Дата рождения: 30.09.1891 Магілёў, г.
Дата смерти: 07.09.1956
Краткая справка: расійскі вучоны ў галіне матэматыкі, астраноміі, геафізікі, падарожнік, адзін з арганізатараў асваення Паўночнага марскога шляху, акадэмік АН СССР, АН Украіны, Герой Савецкага Саюза (1937), узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1932, 1937, 1953), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1936, 1945), ордэнам Чырвонай Зоркі (1934), дзяржаўны дзеяч, імя якога носіць Аб'яднаны інстытут фізікі Зямлі РАН
Имена на других языках: Шмидт Отто Юльевич (русский);
Шырыня і шматграннасць інтарэсаў гэтага чалавека, а таксама яго талент не могуць не ўражваць: матэматык, астраном, геафізік, даследчык Арктыкі, дзяржаўны дзеяч, акадэмік Акадэміі навук СССР (АН СССР) і Акадэміі навук Украіны, Герой Савецкага Саюза.
Нарадзіўся О. Ю. Шміт у Магілёве ў сям’і выхадцаў з латышскіх і нямецкіх сялян. Яго бацька доўгія гады служыў прыказчыкам у купца, працаваў у розных гандлёвых установах, фірмах, страхавых агенцтвах. Даходы былі вельмі абмежаваныя, іх яўна не хапала, каб даць пяцярым дзецям хаця б сярэднюю адукацыю. Таму, калі падышоў час вызначыць лёс Ота, шматлікія сваякі сабралі грошы (хто колькі мог), і здольны хлопчык стаў гімназістам. Ён паступіў адразу ў другі клас Магілёўскай класічнай гімназіі, які закончыў на выдатна. Неўзабаве сям’я Шмітаў пераехала ў Адэсу, а потым у Кіеў. Тут Ота з залатым медалём скончыў гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта.
Ужо на першым курсе ён склаў спіс кніг, якія збіраўся абавязкова прачытаць на працягу жыцця. Ота зацікавілі не толькі працы па матэматыцы, але і выданні па філасофіі, гісторыі, геалогіі, хіміі, астраноміі, музыцы… Ён шмат чытаў, аднак больш часу затрачваў на сваю спецыяльнасць – матэматыку – і дабіўся выдатных вынікаў у гэтай галіне. Вясной 1911 г. О. Ю. Шміт пачаў займацца ў алгебраічным семінары прафесара Д. А. Граве і ў хуткім часе стаў адным з лепшых яго ўдзельнікаў. У 1916 г. выдаў манаграфію “Абстрактная тэорыя груп”, якая і сёння складае залаты фонд алгебраічнай літаратуры (праца двойчы перавыдавалася ў СССР, у ЗША яна перакладзена на англійскую мову). Ота Юльевічу Шміту не споўнілася і 25 гадоў, калі ўніверсітэт удастоіў яго Залатога медаля імя прафесара Рахманінава. У лістападзе 1916 г. ён стаў прыват-дацэнтам, а ў 1917 г. – магістрам матэматыкі. Акрамя гэтай навукі О. Ю. Шміта цікавіла касмагонія (раздзел астраноміі, што вывучае паходжанне і развіццё касмічных цел і іх сістэм). Закон планетных адлегласцей, які выведзены вучоным, з’яўляецца першым у гісторыі касмагоніі законам.
З 1918 г. О. Ю. Шміт жыў і працаваў у Маскве. Ён выкладаў матэматыку ў вышэйшых навучальных установах сталіцы, быў намеснікам старшыні Галоўнага камітэта прафесійна-тэхнічнай адукацыі, уваходзіў у склад калегіі Народнага камісарыята асветы, прымаў актыўны ўдзел у рэфармаванні школьнай і вышэйшай сістэмы адукацыі. У канцы 1921 г. О. Ю. Шміт працаваў загадчыкам Дзяржаўнага выдавецтва і галоўным рэдактарам Вялікай савецкай энцыклапедыі. У 1929 г. ён стаў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта. За ўклад у развіццё матэматыкі ў 1933 г. быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР.
Значнае месца ў жыцці О. Ю. Шміта займала экспедыцыйная дзейнасць. Ён быў адным з буйнейшых даследчыкаў Арктыкі. У 1929–1930 гг. вучоны ўзначаліў экспедыцыю на ледаколе “Сядоў”, якая арганізавала на Зямлі Франца-Іосіфа першую навуковую станцыю і стала базай для розных даследаванняў Поўначы – метэаралагічных, геафізічных, гідралагічных, біялагічных. На станцыі быў сабраны каштоўны матэрыял, што дазволіў О. Ю. Шміту выступіць з прапановай – прайсці ўвесь Паўночны марскі шлях за адну навігацыю.
