Дата рождения:
15.12.1921 Капыль, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
01.05.1986
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, краязнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі
Псевдонимы:
Варановіч С.
Имена на других языках:
Александрович Степан Хусейнович (русский);
3433 символа
Справка
Адметнае месца ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры займае Сцяпан Хусейнавіч Александровіч – выдатны літаратуразнавец, знакаміты крытык, своеасаблівы празаік, эрудзіраваны, удумлівы педагог.
Нарадзіўся ён у Капылі ў сям’і рабочага-гарбара. У сваіх аўтабіяграфічных нататках “Радзіма мая – Капыль” С. Александровіч з любоўю згадвае родныя мясціны, дзе прайшло яго дзяцінства. Прыгадвае, якім поспехам карысталася ў той час у яго жыцці беларуская кніга. Пасля заканчэння капыльскай сярэдняй школы ў 1939 г. С. Александровіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ), але скончыць першы курс яму не давялося: прызвалі ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце. Прымаў удзел у баях у ходзе Керчанска-Феадасійскай аперацыі і ва ўзяцці Керчы і Феадосіі. Цяжка паранены трапіў у палон, адкуль уцёк і вярнуўся на радзіму. Ваяваў у партызанскім атрадзе. Успаміны пра вайну ляглі ў аснову аповесці “Далёкія зарніцы” (1967). Пасля вайны настаўнічаў у школе. У 1950 г. С. Александровіч скончыў завочна філалагічны факультэт БДУ. У 1971 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX – XX стагоддзя”. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР і музеі Я. Коласа. З 1963 г. – дацэнт, з 1974 г. – прафесар БДУ. У 1984 г. атрымаў званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”.
Першыя крытычныя артыкулы і краязнаўчыя нарысы С. Александровіч пачаў друкаваць у 1946 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” і іншых рэспубліканскіх перыядычных выданнях. З-пад яго пяра выходзілі краязнаўча-біяграфічныя нарысы пра Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча і іншых дзеячаў беларускай культуры, якія склалі кнігі “Незабыўнымі сцежкамі” (1959), “Па слядах паэтычнай легенды” (1965), “Тут зямля такая” (1974). Менавіта з іх і пачаўся новы для беларускай літаратуры жанр займальнага біяграфічнага нарыса, дзе паядналіся элементы навуковага і мастацкага стыляў. Біяграфічныя нарысы С. Александровіча адметны сваёй багатай канкрэтыкай, выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, здабытых у выніку карпатлівай даследчыцкай працы. Былі напісаны кнігі “Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі” (1975), “Кнігі і людзі” (1976), “Слова – багацце” (1981). Дакументальна-мастацкія творы пра Я. Коласа “Ад роднае зямлі…” (1962), “На шырокі прастор” (1972), “Крыжавыя дарогі” (1985) таксама належаць да жанру пісьменніцкай біяграфіі.
Шмат сіл аддаў С. Александровіч працы над хрэстаматыямі для школьнікаў і студэнтаў; стварэнню чатырохтомнай “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, якая выдавалася ў 1960-я гг.; падрыхтоўцы да выдання і навуковаму каменціраванню твораў Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, К. Каганца, А. Гурло і іншых беларускіх пісьменнікаў. Дыяпазон навуковых інтарэсаў вучонага не можа не ўражваць сваёй шырынёй. Ён не толькі аўтар шэрагу біяграфічных нарысаў і літаратурных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, выдатны тэкстолаг, але і даследчык жыцця і дзейнасці Ф. Скарыны, гісторыі беларускага друку, майстэрства Купалы-перакладчыка, сувязей з Беларуссю і беларускай культурай А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, Я. Райніса і інш.
Усё сваё жыццё С. Александровіч нястомна працаваў на ніве ўзбагачэння беларускай культуры. І хаця пісьменнік меў не беларускія карані, беларускасць стала арганічнай формай яго жыцця.