Краткая справка:
вучоны-філосаф, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Степанов Василий Иванович (русский);
3727 символов
Справка
Васіль Іванавіч Сцяпанаў нарадзіўся ў с. Залатое Камышынскага павета Саратаўскай губерні (цяпер Краснаармейскі раён Саратаўскай вобласці, Расія) у сям’і рамесніка. Скончыў Акадэмію камуністычнага выхавання імя Н. К. Крупскай (1932). Пасля атрымання дыплома працягваў вучобу ў аспірантуры, адначасова выкладаў у вышэйшых навучальных установах у Маскве. У 1935 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Н. Г. Чернышевский и диалектический материализм». У 1935–1942 гг. працаваў у Сталінградскім педагагічным інстытуце, быў дацэнтам, дэканам гістарычнага факультэта, загадчыкам кафедры сацыяльна-эканамічных навук, дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму, марксізму-ленінізму, прарэктарам па навуковай рабоце. У 1942–1943 гг. з’яўляўся дацэнтам Дзяржаўнага педагагічнага інстытута ў г. Бірск (Расія). З 1943 г. служыў у арміі. У 1947–1979 гг. загадваў кафедрай філасофіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна (БДУ). У 1962–1967 гг. адначасова быў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ. У 1961 г. В. І. Сцяпанаву прысвоена званне прафесара, а ў 1967 г. ён быў выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР.
Вучоны даследаваў законы і катэгорыі дыялектыкі ў адзінстве з тэорыяй пазнання і логікай, іх значэнне ў развіцці прыродазнаўчых навук, вывучаў роль дыялектыкі ў практычнай дзейнасці. Шмат увагі надаваў праблемам тэорыі сацыялізму, сацыяльнай структуры савецкага грамадства ў працэсе камуністычнага будаўніцтва. Васіль Іванавіч з’яўляецца аўтарам больш за 100 навуковых прац, прысвечаных тэорыі пазнання, дыялектычнаму матэрыялізму, асаблівасцям ленінскага этапу ў развіцці дыялектыка-матэрыялістычнай тэорыі пазнання, гісторыі рускай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі, філасофскім і сацыялагічным поглядам М. Ламановаса і рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў В. Бялінскага, А. Герцэна, М. Дабралюбава, М. Чарнышэўскага і інш. Сярод іх – манаграфія «Философские и социологические воззрения В. Г. Белинского» (1959), па матэрыялах якой у 1960 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю. Пры ўдзеле В. І. Сцяпанава ў Маскве была апублікавана кніга беларускіх філосафаў пад назвай «О “Философских тетрадях” В. И. Ленина» (1959). Вучоны падрыхтаваў таксама работы «Роль интеллигенции в формировании нового духовного облика народа» (1970), «Великий образец воинствующей партийности» (1973) і інш. Васіль Іванавіч ‒ адзін з аўтараў кнігі «Общество против человека: критика антигуманной сущности современного капитализма» (1983). Пры яго ўдзеле былі напісаны і выдадзены калектыўныя працы выкладчыкаў і супрацоўнікаў Інстытута філасофіі і права АН БССР, сярод якіх – «Диалектический материализм как методология естественнонаучного познания» і «Социальные изменения рабочего класса Белоруссии» (1965), «Структура советской интеллигенции» (1970) і інш. Вучоны ўнёс значны ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў у галіне філасофіі. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 4 доктарскіх і больш за 30 кандыдацкіх дысертацый.
Васіль Іванавіч быў членам Камітэта па Ленінскіх прэміях у вобласці навукі і тэхнікі пры Савеце Міністраў СССР (1962–1966), членам рэдкалегіі часопісаў «Коммунист Белоруссии», «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Навуковы камунізм. Эканоміка. Права», членам рэдакцыйнага савета і навуковым кансультантам «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (у 12 т., 1969–1975), членам вучоных саветаў па абароне доктарскіх дысертацый па філасофіі БДУ і Інстытута філасофіі і права АН БССР.
За шматгранную навуковую і педагагічную дзейнасць В. Сцяпанаву ў 1977 г. прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1961), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалямі, граматамі.