Краткая справка:
польскі вучоны ў галіне філасофіі і этнаграфіі, збіральнік беларускага фальклору
Имена на других языках:
Weryho (не определен); Верига Владислав (русский);
2362 символа
Справка
Уладзіслаў Вярыга нарадзіўся ў Пскове ў сям’і ўдзельніка паўстання 1863–1864 гг., які пасля канфіскацыі маёнтка пад Полацкам пераехаў у Расію. Ва ўзросце 8 гадоў хлопчык застаўся сіратой і знаходзіўся пад апекай бабулі. Вучыўся спачатку ў Пскоўскай, затым у Санкт-Пецярбургскай гімназіях. Пасля заканчэння навучання ў 1885 г. накіраваўся на радзіму бацькоў, дзе ўладкаваўся на службу ў маёнтку Глыбокае (непадалёк ад Шчучына). Падчас знаходжання на Беларусі У. Вярыга зацікавіўся вуснай сялянскай паэзіяй, у выніку чаго пазнаёміўся з вядомым вучоным ў гэтай галіне, рэдактарам краязнаўчага часопіса “Вісла” Я. Карловічам. Малады даследчык увесь свой вольны час прысвяціў этнаграфічным назіранням і запісам твораў фальклору. За вельмі кароткі тэрмін ён запісаў ад сялян звыш 400 песень, некалькі дзясяткаў мелодый, стаў карэспандэнтам славутага навукоўца, выконваў яго заданні і просьбы, накіроўваў яму вынікі сваёй працы і запісы твораў вуснай паэзіі, атрымліваў парады. У 1889 г. у часопісе “Збор звестак па айчыннай антрапалогіі” У. Вярыга апублікаваў сваю першую працу “Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павета Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе”, у які ўвайшло больш за 40 беларускіх народных песень рознай тэматыкі. Таксама ён стаў аўтарам зборнікаў беларускіх і латышскіх чарадзейных і сацыяльна-бытавых народных казак “Беларускія паданні” (1889) і “Латышскія паданні” (1892).
З канца 1880-х гг. У. Вярыга жыў пераважна ў Польшчы. Працаваў у часопісе “Вісла”, дзе змяшчаў рацэнзіі на выдадзеныя кнігі і вынікі ўласнай збіральніцкай працы. Сярод публікацый гэтага перыяду артыкулы “З народнай медыцыны”, “Ольштын у народных апавяданнях”, “Спячыя рыцары” і інш. Фальклорна-этнаграфічную работу даследчык спалучаў з вучобай у Варшаўскім універсітэце, дзе набываў філалагічную адукацыю. У далейшым вучыўся ў Берліне, Празе, Берне, дзе сур’ёзна зацікавіўся філасофіяй. У Бернскім універсітэце ў 1892 г. абараніў дысертацыю на тэму “Маркс як філосаф” і атрымаў ступень доктара філасофіі. Пасля вяртання ў Польшчу У. Вярыга поўнасцю прысвяціў сябе заняткам філасофіяй. Ён з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса “Філасофскі агляд” (1898–1916), удзельнікам стварэння Польскага філасофскага таварыства ў Львове і Польскага таварыства псіхолагаў у Варшаве.