Краткая справка:
вучоны-фізік, заснавальнік навуковай школы па спектраскапіі і лазернай фізіцы, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1973), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950, 1972, 1982), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), узнагароджаны ордэнамі Леніна (1973), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1961, 1983), "Знак Пашаны" (1952), Дружбы народаў (1979)
Имена на других языках:
Степанов Борис Иванович (русский);
5376 символов
Справка
З імем Барыса Іванавіча Сцяпанава, выдатнага фізіка, вучонага сусветнага ўзроўню, звязаны асноўныя этапы станаўлення і развіцця навуковай школы па спектраскапіі і лазернай фізіцы ў Беларусі.
Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу ў сям’і рабочага. Вучыўся ў дзевяцігадовай школе, затым у фабрычна-заводскім вучылішчы. У 1936 г. скончыў фізічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Бубнова. Вучобу сумяшчаў з працай у Дзяржаўным аптычным інстытуце. Пасля атрымання дыплома паступіў у аспірантуру гэтай жа навуковай установы. У час Вялікай Айчыннай вайны пайшоў дабравольцам на фронт. Пасля яе заканчэння працягваў працаваць у Дзяржаўным аптычным інстытуце, дзе прайшоў шлях ад лабаранта да вучонага сакратара. У 1951–1953 гг. кіраваў лабараторыяй і быў намеснікам начальніка навуковага аддзела. Адначасова ў 1946–1950 гг. з’яўляўся дацэнтам у Ленінградскім інстытуце дакладнай механікі і оптыкі, у 1950–1951 гг. – прафесарам Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Жданава.
Найбольш плённы перыяд навуковай, арганізацыйнай і педагагічнай дзейнасці вучонага звязаны з Беларуссю. У 1953 г. ён пераехаў у Мінск, дзе быў выбраны акадэмікам Акадэміі навук БССР і стаў загадчыкам сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР. З 1955 г. вучоны прымаў удзел у арганізацыі першай навуковай спецыялізаванай установы – Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР, які ўзначальваў з 1957 па 1959 г. З 1959 па 1985 г. з’яўляўся дырэктарам Інстытута фізікі АН БССР. Пад яго кіраўніцтвам інстытут стаў аўтарытэтным навуковым цэнтрам, займаў лідзіруючыя пазіцыі ў галіне лазернай фізікі, фізікі элементарных часціц, фізічнай оптыкі і спектраскапіі. У 1953–1967 гг. Барыс Іванавіч загадваў кафедрай спектральнага аналізу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна.
Навуковыя работы Б.І. Сцяпанава прысвечаны тэарэтычнай спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, галаграфіі, оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 350 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій. Сярод іх – «Люминесценция сложных молекул» (1955), «Спектральный анализ» (1958), «Основы спектроскопии отрицательных световых потоков» (1961), «Введение в теорию люминесценции» (1963, у суаўтарстве), «Лазеры сегодня» (1977), «Очерки по истории оптической науки» (1978), «Лазеры на красителях» (1979) і інш. Вучоны займаўся распрацоўкай праблем люмінесцэнцыі і паглынання святла, трансфармацыі энергіі ўзбуджэння ў малекулах і крышталях, агульнымі пытаннямі ўзаемадзеяння святла з рэчывам і інш. Першыя даследаванні былі прысвечаны тэорыі праяўлення ўзаемадзеяння энергетычных узроўняў у спектрах малекул і малекулярных ланцужкоў, тэорыі ваганняў шмататамных малекул. Іх вынікі знайшлі адлюстраванне ў кандыдацкай дысертацыі на тэму «Исследование резонансных возмущений в спектрах двухатомных молекул», якую вучоны абараніў у 1939 г. У далейшым ён распрацаваў эфектыўныя метады разліку вагальных спектраў малекул, выканаў разлік і аналіз спектраў вялікай колькасці малекул вуглевадародаў. Па матэрыялах гэтых даследаванняў Б.І. Сцяпанаў у 1948 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Расчет частот колебаний сложных органических молекул». Разам з М.А. Ельяшэвічам і М.У. Волькенштэйнам ён апублікаваў манаграфію «Колебания молекул» (1949), якая ў 1950 г. была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі СССР. Адразу пасля пераезду ў Мінск ён прыняўся за рэалізацыю шырокага кола даследаванняў, звязаных з праблемамі малекулярнага спектральнага аналізу, развіццём тэарэтычнай спектраскапіі, што стала асновай для развіцця беларускай спектраскапічнай школы. У 1957 г. прапанаваў формулу суадносін паміж спектрамі паглынання і выпрамянення складаных малекул і паўправаднікоў, якая атрымала назву «Універсальныя суадносіны Сцяпанава». У 1960-я гг. вучоны займаўся даследаваннямі ў галіне квантавай электронікі і лазернай спектраскапіі. Дзякуючы Б.І. Сцяпанаву былі выяўлены шляхі павышэння эфектыўнасці работы лазераў, распрацаваны шматлікія спосабы іх прымянення. У 1972 г. за стварэнне новага тыпу лазераў з плаўнай пераналадкай частаты ў шырокім дыяпазоне спектра ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Значным дасягненнем вучонага стала распрацоўка метадаў разліку энергетычных і часавых характарыстык цвердацельных аптычных квантавых генератараў, за што ў 1976 г. ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Вядомасць атрымаў цыкл работ «Фізічныя асновы дынамічнай галаграфіі і новыя метады пераўтварэння прасторавай структуры светлавых пучкоў», выкананы Б.І. Сцяпанавым сумесна з вучнямі, за які ў 1982 г. ён у трэці раз атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Барыс Іванавіч унёс значны ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў. Ён прыцягваў да навукова-даследчай работы таленавітых студэнтаў і выпускнікоў. Пад кіраўніцтвам Б.І. Сцяпанава абаронена больш за 50 кандыдацкіх і 14 доктарскіх дысертацый.
За шматгранную навуковую, навукова-арганізацыйную і педагагічную дзейнасць вучоны быў удастоены звання заслужанага дзеяча навукі БССР (1967). Ён узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1952), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1961, 1983), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Леніна (1973), Дружбы народаў (1979), залатым медалём імя С.І. Вавілава Акадэміі навук СССР (1967). У 1973 г. атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У 1988 г. Інстытуту фізікі АН БССР прысвоена імя Б.І. Сцяпанава. На будынку інстытута ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар.