Дата рождения:
27.10.1911 Чапліцы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
28.12.1984
Краткая справка:
пісьменнік, мовазнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1985)
Псевдонимы:
Фіта Язэп
Варианты имени:
Лобан Мікалай Паўлавіч
Имена на других языках:
Лобан Микола (русский); Лобан Николай Павлович (русский);
3138 символов
Справка
Мікола (Мікалай Паўлавіч) Лобан – адзін з найбольш значных майстроў беларускай прозы, таленавіты мастак слова, вядомы як аўтар раманаў, апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў аб праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці.
Нарадзіўся ён у в. Чаплічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1931 г. двухгадовыя педагагічныя курсы ў Слуцку, працаваў настаўнікам у вёсках Любанскага і Рудзенскага раёнаў. У 1939 г. паступіў у Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт, але неўзабаве перавёўся на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ён, студэнт другога курса, добраахвотнікам пайшоў на фронт, удзельнічаў у баях пад Ленінградам, быў двойчы цяжка паранены. Дэмабілізаваўшыся, зноў працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ўжо ў адной са школ Казахстана. У 1945 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1944–1967 і 1968–1975 гг. працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР, у 1967–1968 гг. – у Галоўнай рэдакцыі выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”.
Першае апавяданне надрукаваў у 1930 г. у літаратурным дадатку “Вясна” да бабруйскай акруговай газеты “Камуніст”. Пасля вайны М. Лобан змясціў у перыядычным друку шэраг нарысаў і апавяданняў, большасць якіх прысвечана ваеннай тэматыцы. У 1953 г. выходзіць яго аповесць “Іркуцянка”. Гэты твор – своеасаблівы пралог да серыі раманаў: у 1961 г. часопіс “Полымя” пачаў друкаваць раман пісьменніка “На парозе будучыні” (у рускім выданні – “Земля моя – судьба моя”). Пазней выйшлі з друку два новыя – “Гарадок Устронь” (1970) і “Шэметы” (1981), склаўшы, такім чынам, трылогію “Шэметы”, якая належыць да адной з самых прыметных з’яў у беларускай прозе. У ёй М. Лобан праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі нашай краіны з пачатку XX ст. (рэвалюцыя, Грамадзянская вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вялікую Айчынную вайну). Пісьменніку ўдалося стварыць маштабны мастацкі твор з вялікім часавым ахопам, цікава напісанымі вобразамі многіх герояў.
Вялікай арыгінальнасцю вызначаецца апошняя кніга “Пяць раніц тыдня” (1984), за якую ў 1985 г. аўтару была прысуджана Літаратурная прэмія імя І. Мележа. Мікалай Паўлавіч плённа працаваў і ў галіне беларускага мовазнаўства. На працягу доўгага часу ўзначальваў сектар лексікалогіі і лексікаграфіі ў Інстытуце мовазнаўства, быў адным са складальнікаў беларускіх арфаграфічных слоўнікаў, што выдаваліся ў пасляваенныя гады, “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959), перакладных “Руска-беларускага слоўніка” (1953) і “Беларуска-рускага слоўніка” (1962). Больш за дзесяць гадоў ажыццяўляў практычнае кіраўніцтва працай па стварэнні “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў пяці тамах, быў рэдактарам першага тома гэтага выдання.
Надзвычай багатая спадчына М. Лобана ў такой галіне мовазнаўчай навукі, як філасофія мовы. Менавіта светапоглядны характар маюць узнятыя ім пытанні ўзаемасувязі мовы і нацыі, мовы і пісьменніка, мовы і прагрэсу грамадства, мовы і гісторыі.