Дата рождения: 10.05.1883
Дата смерти: 03.08.1971
Краткая справка: пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Псевдонимы: Мавр Янка; Маўр Я.; Маўр Янка; Сталы Я.
Имена на других языках: Фёдоров Иван Михайлович (русский);
Іван Міхайлавіч Фёдараў, вядомы пад псеўданімам Янка Маўр, з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнікам яе прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у г. Лібава (цяпер г. Ліепая, Латвія) у сям’і рабочага. Бацька Я. Маўра быў адстаўным салдатам Руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг., паходзіў з сялян і ў пошуках працы прыехаў у Лібаву, дзе ўладкаваўся сталяром на фабрыку. Пасля яго смерці маці вярнулася на радзіму – у в. Лебянішкі Ковенскай губерні (цяпер Літва). У 1895 г. Я. Маўр скончыў пачатковую школу і паступіў у рамеснае вучылішча (знаходзілася ў г. Коўна) на слясарнае аддзяленне. У 1899 г. стаў студэнтам Панявежскай настаўніцкай семінарыі. Там пазнаёміўся з рэвалюцыйна настроенай моладдзю, чытаў шмат нелегальнай літаратуры. На яго імя нават прыходзіла газета «Искра». У канцы 1902 г. Я. Маўра выключылі з семінарыі. Аднак вучобу ён не кінуў: займаўся самаадукацыяй і даваў прыватныя ўрокі. У 1903 г. здаў экстэрнам экзамены і атрымаў пасведчанне аб заканчэнні семінарыі. Працаваў у мястэчку Новае Месца (Літва), потым у в. Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 г. Я. Маўр удзельнічаў у нелегальным з’ездзе настаўнікаў, які адбыўся на радзіме Я. Коласа ў в. Мікалаеўшчына. За гэта быў пазбаўлены права выкладаць у школе і трапіў пад нагляд паліцыі. Некаторы час працаваў хатнім настаўнікам у мястэчку Турэц. У 1911 г. пераехаў у Мінск, дзе атрымаў месца выкладчыка ў прыватнай гандлёвай школе. У гады Першай сусветнай вайны Я. Маўр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Сібіры. Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся ў Мінск. Выкладаў гісторыю і геаграфію ў чыгуначнай гімназіі. У 1920-я гг. працаваў у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, Народным камісарыяце асветы БССР, Дзяржаўным выдавецтве БССР.
Пачаткам літаратурнай дзейнасці Я. Маўра лічыцца 1923 г., калі ў газеце «Савецкая Беларусь» і ленінградскім часопісе сатыры і гумару «Бегемот» былі апублікаваны яго фельетоны. Першым значным творам стала аповесць «Чалавек ідзе» (1927), якая друкавалася ў некалькіх нумарах часопіса «Беларускі піянер» у 1926–1927 гг., пазней выйшла асобнай кніжкай. Яна паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры. У аповесцях «У краіне райскай птушкі» і «Сын вады» (1928) Я. Маўр імкнуўся абвергнуць распаўсюджанае ўяўленне пра туземцаў, як пра дзікіх людзей, пазбаўленых элементарных чалавечых пачуццяў. У гэтых творах прыёмы прыгодніцтва спалучаюцца з выкарыстаннем багатага пазнавальнага матэрыялу: аўтар апісвае жывёльны і раслінны свет краін, дзе адбываецца дзеянне, падрабязнасці побыту, звычаі народа. У 1930 г. выйшаў першы ў беларускай літаратуры прыгодніцкі раман «Амок», у якім Я. Маўр адлюстраваў падзеі паўстання на востраве Ява (Інданезія) у 1926 г. У апавяданнях «Слёзы Тубі», «Лацароні» і «Незвычайная прынада» (усе 1927) пісьменнік звярнуўся да паказу трагічнага становішча дзяцей у каланіяльных краінах. Творы Я. Маўра вызначаюцца захапляльным сюжэтам, разнастайнасцю тэм, яркімі вобразамі. Багатая фантазія ў спалучэнні з глыбокімі ведамі па геаграфіі і гісторыі дазваляла іх аўтару так весці апавяданне, што чытач верыў у сапраўднасць падзей, якія там адбываліся. Сам пісьменнік ніколі не быў за мяжой. Ён вывучаў дакументальную літаратуру, збіраў матэрыялы з газет і часопісаў пра Індыю, Кітай, Інданезію, Цэйлон, Новую Гвінею, Вогненную Зямлю, выкарыстоўваў фатаграфіі як ілюстрацыі і потым на старонках сваіх кніг дакладна апісваў экзатычнасць прыроды гэтых краін і астравоў, расказваў пра жыццё іх народаў.
