Незвычайная працаздольнасць, арганізатарскі талент, жаданне дайсці да глыбіні пытанняў і праблем – якасці, што заўжды вылучалі выдатнага вучонага Георгія Канстанцінавіча Гаранскага.
Нарадзіўся ён у Казані (Расія) у сям’і афіцэра рускай арміі, які быў родам з Полацка. У 1925 г. бацькі пераехалі ў Віцебск, потым у Мінск. Пасля заканчэння сямігодкі Г. Гаранскі працаваў рознарабочым у будаўнічых арганізацыях і адначасова вучыўся на вячэрнім рабфаку Беларускага будаўнічага інстытута. У 1933 г. стаў студэнтам механічнага факультэта Беларускага палітэхнічнага інстытута (БПІ). Пасля заканчэння працаваў галоўным механікам на Мінскай шчотачнай фабрыцы, канструктарам на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава і па сумяшчальніцтву асістэнтам у БПІ на кафедры “Тэхналогія машынабудавання”.
Восенню 1939 г. Г. Гаранскі быў прызваны ў армію, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг., ваяваў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені і Чырвонай Зоркі, а таксама шматлікімі медалямі. У верасні 1945 г. вярнуўся ў Мінск і зноў пачаў працаваць на заводзе Кірава галоўным тэхнолагам, у БПІ – дацэнтам, выконваў абавязкі загадчыка кафедры. У пачатку лета 1946 г. быў прызначаны дэканам механічнага факультэта. Праз два гады Георгій Канстанцінавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю і з гэтага часу поўнасцю прысвяціў сябе навуцы. Ён першым у рэспубліцы распрацаваў тэарэтычныя асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхналагічных працэсаў у машынабудаванні.
У 1957 г. Г. К. Гаранскі выконваў абавязкі дырэктара Інстытута машыназнаўства і аўтаматызацыі. Вучонаму давялося ўзяць на сябе нялёгкія функцыі арганізатара калектыву, вызначыць тэматыку працы, разгарнуць даследаванні. У 1953–1960 гг. ён напісаў і апублікаваў серыю з 6 кніг па механічнай апрацоўцы, інструментах, станках, якія сталі настольнымі дапаможнікамі машынабудаўнікам, аглядам дасягненняў навукі па механічнай апрацоўцы металаў, аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Манаграфіямі “К теории автоматизации инженерного труда” (1962) і “Расчет режимов резания с помощью ЭВМ” (1963) Г. К. Гаранскі заклаў падмурак навуковага напрамку – аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні. У 1963 г. вучоны быў прызначаны намеснікам дырэктара Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР.
8 кастрычніка 1964 г. Прэзідыум АН СССР пастанавіў арганізаваць у АН БССР Інстытут тэхнічнай кібернетыкі, які згодна з рашэннем Савета Міністраў БССР быў створаны 10 лютага 1965 г. Яго дырэктарам прызначылі Г. К. Гаранскага. Энергічны і няўрымслівы ў працы, ён шмат паспеў зрабіць: сабраў кваліфікаваны калектыў навуковых супрацоўнікаў, якому даверылі быць галоўным у СССР па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці і канструявання; падрыхтаваў і абараніў у 1968 г. доктарскую дысертацыю; стаў прафесарам і членам-карэспандэнтам АН БССР (1969). Да працы Інстытута праяўлялі вялікую цікавасць многія айчынныя навуковыя ўстановы і прадпрыемствы. Пачалося шырокае супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. Георгій Канстанцінавіч пабываў у Англіі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі і інш., чытаў лекцыі ў Таронта (Канада), выступаў на форумах, у тым ліку на Першым міжнародным кангрэсе кібернетыкі ў Лондане (1969).
У 1971 г. ён арганізаваў і на працягу 12 гадоў узначальваў Мінскі філіял Цэнтральнага навукова-даследчага тэхналагічнага інстытута абарончай прамысловасці. У гэты перыяд вучоны падрыхтаваў і апублікаваў дзве грунтоўныя манаграфіі “Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении” (1976) і “Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства” (1981). З 1985 г. Г. К. Гаранскі працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце навукова-тэхнічнай інфармацыі. У 1993 г. – зноў у Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі, дзе кіраваў выкананнем важнага раздзела вялікай тэмы ў галіне фундаментальных навук і асабіста даследаваў заканамернасці пабудовы комплекснай вытворчай сістэмы і новых інфармацыйных тэхналогій праектавання і вытворчасці. У 1997 г. разам з вядучымі супрацоўнікамі Інстытута апублікаваў 14-ю манаграфію “Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения”. 15-я засталася незавершанай: 8 лістапада 1999 г. Г. К. Гаранскі памёр. Акрамя кніг, Георгій Канстанцінавіч падрыхтаваў больш за 200 навуковых прац, у тым ліку шэраг вынаходстваў і стандартаў. Уражвае яго педагагічная дзейнасць: Г. К. Гаранскі стварыў моцную навуковую школу, дзе сталі кандыдатамі навук 38 яго вучняў з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі і іншых краін, а 8 з іх атрымалі вышэйшую вучоную ступень доктара навук.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.