Краткая справка:
вучоны-фізік, аўтар прац па тэрмадынаміцы, фізічнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, фізіцы паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, магнітных з'яў і нізкіх тэмператур, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Расіі, лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР (1950), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Имена на других языках:
Сирота Николай Николаевич (русский);
4855 символов
Справка
Буйны вучоны-фізік Мікалай Мікалаевіч Сірата стварыў у Беларусі школу спецыялістаў ў галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, чым і ўнёс вялікі ўклад у станаўленне і развіццё навукі.
Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу. Скончыў у 1936 г. Маскоўскі інстытут сталі і сплаваў (МІСіС), паралельна праслухаў курсы фізічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (МДУ). У 1939 г. М.М. Сірата абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук. У 1940 г. залічаны ў дактарантуру Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі АН СССР (ІАНХ АН СССР), дзе выконваў фундаментальныя працы па тэрмадынаміцы і кінетыцы фазавых пераходаў, метастабільным стане кандэнсаваных сістэм, што ляглі ў аснову яго доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай у 1950 г. У 1952 г. яму прысвоена званне прафесара. Інтэнсіўную навукова-даследчую працу ў ІАНХ АН СССР М.М. Сірата спалучаў з актыўнай выкладчыцкай дзейнасцю: у якасці дацэнта і прафесара фізічнага факультэта МДУ чытаў курс фізікі і фізіка-хімічнага аналізу цвёрдага цела, а ў Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце – першы тады ў краіне курс лекцый па матэрыялах для ядзернай тэхнікі і энергетыкі. З 1955 г. працаваў загадчыкам кафедры фізікі Маскоўскага інстытута каляровых металаў і золата імя М.І. Калініна.
У 1956 г. М.М. Сірата стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР і пераехаў у Мінск. Тут ён арганізаваў Аддзел фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН БССР. На яго базе ў 1963 г. створаны Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН БССР, першым дырэктарам і навуковым кіраўніком якога да 1975 г. быў М.М. Сірата. Пад яго кіраўніцтвам інстытут за кароткі час стаў буйным навукова-даследчым цэнтрам фізікі цвёрдага цела. Таленавіты вучоны здолеў арганізаваць даследаванні вялікага навуковага калектыву ў розных галінах фізікі і хіміі, накіраваныя на вырашэнне актуальных задач сучаснага матэрыялазнаўства, пошук новых магнітных, паўправадніковых, звышправодных і звышцвёрдых матэрыялаў. У Мінску М.М. Сірата вёў шырокую педагагічную дзейнасць. У 1957 г. арганізаваў кафедру фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), якой кіраваў да 1962 г. У гэты перыяд вучоны стварыў праблемную лабараторыю па фізіцы паўправаднікоў пры БДУ. З 1967 па 1975 гг. загадваў створанай ім кафедрай эксперыментальнай і тэарэтычнай фізікі ў Мінскім педагагічным інстытуце. Мікалай Мікалаевіч быў арганізатарам усесаюзных і міжнародных канферэнцый, што рэгулярна праходзілі ў Мінску. У 1975 г. ён пакінуў Беларусь і пераехаў у Маскву, дзе да 2006 г. загадваў кафедрай фізікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта прыродаўладкавання і вёў вялікую навукова-арганізацыйную работу.
Кола навуковых інтарэсаў М.М. Сіраты вельмі шырокае. Ён распрацаваў асновы тэорыі фазавых ператварэнняў, тэорыю ўтварэння метастабільных фаз у адна- і шматкампанентных сістэмах і полімарфізму простых злучэнняў, методыкі вызначэння фанонных спектраў крышталёў па рассеянні халодных нейтронаў. Даследаваў уплыў магнітных і электрычных палёў на кінетыку крышталізацыі і фазавых пераходаў, хімічную сувязь і размеркаванне электроннай шчыльнасці ў крышталях, тэрмадынамічныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў. Выканаў даследаванні многіх практычна важных матэрыялаў (звышправодных, звышцвёрдых, магнітных, паўправадніковых) пры ўздзеянні на іх нізкіх і высокіх тэмператур, інтэнсіўных магнітных палёў і звышвысокіх ціскаў, радыяцыйнага апраменьвання. Сумесна са сваімі вучнямі распрацаваў арыгінальны спосаб атрымання маналітных блокаў кубічнага нітрыду бору, які па цвёрдасці роўны алмазу і перавышае яго па тэрмаўстойлівасці. У розных рэспубліканскіх і міжнародных часопісах рэгулярна з'яўляліся яго артыкулы. Яго працы па тэрмадынаміцы, статыстычнай фізіцы, фізічнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, фізіцы паўправаднікоў і дыялектрыкаў, магнітных з'яў і нізкіх тэмператур атрымалі прызнанне сусветнай навуковай супольнасці. Сярод яго работ вылучаюцца «Термодинамика и статистическая физика» (1969), «Физико-химическая природа фаз переменного состава» (1970), «Химическая связь и сверхпроводящие свойства соединений» (1976) і інш.
На працягу многіх гадоў вучоны з'яўляўся членам рэдкалегіі міжнароднага часопіса «Crystal Reseаrch and Technology», а таксама часопісаў «Доклады АН БССР», «Известия АН СССР. Серыя, Металы», кіраваў секцыяй «Химическая связь и физические свойства конденсированных сред» Навуковага савета па неарганічнай хіміі Расійскай акадэміі навук. Ён аўтар звыш 650 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 60 вынаходніцтваў. За заслугі ў развіцці навукі, актыўную і плённую навукова-арганізацыйную, педагагічную і грамадскую дзейнасць М.М. Сіраце прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі (1968), ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1973), медалямі.