У 1930-я гг. вядучай тэмай дзіцячай літаратуры стала адлюстраванне падзей, што адбываліся ў СССР. Вялікая роля ў гэтым адводзілася часопісу «Іскры Ільіча». На яго старонках друкаваліся творы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча і інш. У 12-м нумары за 1931 г. з’явіўся нарыс Я. Маўра «Урала-Кузбас», у якім, абапіраючыся на канкрэтныя факты і лічбы, пісьменнік знаёміў з будаўніцтвам вугальна-металургічнага камбіната. Потым пісаў пра завод у Новакузнецку, электрастанцыю на Ангары і інш. У часопісе «Іскры Ільіча» было апублікавана «Драўлянае апавяданне» Я. Маўра, дзе расказвалася пра лясныя багацці Беларусі, у нарысе «Падарожжа па малой беларускай чыгунцы» – пра дзіцячую чыгунку ў Мінску. Не пакідаў пісьменнік працу і над прыгодніцкімі творамі. У 1930 г. выйшла вострасюжэтная аповесць «Палескія рабінзоны» (экранізавана ў 1935, 1947 гг.). Яна вучыла дзяцей быць мужнымі і смелымі, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, пераадольваць цяжкасці, пазнаваць родны край. У чытачоў карысталіся поспехам творы пра дапытлівых і вынаходлівых школьнікаў. Гэта «Аповесць будучых дзён» (1932) і «ТВТ…» (1934, першая прэмія на ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі). Янка Маўр лічыцца таксама пачынальнікам беларускай навукова-фантастычнай літаратуры для дзяцей. Да гэтага жанру належаць творы «Вандраванне па зорках» (1927) з цыкла «Піянерскія казкі» і «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954–1955). У 1934 г. Я. Маўр быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.
У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік знаходзіўся спачатку ў Новасібірску, потым у Алма-Аце. У 1943 г. пераехаў у Маскву, праз год вярнуўся ў Мінск. Апублікаваў шэраг апавяданняў пра трагічныя выпрабаванні, праз якія давялося прайсці дзецям. Сярод іх – «Шчасце» (1945), «Завошта» і «Максімка» (1946), «Запіска» (1950) і інш. З тэмай вайны звязаны незавершаныя рукапісныя творы «На краю свету», «Дзяўчынка-маці», «Паварот гісторыі». У 1948 г. пад рэдакцыяй Я. Маўра выйшла кніга «Ніколі не забудзем» – хвалюючыя ўспаміны беларускіх дзяцей, удзельнікаў і сведкаў вайны. Пісьменнік працаваў таксама і ў жанры драматургіі. У 1940-я гг. ён напісаў п’есы «Памылка», «Хата з краю», «Балбатун». У 1948 г. выйшла першая частка аўтабіяграфічнай кнігі Я. Маўра «Шлях з цемры», другая – у 1960 г., трэцяя – у 1975 г.
Творы Я. Маўра карыстаюцца шырокім прызнаннем. Яны перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую мовы, асобныя выдаваліся ў Чэхаславакіі, ЗША, Вялікабрытаніі. Высока цанілі талент пісьменніка і яго заслугі перад айчыннай культурай і літаратурай Я. Купала, Я. Колас, І. Мележ, М. Лынькоў і іншыя вядомыя пісьменнікі. У 1968 г. Я. Маўр атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР. У 1972 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам «Знак Пашаны», некалькімі медалямі. У 1983 г. стагоддзе з дня нараджэння Я. Маўра было ўнесена ў «Спіс памятных дат ЮНЕСКА». Яго імем названы вуліцы ў Мінску і Пінску. У 2013 г. зняты дакументальны фільм «Янка Маўр. Капітан дзіцячых мар», прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.