Краткая справка:
жывапісец, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982), прэміі Саюзнай дзяржавы (2010), кавалер ордэна Айчыннай вайны І і ІІ ст., Францыска Скарыны, уладальнік знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2003), ганаровы грамадзянін Мінска (2003)
Имена на других языках:
Shtchamyaleu Leanid Dzmitryevitch (английский); Щемелев Леонид Дмитриевич (русский); Щемелёв Леонид Дмитриевич (русский);
3977 символов
Справка
Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў, адзін з вядомых дзеячаў беларускай культуры, нарадзіўся ў Віцебску. Пасля заканчэння сямігадовай школы вучыўся на шаўца ў фабрычна-заводскім вучылішчы пры абутковай фабрыцы імя Фабрыцыуса. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у вызваленчых баях, быў паранены. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1952), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1959). Сярод настаўнікаў быў жывапісец В. К. Цвірка, які аказаў значны ўплыў на станаўленне талента Л.Д. Шчамялёва.
З 1958 г. ён прымаў удзел у мастацкіх выстаўках. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Творам Л.Д. Шчамялёва ўласцівы гістарызм, мяккі лірызм, драматызм, рамантызм. Вядомасць мастаку прынесла карціна «Маё нараджэнне» (1967). Гістарычнай тэме прысвечаны палотны «Рэпін у Здраўнёве» і «Вяртанне. Мікола Гусоўскі» (1980), «Віцебск у вайне 1812 года» (1984), «Бярэзіна 1812 года» (1996) і інш. Кантраснасцю дэталей вылучаюцца творы пра Вялікую Айчынную вайну «Успамін. 9 мая» (1965), «Няміга 1942 года» (1966), «Палявы трыбунал» (1974), «Генерал Даватар» (1975), «Навальніца. 22 чэрвеня 1941 года» (1978), «Ідзе вайна народная» (1986), «Партызаны. 1941» (1981), «Халодны вялікдзень» (1997), «Святочны салют у Ракаве» (2007) і інш. Прыгажосць роднай зямлі, рэгіянальныя, прыродныя, культурныя асаблівасці Беларусі адлюстраваны ў ліра-эпічных жывапісных палотнах «Вязынка» (1976), «Івянецкія льны» і «Край мой, Міншчына» (1977), «Лошыца» і «Крыніца» (1978), «Субота ў Новым полі» (1979), «Радзіма» (1981), «Цёплая восень» і «Зіма ў Ракаве» (1982), «Мінула лета» (1986), «Госці ў дом» (1987), «Успаміны аб Віцебску» і «Лета ў Астрашыцкім» (1994), «Зіма ў Пінску» (1996), «На пясчанай касе» (2000), «Свежы снег» (2001), «Вясна ў Дамашанах» і «Зіма ў Дамашанах» (2002), «Вечар на Астрашыцкім возеры» (2004), «Двор на вуліцы Сурганава» (2007), «Віцебск. Гарадзецкая вуліца» (2008) і інш.
Псіхалагічнай глыбінёй вылучаюцца партрэты дзеячаў беларускай гісторыі і культуры – М. Шчакаціхіна (1978), Г. Вашчанкі (1980), В. Цвіркі і Т. Бондар (1982), Б. Крэпака (1985), А. Кішчанкі (1987), У. Тоўсціка (1989) і інш. Асаблівую ўвагу прыцягваюць жыццесцвярджальныя жаночыя вобразы «Святлана» (1975), «Дочкі» і «Сёстры» (1976), «Іпадром» (1979), «Партрэт дзяўчыны» (1981), «Алена Астрэйка» (1986), «Партрэт мастачкі Люды Шчамялёвай» (1988), «Ядвіга» (1990), «Арэлі» (1991), «Каця з коцікам» (1993), «Ганулька» (1996), «Партрэт музыказнаўцы Элеаноры Язерскай» (2010), «Партрэт мастачкі Ірыны Радаевай» (2011) і інш. У творах мастака адлюстраваны псіхалагічны стан і пачуцці герояў, чалавечыя каштоўнасці, непаўторнасць жыцця, любоў да Радзімы. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў палотнах «Вяселле» (1967), «Сямнаццацігадовыя» (1976), «Ліставей» (1977), «Крэсла бацькі» (1978) і інш.
Леанід Дзмітрыевіч займаўся педагагічнай дзейнасцю, выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1959–1967), Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (1968–1974), на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) (1975–1977).
У 1982 г. за цыкл пейзажаў «Край мой, Міншчына» Л.Д. Шчамялёў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. У 2010 г. стаў лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы. У 1977 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1983 г. – народнага мастака БССР. Жывапісец узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1993), ордэнам Францыска Скарыны (2001), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2003) і інш. У 2003 г. у Мінску адкрыта Гарадская мастацкая галерэя імя Л.Д. Шчамялёва. Яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі і Цэнтральным доме мастака (Масква), музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.