Дата рождения: 06.06.1841 Мількаўшчына, маёнт., Гродзенскі павет (цяпер Гродзенскі раён)
Дата смерти: 18.05.1910
Краткая справка: польская пісьменніца, аўтар мастацкіх твораў, публіцыстычных і літаратурна-крытычных прац, перакладзеных на многія еўрапейскія мовы, імем якой названа адна з цэнтральных вуліц г. Гродна
Фамилия в девичестве: Паўлоўская Эліза
Имена на других языках: Orzeszkowa Eliza (польский); Pawłowska Elżbieta (польский); Ожешко Элиза (русский); Павловская Эльжбета (русский);
Творы выдатнай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі маюць асаблівае значэнне для беларускага народа: лепшая частка яе творчай спадчыны прысвечана менавіта яму. Пісьменніца са спагадай “зазірнула” ў хату беларускага селяніна, не толькі жахнулася яго нядолі, але і ўбачыла духоўную прыгажосць, працавітасць і пачуццё адзінства з прыродай. “Каралевай жывога слова і пакутлівай праўды” назваў яе яшчэ пры жыцці беларускі паэт Ф. Багушэвіч, тым самым вызначыўшы галоўныя рысы яе пісьменніцкага таленту – гуманізм, шчырасць і праўдзівасць.
Нарадзілася Э. Ажэшка ў радавітай шляхецкай сям’і Паўлоўскіх у маёнтку Мількаўшчына, непадалёку ад Гродна. Як сваім маленствам, так і ўсім свядомым жыццём яна была цесна звязана з гэтым старажытным беларускім горадам і яго ваколіцамі. Менавіта тут напісала свае лепшыя творы. Самым захапляючым заняткам у дзяцінстве для Элізы было чытанне. Пасля заўчаснай смерці бацькі засталася вялікая бібліятэка, а таксама цудоўная калекцыя карцін. Бацькава бібліятэка ў далейшым значна паўплывала на духоўнае развіццё Элізы. Тым больш што ў доме вельмі шанаваліся польскія традыцыі. Дзяўчынка валодала дзвюма мовамі – польскай і французскай. Беларускую мову будучая пісьменніца чула ад сялянскіх дзяцей, сваіх сяброў і трохі размаўляла на ёй. Пасля смерці старэйшай сястры Элізу аддалі на выхаванне ў манастырскі пансіён у Варшаве, у якім яна прабыла пяць гадоў (1852–1857). Выхаванне там вялося зыходзячы з традыцыйнага погляду на ролю жанчыны ў шляхецкім асяроддзі: многа часу адводзілася на засваенне свецкіх манер, ігры на фартэпіяна і ўдасканаленне французскай мовы. Аднак самымі любімымі для Элізы былі лекцыі па польскай літаратуры. Пасля заканчэння пансіёна дзяўчыну выдалі замуж за палескага шляхціца Пятра Ажэшку, які быў у сваяцтве амаль з усёй павятовай знаццю. Зімой 1858 г. сям’я перабралася ў маёнтак Людвінова (цяпер вёска ў Драгічынскім раёне). Маладая жанчына мала цікавілася маёнткам: яна захаплялася чытаннем кніг. У гэты час з’явілася прагрэсіўная польская літаратура, якая заклікала змагацца супраць прыгону, абуджала грамадскую актыўнасць. Безумоўна, гэта літаратура вельмі паўплывала на Элізу. У 1862 г. разам з малодшым братам мужа Фларыянам яна арганізавала школу для вясковых дзяцей, дзе навучалася 20 хлопчыкаў.
Выключную ролю ў фарміраванні светапогляду пісьменніцы адыгралі сялянская рэформа і нацыянальна-вызваленчая барацьба 1863–1864 гг. у Беларусі. Эліза Ажэшка была не толькі сведкай, але і ўдзельніцай гэтай гераічнай барацьбы супраць расійскага самадзяржаўя. У час паўстання 1863–1864 гг. яна стала сувязной партызанскага атрада Р. Траўгута, што дзейнічаў на тэрыторыі беларускага Палесся. Дапамагала паўстанцам медыкаментамі і прадуктамі харчавання, стварыла “жаночы легіёнік”, які выпякаў хлеб, мыў бялізну, трымаў з атрадам пастаянную сувязь. Перажыўшы горыч разгрому паўстання, Эліза пачала пісаць. У 1866 г. у часопісе “Тыгоднік ілюстраваны” з’явілася яе першае друкаванае апавяданне “Малюнак з галодных гадоў” – успаміны пра голад у беларускай прыгоннай вёсцы. З гэтага твора пачаўся вялікі мастацкі цыкл пра беларусаў, а мастацкая творчасць стала клопатам жыцця і адзіным сродкам для існавання. У далейшым Э. Ажэшка перайшла да жанру рамана. У творах знайшлі адбітак разважанні пісьменніцы наконт буржуазнага прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту (“У клетцы”, “На правінцыі”, абодва 1870; “Цнатлівыя”, 1871). Аднак у хуткім часе рэчаіснасць унесла свае змены ў творчасць і яна звярнулася да рэалістычнага кірунку. Пісьменніца выступала за раўнапраўе жанчын у грамадстве (аповесці “Апошняе каханне”, 1868; “Пан Граба”, 1869–1870; “Марта”, 1873), абараняла інтарэсы працоўных (зборнік апавяданняў “З розных сфер”, 1879–1882), крытыкавала шляхецкую арыстакратыю (раман “Пампалінскія”, 1876). У гэтых творах адчуваецца выразны мастацкі стыль, а рэалістычныя замалёўкі з жыцця прасякнуты спачуваннем да пакрыўджанай беднаты.