У 1932 г. распачалася экспедыцыя на ледаколе “Сібіракоў”. За два месяцы, ці адну навігацыю, быў пройдзены шлях ад Архангельска да Ціхага акіяна. Адным з важнейшых вынікаў пераходу стала стварэнне Галоўнага ўпраўлення Паўночнага марскога шляху, перад якім ставілася задача – пракласці канчатковы марскі шлях ад Белага мора да Берынгава праліва. Кіраўніком упраўлення назначаўся О. Ю. Шміт.
У 1933 г. пачалася падрыхтоўка да лядовага паходу на востраў Урангеля на транспартным параходзе “Чалюскін”. 14 сакавіка гэта судна пакінула Ленінград. Пачалася экспедыцыя, якая прыцягнула да сябе ўвагу ўсяго свету. У цяжкіх зімовых абставінах выйсці ў Ціхі акіян “Чалюскін” не здолеў і затануў. Вестка аб караблекрушэнні ў Арктыцы і высадцы пацярпелых на лёд ускалыхнула ўвесь свет. На выратаванне чалюскінцаў былі кінуты самалёты. Загадзя О. Ю. Шміт склаў спісы, паводле якіх першымі ратавалі дзяцей, жанчын і хворых. Ён сам пакінуў лагер адным з апошніх. Кіраўнік экспедыцыі з цяжкім запаленнем лёгкіх быў дастаўлены на Аляску ў мястэчка Ном. У ЗША О. Ю. Шміт сустрэўся з прэзідэнтам Ф. Рузвельтам і амерыканскімі навукоўцамі. Толькі ў маі 1934 г. вярнуўся ў Маскву.
Праз тры гады пасля “чалюскінскай эпапеі” Ота Юльевіч зноў заняўся вывучэннем Арктыкі. У 1936 г. ён узначаліў новы палярны паход на ледаколе “Літке” і правёў па Паўночным марскім шляху ваенныя караблі, што мела вялікае значэнне для абароназдольнасці краіны. У маі 1937 г. кіраваў паветранай экспедыцыяй на Паўночны полюс. Упершыню ў гісторыі чатыры самалёты апусціліся на лёд у раёне полюса, высадзіўшы навуковую групу на чале з І. Д. Папаніным. За гэту бліскучую аперацыю і арганізацыю станцыі “Паўночны полюс – 1” О. Ю. Шміту было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля доўгага лячэння ў Крыме Ота Юльевіч заняўся вывучэннем Зямлі. Ён імкнуўся да ўсебаковага пазнання планеты і шмат для гэтага зрабіў. Па ініцыятыве О. Ю. Шміта быў створаны Геафізічны інстытут АН СССР, дырэктарам якога вучоны з’яўляўся да 1949 г. У апошнія гады жыцця ўзначальваў геафізічнае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта, стварыў кафедру эвалюцыі Зямлі, пачаў чытаць курс лекцый па касмагоніі. І хоць здароўе ўсё больш пагаршалася, Ота Юльевіч не зніжаў сваёй працаздольнасці. У чэрвені 1954 г. на VI Міжнародным астрафізічным сімпозіуме ў г. Льежы (Бельгія) гучаў даклад “Роля цвёрдых часціц у планетнай касмагоніі”. Гэта была яго апошняя навуковая праца.
Ота Юльевіч Шміт навекі застаўся ў памяці людзей. Яго імем названы востраў у Карскім моры, паўвостраў у паўночнай частцы Новай Зямлі, мыс у Чукоцкім моры, пік і перавал на Паміры, раўніна ў Антарктыдзе, кратэры на Марсе і Месяцы, малая планета, Інстытут фізікі Зямлі Акадэміі навук Расіі, навукова-даследчы ледакол. Расійскай акадэміяй навук заснавана прэмія імя О. Ю. Шміта за лепшыя навуковыя працы ў галіне даследавання і асваення Арктыкі. Памяць пра вучонага зберагаецца і ў Беларусі. Яго імем названы праспект у Магілёве, вуліцы ў Бабруйску, Быхаве, Гомелі, Горках. У Магілёве дзейнічае прысвечаны О. Ю. Шміту школьны музей.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.