж ты, мілая» і інш.).
З ліпеня 1944 г. паэт з’яўляўся адказным сакратаром навагрудскай раённай газеты «Звязда», з лютага 1945 да красавіка 1947 г. быў старшым навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Я. Купалы (цяпер Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы). У гэты час В. Таўлай шмат намаганняў прыкладаў для пошуку фотаздымкаў, кніг і іншых матэрыялаў аб народным паэце, вывучаў і апрацоўваў іх, выступаў як нарысіст, крытык, літаратуразнавец, перакладчык.
«Паэт са стажам» – так называў сябе Валянцін Таўлай. Яго першы верш быў надрукаваны ў віленскай рэвалюцыйнай газеце «Сіла працы» у 1928 г. У гэтым жа годзе сябрамі-гімназістамі была надрукавана на шапірографе паэма «Непераможныя». Вершы і паэмы з’яўляліся ў перыядычным друку, аднак першая кніга – зборнік паэзіі «Шляхі і краты» – выйшла пасля яго заўчаснай смерці пад назвай «Выбранае» ў 1947 г. Слава прыйшла да паэта пасля смерці: у другой палове ХХ ст. зборнікі паэзіі В. Таўлая выходзяць на беларускай, рускай і украінскай мовах («Выбраныя творы» (1951, 1958), «Избранное» (Масква, 1952), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Стихи и поэмы» (Масква, 1955), «Творы» (1961), «Поэзии» (Кіеў, 1964), «Валянцін Таўлай» (1967), «Пілую вершам краты» (1984), «Я с вами» (1988). Жыццю і творчасці паэта прысвечаны шэраг вершаў, артыкулаў, даследаванняў, кніг. У гонар Валянціна Таўлая названы вуліцы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе, Маладзечне, у вёсках Слонімскага раёна.