Дата рождения:
15.05.1922 Сямёнаўка, в., Клімавіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
24.02.2002
Краткая справка:
пісьменнік, драматург, кінарэжысёр, сцэнарыст
Варианты имени:
Васілеўскі Пятро
Имена на других языках:
Василевский Пётр Савельевич (русский);
2072 символа
Справка
Пётр Савельевіч Васілеўскі нарадзіўся 15 мая 1922 г. у в. Сямёнаўка на Магілёўшчыне ў сялянскай сям’і. У 1940 г. пасля заканчэння Журавіцкай дзесяцігодкі быў прызваны ў армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Карэла-Фінскім фронце, быў двойчы паранены. З 1942 г. працаваў у армейскіх газетах.
Пасля дэмабілізацыі П. С. Васілеўскі ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю газеты “Сталинская молодёжь”. Вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КП Беларусі (1946), на рэжысёрскім факультэце Усезаюзнага інстытута кінематаграфіі (1947–1953). Пасля заканчэння вучобы і да 1988 г. працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Як сцэнарыст і рэжысёр Пётр Савельевіч удзельнічаў у пастаноўцы мастацкіх і дакументальных фільмаў “Беларускі канцэрт” (1955), “Палеская легенда” (1957), “Расказы аб юнацтве” (1961), “Рагаты бастыён” (1964), “Выкрыццё” (1966), “Беларусь сёння”, “Крокі ў заўтра”, “Жывіце даўжэй, хлопцы” (усе – 1973) і інш.
Першыя свае апавяданні як пісьменнік пачаў публікаваць у вайсковых газетах “Боевой путь” і “Сталинский боец” яшчэ ў 1942 г. Першая кніга – аповесць “Новый день” – была надрукавана ў 1956 г. Пісаў на рускай і беларускай мовах, пераважна ў галіне драматургіі. П. С. Васілеўскі з’яўляецца аўтарам п’ес “Год дзевяцьсот семнаццаты” (“Год здзяйсненняў”, пастаўлена ў 1957 г.), “Чалавек вярнуўся” (1959), “Любоў, Надзея, Вера...” (1960), “Дзіўны дом” (1962), “Твой заўтрашні дзень” (1967) і інш. Выдаў зборнікі выбраных п’ес “Твой заўтрашні дзень” (1968), “Образ жизни” (1984). Яго драматычныя творы ў розныя гады ставіліся Гродзенскім абласным драматычным тэатрам, Бабруйскім вандроўным беларускім драматычным тэатрам, Брэсцкім абласным драматычным тэатрам, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я. Купалы.
Пётр Савельевіч выступаў у друку і як крытык, пісаў артыкулы пра тэатр і тэатральную дзейнасць: “Смеласць тэатра”, “У пошуках свайго драматурга”, “Сто шостая старонка пра каханне” і інш.
П. С. Васілеўскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалямі.