Анатоль (Акім Пятровіч) Астрэйка – адзін са старэйшых беларускіх паэтаў, які пакінуў пасля сябе значную творчую спадчыну.
Нарадзіўся ён у в. Пясочнае Капыльскага раёна ў сялянскай сям'і. Вучыўся на настаўніцкіх курсах пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, потым на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Працоўную дзейнасць пачаў у 1930 г. у рэдакцыі газеты “Чырвоная Полаччына”, затым пераехаў у Мінск, дзе супрацоўнічаў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет.
Першы верш А. Астрэйкі быў надрукаваны ў 1929 г. у газеце “Чырвоная змена”. У 1940 г. выйшаў яго зборнік вершаў “Слава жыццю”. Лепшае ў творчасці А. Астрэйкі даваеннай пары – лірыка на вечныя тэмы. З асаблівай шчырасцю напісаны вершы пра каханне (“Не шукаў я цябе”, “Мае надзеі не збыліся”, “Дзве бярозы”, “Цёмная ночка прайшла”, “Як цябе мне не кахаць” і інш.). У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, двойчы накіроўваўся ў варожы тыл, партызанскія атрады Мінскай і Віцебскай абласцей. У 1943 г. друкарня слуцкай падпольнай газеты “Народны мсцівец” выпусціла зборнік паэта “Слуцкі пояс”, прысвечаны гераізму партызан. Вершы напісаны прачула, па-мастацку вобразна, шчыра, сардэчна. Яркім паэтычным словам аўтар проста і ў той жа час эмацыянальна, натхнёна распавядаў пра тое, што хвалявала не толькі яго, але і ўсіх людзей – барацьбітоў за волю і шчасце. Пасля вайны працаваў старшынёй Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (1946–1948), адказным сакратаром часопіса “Вожык” (1948–1953), супрацоўнічаў з кінастудыяй “Беларусьфільм”.
На творчым рахунку А. Астрэйкі цэлы шэраг зборнікаў паэзіі: “Крамлёўскія зоры” (1945), “Добры дзень” (1948), “Зямля мая” (1952), “Песня дружбы” (1956), “Бацька мой Нёман” (1961), “Сэрца насцеж” (1965), “Цвіціце, верасы!” (1975), “Зямная Случчына” (1977), “Ураджай цяпла”(1978), “Памяць дарог” (1980). Тэма радзімы, роднага Наднямоння праходзіць праз усю яго творчасць. Вобраз Нёмана як сімвал не толькі бацькоўскага кутка, але і ўсёй Беларусі прыцягваў сэрца паэта. Ён быў не толькі вытокам жыцця, але і той крыніцай творчасці, з якой А. Астрэйка чэрпаў словы для вершаў, паэм (“Над ракой”, “Пачатак Нёмана”, “Развітальнае слова” і інш.). Нёману прысвечаны і верш, які стаў адной з самых папулярных у народзе песень:
О Нёман, о бацька мой, Нёман,
Як сонца, як дзень дарагі!
Касцямі звяругаў шалёных
Усланы твае берагі.
(“Нёман”)
У творах А. Астрэйкі аб прыродзе сустракаюцца назвы мясцовых лясоў, пералескаў, урочышчаў. Паэт апяваў найбольш блізкае і дарагое. Аўтар валодаў назіральнасцю, уменнем не толькі бачыць прыроду, але і адчуваць яе:
Як я люблю твой кусцік кожны,
Узгоркі, кудзеркі бяроз.
Хаджу па травах асцярожна
І пацеркі збіраю з рос.
(“Край мой родны”)
Найбольш яркім і змястоўным з’яўляецца адзін з апошніх зборнікаў “Ураджай цяпла”(1978), які выйшаў у свет ужо пасля смерці А. Астрэйкі. У гэтай кнізе аўтар дасягнуў вяршыні свайго паэтычнага майстэрства. Гэта вершы аб жыцці, якое ён добра ведаў, дзе былі любоў, радасці і нягоды. Паэзія вылучаецца свежай вобразнасцю, высокім пачуццём любві да роднай зямлі, свайго народа.
Лірычным вершам А. Астрэйкі ўласцівы прастата, песеннасць. Невыпадкова многія шчырыя, мілагучныя творы паэта пакладзены на музыку. Найбольш папулярныя песні “Ой, бацька мой, Нёман”, “Песня пра Заслонава”, “Шоўкавыя травы” і інш. Паэт-лірык вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх, малдаўскіх, узбекскіх пісьменнікаў. Паасобныя вершы А. Астрэйкі перакладзены на ўкраінскую, армянскую і іншыя мовы. Спадчына паэта таксама сабрана ў двухтомніках “Выбраныя творы” (1970) і “Творы” (1981). Імем А. Астрэйкі названа вуліца ў Капылі, яго імя прысвоена Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.