Дата рождения:
19.04.1893 Дукора, аг., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
17.09.1985
Краткая справка:
драматург, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі, педагог, заслужаны настаўнік Беларусі
Имена на других языках:
Горбацевич Василий Савич (русский);
3671 символ
Справка
Цікавай, яркай старонкай гісторыі беларускай культуры з’яўляецца дзейнасць аднаго з пачынальнікаў беларускай савецкай драматургіі, педагога Васіля Савіча Гарбацэвіча, у творах якога паказана народнае жыццё і адлюстраваны непаўторныя рысы свайго часу.
Нарадзіўся ён у в. Дукора Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1913 г. скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Два гады працаваў настаўнікам Лютаўскай земскай школы Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1915 г. В. Гарбацэвіч паступіў у Мінскі настаўніцкі інстытут, які ў час Першай сусветнай вайны быў эвакуіраваны ў Яраслаўль. Тут на літаратурных вечарах пазнаёміўся з М. Багдановічам і яго творчасцю. У родную вёску В. Гарбацэвіч вярнуўся ў 1918 г. Настаўнічаў у Дукорскай школе да 1924 г. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме (1924–1929). Быў арганізатарам і кіраўніком магілёўскай філіі «Маладняка». У 1929–1933 гг. вучыўся ў Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. У 1933–1941 і 1945–1957 гг. працаваў настаўнікам у Дукорскай школе. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце, у 1943 г. пад Каневам быў цяжка паранены.
Васіль Гарбацэвіч займаўся не толькі педагагічнай працай. Доўгі час ён кіраваў драматычным гуртком у Дукоры. Першымі спектаклямі, пастаўленымі ім, былі «Паўлінка» Я. Купалы і «Антось Лата» Я. Коласа. Пазней у рэпертуар уключаны «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў», «За каменнай сцяной» У. Галубка, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Мікітаў лапаць» М. Чарота і іншыя пастаноўкі. У 1921 г. В. Гарбацэвіч напісаў п’есу «Вяселле», глыбока прасякнутую беларускім вясельным фальклорам. У гэтым жа годзе яна была пастаўлена на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра. Спектакль вызначаўся дакладным узнаўленнем старажытнага абраду, насычанага песнямі і танцамі. Васіль Гарбацэвіч пісаў п’есы пераважна на мясцовым матэрыяле – «К бяздонню» (пастаўлена ў 1922 г.), «Пад вішнёвымі садкамі» (апублікавана ў 1927 г.), «Максім Саравітан» (напісана ў 1927 г. на аснове гістарычных дакументаў, народных паданняў), «Песні нашых дзён» (прысвечана калектывізацыі, выдадзена ў 1930 г.) і інш. У 1923 г. апублікавана і пастаўлена п’еса «Чырвоныя кветкі Беларусі» (асобнае выданне ў 1959 г.) пра барацьбу беларускага народа супраць польскіх інтэрвентаў, удзельнікаў падпольнай камсамольскай арганізацыі ў Дукоры. Яна стала найбольш значнай сярод твораў драматурга, адрознівалася самабытнасцю, дастаткова высокім мастацкім узроўнем. Персанажы твора раздзелены на два лагеры. Адны ўвасабляюць дабро, высакароднасць, гуманнасць, свабодалюбства. Процілеглы лагер – гэта носьбіты зла, бесчалавечнасці, нізасці. Канфлікт паміж імі вырашаецца ў эмацыянальна-завостранай форме, пры гэтым аўтарскія сімпатыі і антыпатыі да кожнай катэгорыі вобразаў выяўляюцца недвухсэнсава. У п’есе арганічна пераплецена спалучэнне лірычнага, рамантычнага, гераічнага, трагічнага. Васіль Гарбацэвіч таксама напісаў успаміны пра сустрэчы з М. Багдановічам у Яраслаўлі, п’есу «Яраслаўскія вечары» (1927). У 1983 г. выйшаў зборнік п’ес «Чырвоныя кветкі Беларусі». Рамантычна-ўзвышаныя, прасякнутыя тонкім лірызмам і народнай дасціпнасцю яны насычаны фальклорнымі матывамі, яркай сцэнічнасцю, глыбокім веданнем народнай мовы. У творах адчуваецца сувязь паміж глыбокім патрыятычным пачуццём аўтара і яго захапленнем гісторыяй беларускага краю.
Васіль Гарбацэвіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, яму прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка Беларусі (1947). За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне атрымаў ордэн Айчыннай вайны I ступені і медалі. У 1981 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.