80-я гг. ХІХ ст. – час найвялікшага ўздыму творчасці Э. Ажэшкі, калі быў напісаны найбольш значны раман “Над Нёманам” (1887), дзе ўзнімаліся надзённыя праблемы тагачаснай рэчаіснасці. Ён заняў ганаровае месца не толькі ў польскай, але і сусветнай літаратуры, пра што сведчаць шматлікія пераклады на замежныя мовы. У аповесцях “Нізіны” (1884), “Дзюрдзі” (1885), “Хам” (1888), апавяданнях “Рэха”, “Тадэвуш”, “У зімовы вечар” (публікавалася і пад назвай “Зімовым вечарам”) Э. Ажэшка расказала аб жыцці беларускага народа, стварыла яго псіхалагічна дакладны вобраз.
Пісьменніца сур’ёзна займалася вывучэннем фальклору і этнаграфіі, даследавала народны светапогляд, нацыянальны характар і культуру беларусаў. Беларускаму фальклору прысвечаны нарыс “Людзі і кветкі на берагах Нёмана” (1888–1891), куды ўключаны запісы твораў вуснай народнай творчасці Гродзеншчыны (лірычныя песні, балады, прымаўкі, загадкі), а таксама беларускія назвы каля 400 траў. У сваім апошнім зборніку навел “Gloria victis” (“Слава пераможаным!”, 1910) пісьменніца ўспамінае аб гераічнай нацыянальна-вызваленчай барацьбе беларускага і польскага народаў, раскрывае трагедыю патрыётаў-шляхціцаў, не падтрыманых простым народам. Творы Э. Ажэшкі адыгралі пэўную ролю ў станаўленні беларускага тэатра. Яе інсцэніраваныя аповесць “Хам” і апавяданне “У зімовы вечар” ставіліся Першай беларускай трупай І. Буйніцкага ў 1910–1912 гг., Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі, створаным Ф. Ждановічам. Менавіта пастаноўкай спектакля “У зімовы вечар” адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр.
Спадчына Э. Ажэшкі вялікая – больш за пяцьдзясят тамоў твораў розных празаічных жанраў. Да іх далучаецца дзесяць тамоў твораў эпісталярнага жанру высокай мастацкай вартасці: лісты да літаратараў, людзей навукі, сяброў-пісьменнікаў, перакладчыкаў, рэдактараў і выдаўцоў. Яе творы перакладзены на 20 еўрапейскіх моў. Усе раманы, аповесці, апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы звязаны з канкрэтнымі асаблівасцямі жыцця беларускага і польскага народаў у другой палове ХІХ ст. У творах заўсёды закранала вострыя праблемы сучаснасці, імкнулася перадаць сутнасць і дух часу. Незвычайна чуйная да грамадскіх змен, яна хвалявала чытачоў праўдай свайго мастацтва, шчырай любоўю да чалавека. У творчасці пісьменніцы над усім пераважаюць рашучы пратэст супраць усякага сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, бязмежная вера ў навуку, чалавечы розум, неабходнасць працы.
Эліза Ажэшка пісала на польскай мове, але заняла ў гісторыі беларускай літаратуры асаблівае месца. Пісьменніца са спачуваннем і пашанай ставілася да працавітага беларускага народа, вывучала яго жыццё і побыт, любіла беларускія краявіды, сабрала багаты і арыгінальны фальклорны матэрыял. Пра Э. Ажэшку пісьменнік-краязнавец У. Содаль сказаў такія словы: “Ажэшка, як ніхто да яе, апавядала свету пра беларусаў і Беларусь. Яна для нашага краю, як Гогаль для Украіны. Той быў сувязны між Украінай і Расіяй, а яна – між Беларуссю і Польшчай.”*
Памерла Э. Ажэшка ў Гродне. У 1929 г. у гэтым горадзе пісьменніцы ўстаноўлены помнік, яе імем названа адна з галоўных вуліц. У 2001 г. у доме, дзе жыла Э. Ажэшка, адкрыты музей.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.
* Цыт. па: Славянскія мовы, літаратуры і культуры: этнас у святле гісторыі і сучаснасці : зб. навук. прац / УА “Гродзен. дзярж. ун-т імя Я. Купалы” [і інш.] ; пад рэд. Святланы Мусіенкі. Гродна, 2003. С. 63.