Дата рождения:
29.01.1923 Княжыцы, аг., Магілёўскі раён
Дата смерти:
15.04.2018
Краткая справка:
вучоны-хімік, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980), кавалер ордэнаў Славы ІІІ ступені (1944), Чырвонй Зоркі (1945), Францыска Скарыны (1999) і інш.
Имена на других языках:
Комаров Владимир Семёнович (русский);
3102 символа
Справка
Вядомы беларускі хімік Уладзімір Сямёнавіч Камароў нарадзіўся ў в. Княжыцы (Магілёўскі раён) у сялянскай сям'і. У 1941 г. скончыў сярэднюю школу. Далейшую вучобу прыпыніла Вялікая Айчынная вайна, па дарогах якой юнак прайшоў нялёгкі шлях: быў разведчыкам, удзельнічаў у баях на Далёкім Усходзе. Пасля дэмабілізацыі паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1952 г. паступіў у аспірантуру Інстытута хіміі АН БССР, дзе вывучаў тэрмадынаміку набракання высокамалекулярных рэчываў у бінарных растворах, што з'явілася асновай для кандыдацкай дысертацыі. Абагульненнем даследаванняў стала манаграфія «Каучукоподобные полимеры-сорбенты и хроматографические материалы» (1959 г., у суаўтарстве з Г.Л. Старобінцам) – першая навуковая работа, выдадзеная ў Беларусі ў пасляваенны час. Пасля падзелу Інстытута хіміі У.С. Камароў перавёўся ў Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, які стаў нязменным месцам яго працы. У 1964 г. Уладзімір Сямёнавіч Камароў быў прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай працы, пазней выконваў абавязкі дырэктара, у 1969 г. узначаліў інстытут. Пад кіраўніцтвам вучонага была створана лабараторыя прыродных адсарбентаў і каталізатараў, дзе разгарнуліся шырокія даследаванні глін Беларусі. Вынікі даследаванняў ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі, якую вучоны паспяхова абараніў у 1968 г., былі прадстаўлены ў манаграфіі «Адсорбционно-структурные, физико-химические и каталитические свойства глин Белоруссии» (1970 г.). У гэтым жа годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1980 г. стаў акадэмікам АН БССР.
Вялікі ўклад унёс У.С. Камароў у распрацоўку тэорыі і раскрыццё механізму рэгулявання структуры адсарбентаў і каталізатараў. Вынікі даследаванняў былі раскрыты ў манаграфіях: «Физико-химические основы регулирования пористой структуры адсорбентов и катализаторов» (1981), «Структура и пористость адсорбентов и катализаторов» (1988), «Адсорбенты: вопросы теории, синтеза и структуры» (1997). Шырокае кола навуковых інтарэсаў, глыбокае тэарэтычнае абгрунтаванне новых канцэпцый, стварэнне навуковай школы прынеслі вучонаму сусветнае прызнанне. Вядомае навуковае выдавецтва Elsevier (Германія) 1996 г. выпусціла кнігу «Адсорбция на новых и модифицированных неорганических сорбентах», у якой У.С. Камароў з’яўляецца аўтарам аднаго з раздзелаў. Вучоны апублікаваў больш за 800 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій (апошняя «Научные основы синтеза адсорбентов» выйшла ў 2013 г.).
Плённая навуковая дзейнасць У.С. Камарова была адзначана прысваеннем яму ганаровага звання «Заслужаны дзеяч навукі БССР» (1978) і прысуджэннем Дзяржаўнай прэміі БССР (1980). У 1999 г. вучоны атрымаў прэмію НАН Беларусі за манаграфію «Теория, синтез, структура и свойства получаемых адсорбентов». Уладзімір Сямёнавіч Камароў – кавалер ордэнаў Славы ІІІ ступені (1944), Чырвонай Зоркі (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1983), Айчыннай вайны І ступені (1985), Францыска Скарыны (1999).
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.