Дата рождения: 15.06.1923
Дата смерти: 11.11.2009
Краткая справка: артыстка оперы (мецца-сапрана), педагог, народная артыстка Беларусі
Имена на других языках: Галушкина Лидия Ивановна (русский);
Лідзія Іванаўна Галушкіна нарадзілася ў г. Іванава (Расія). У 1950 г. закончыла Маскоўскую кансерваторыю (клас Ф. Пятровай). З 1951 па 1981 г. працавала салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Адначасова з 1974 г. выкладала сольныя спевы ў Беларускай акадэміі музыкі.
Лідзія Галушкіна выканала шмат партый у оперных творах беларускіх кампазітараў. Першай вялікай творчай удачай спявачкі стала роля галоўнай гераіні ў оперы «Надзея Дурава» А. Багатырова (1956). Артыстка правяла вялікую складаную работу над вакальна-сцэнічным вобразам Надзеі Дуравай, здолела знайсці сваю, арыгінальную трактоўку ролі. Яе выкананне было драматычна насычаным і сцэнічна яркім. Партыя Мальвіны з оперы «Калючая ружа» Ю. Семянякі (1960), хоць і невялікая, была выканана Л. Галушкінай бездакорна. Спявачка прыўнесла ў вобраз сваёй гераіні асаблівую цеплыню і шчырасць. Гэтаму садзейнічалі і яе вакальныя даныя (мяккае, насычанае мецца-сапрана), і артыстычны такт, што дазволілі пазбегнуць меладраматызму ў дынамічна насычаных сцэнах. Безумоўнай удачай спектакля «Зорка Венера» Ю. Семянякі (1970) з'явіўся вобраз Веранікі ў выкананні Л. Галушкінай. Спявачка ў сваёй ролі выглядала прывабна і артыстычна. Ёй удалося раскрыць такія якасці чалавечага характару, як душэўнасць, паэтычнасць, дабрыня. Гэты вобраз атрымаўся блізкім да тых класічных партый, што апяваюць самаахвярнасць жанчыны. У новым сцэнічным варыянце оперы «Алеся» Я. Цікоцкага (1967) героіка-патрыятычны пачатак быў выведзены на першы план у вобразе Алесі. У выкананні Л. Галушкінай гэты персанаж атрымаўся выразным, кідкім і тэмпераментным.
Шмат добрых водгукаў рэцэнзентаў атрымала Л. Галушкіна за выкананне ролі Удавы кнігагандлёўца ў оперы «Джардана Бруна» С. Картэса (1977). Артыстка не толькі стварыла дакладны вобраз мяшчанкі-скнары, але і значна дапоўніла атрыманы ад аўтараў даволі скупы матэрыял сродкамі яркага гратэску, які часам набываў абуральна-вульгарную афарбоўку. Прызнанне тэатральнай грамадскасці мелі ролі спявачкі ў класічным і савецкім рэпертуары. Высокае вакальна-акцёрскае майстэрства Л. Галушкіна прадэманстравала ў ролі Амнерыс з оперы «Аіда» Дж. Вердзі (1953). У спектаклі «Вертэр» Ж. Маснэ (1959) Л. Галушкіна выканала партыю Шарлоты, вобраз якой спявачка вызначыла мяккасцю і лірычнасцю. Свабода паводзін на сцэне, лёгкасць і тэхнічная рухавасць спеваў артысткі стваралі сцэнічна прывабнае аблічча персанажа. Вобраз чароўнай дзяўчыны Клары, якая ўжо закахалася, але не рассталася з дзіцячымі капрызамі, стварыла Л. Галушкіна ў оперы «Заручыны ў манастыры» С. Пракоф'ева (1962). Яе гераіня вызначалася індывідуальнасцю, рамантызмам, увасобленымі яркімі вакальнымі і сцэнічнымі фарбамі.
Выдатна правяла Л. Галушкіна складаную, шырокага дыяпазону і багатую драматычнай сутнасцю партыю Клітэмнестры з оперы «Арэстэя» С. Танеева (1963). Спявачка здолела перадаць усе адценні псіхалагічнага стану сваёй гераіні – ад спапяляючай нянавісці, прыхаванай вераломным прытворствам уладарнай царыцы, да прыніжанага малення асуджанай на смерць злачыннай, але па-свойму няшчаснай жанчыны. У гэтай партыі Л. Галушкіна раскрыла сапраўды артыстычны тэмперамент, добры густ і сцэнічную непасрэднасць. Вобраз Кармэн у оперы Ж. Бізэ (1968), які меў даўнюю выканальніцкую традыцыю ў Беларусі, атрымаў цікавае і неардынарнае развіццё дзякуючы Лідзіі Галушкінай, якая паказвала сваю гераіню не ўладарнай, моцнай натурай, а перш за ўсё падкрэслівала яе жаноцкасць. Выкананню спявачкі былі ўласцівы лёгкасць, какетлівасць, тэмпераментнасць. Стрыманай у эмацыянальных адносінах увасоблена артысткай Марфа з оперы «Хаваншчына» М. Мусаргскага (1970). Спявачка падкрэслівала перакананасць у веры сваёй гераіні, яе чалавечую годнасць, суровую рашучасць змагацца да канца за свае перакананні.
У спектаклі «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава (1971) Л. Галушкіна выканала партыю ключніцы Амелфы. Спявачка дасягнула найбольшай арганікі з парадыйным характарам вядзення дзеяння ў пастаноўцы. Рэжысёр і актрыса значна ўзбуйнілі вобраз, які паўстаў перад гледачом не толькі ў якасці кемлівай і знаходлівай служанкі, якая пільна сочыць за выкананнем жаданняў цара. У спектаклі Амелфа – увасабленне тупасці, глупства і захаплення ўладаю: калі адсутнічае цар Дадон, яна кіруе царствам больш люта, чым ён сам. Спявачка добра адчувала прапанаваны пастаноўшчыкам гульнявы стыль спектакля і дакладна вырашыла пастаўленую перад ёй складаную мастацкую задачу.
Сярод партый Л. Галушкінай – Любаша («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Графіня («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Азучэна, Ульрыка («Трубадур», «Баль-маскарад» Дж. Вердзі), Аксіння («Ціхі Дон» І. Дзяржынскага) і інш.
Лідзія Галушкіна валодала яркім, прыгожым голасам, вялікай эмацыянальнасцю, здольнасцю да сцэнічнага пераўвасаблення. Найбольш блізкія ёй былі гераіні з моцнымі характарамі, драматычным і трагічным лёсам. Спявачка стала першай выканаўцай многіх камерных твораў беларускіх кампазітараў. Гастраліравала ў Венгрыі, Балгарыі і іншых краінах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.