Адным з выдатных дзеячаў беларускага сцэнічнага мастацтва, яркай, каларытнай фігурай сярод не менш яркіх і непаўторных талентаў, сваіх сяброў і аднадумцаў з’яўляўся Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла.
Нарадзіўся ён у Мінску. Скончыў рэальнае вучылішча ў Волагдзе, куды пераехала сям’я ў гады Першай сусветнай вайны. У час вучобы захапіўся мастацтвам, пачаў выступаць на літаратурных вечарынах. З 18 гадоў ужо быў на прафесійнай сцэне – працаваў у тэатрах Волагды, Архангельска, Яльца, Віцебска, Гомеля. Гарацыа ў “Гамлеце” і Касіа ў “Атэла” У. Шэкспіра, Барыс у “Навальніцы” А. Астроўскага, Рыварэс у “Авадні” паводле Э. Войніч і многія іншыя – вось ролі, якія давялося іграць акцёру на пачатку свайго творчага шляху. Не хапала яшчэ вопыту, майстэрства, але С. Бірыла падкупляў гледача юнацкай энергіяй, палкасцю, сцэнічнай прывабнасцю, шчырымі пачуццямі.
У 1926 г. вярнуўся ў Мінск, дзе яго запрасілі ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка. Тут сыграў ролі ў п’есах У. Галубка – Студэнт, пан Абуховіч, Васіль Хмель (“Ганка”, “Пінская Мадонна”, “Васіль Хмель”). З 1928 г. выступаў на сцэне Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Сцяпан Бірыла стаў паплечнікам Е. Міровіча, У. Крыловіча, М. Зорава, Г. Глебава, К. Саннікава, Б. Платонава, Л. Ржэцкай і іншых, хто фарміраваў аблічча тэатра. Ён з гонарам і вялікай адказнасцю іграў ролі не толькі галоўныя, але і эпізадычныя, другарадныя. Акцёр умеў знайсці агульную мову з рознымі партнёрамі, адчуць стылявыя адметнасці спектакля. Кожную ролю С. Бірыла ўспрымаў як дарунак лёсу, удумліва працаваў над вобразам, жыў ім, адшукваў характэрныя рысы свайго героя. Сярод сыграных ім роляў, што засталіся ў памяці многіх гледачоў той пары, – высакародны прафесар Паляжаеў (“Неспакойная старасць” Л. Рахманава), у вобразе якога ўвасобіў рысы буйнога вучонага; блізкі да яго і прафесар Акаёмаў (“Машачка” А. Афінагенава), характар якога пададзены ў развіцці – ад замкнёнага, захопленага навуковай працай, сумленнага вучонага да чалавека, які пачынае прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці; сціплы, але настойлівы прафесар Чарнавус (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы), які верыць у свае сілы, упэўнены, што праўда пераможа; разумны, палкі вучоны Дзееў (“Гэта было ў Мінску” А. Кучара) і інш. Прафесійным майстэрствам, добрым густам, дакладным пранікненнем у стылявыя і жанравыя асаблівасці твораў пазначаны сыграныя С. Бірылам ролі – Беркутаў, Велікатаў (“Ваўкі і авечкі”, “Таленты і паклоннікі” А. Астроўскага), Серабракоў (“Дзядзька Ваня” А. Чэхава), Прэзідэнт (“Каварства і каханне” Ф. Шылера), Берлінг (“Ён прыйшоў” Дж. Б. Прыстлі), Евель Цывін (“Бацькаўшчына” К. Чорнага), Вашамірскі (“Салавей” З. Бядулі), Лютынскі (“Канец дружбы” К. Крапівы), Хірт (“Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона), Гудзееў, Глуздакоў і Дзед (“Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце” і “Зацюканы апостал” А. Макаёнка), Секяржыцкі (“Амністыя” М. Матукоўскага). Купалаўскаму тэатру С. Бірыла прысвяціў усё сваё жыццё. Сыграў тут каля 200 роляў – драматычных, камедыйных, характарных. Стаў сапраўдным майстрам, любімцам публікі.
Акрамя акцёрскай дзейнасці С. Бірыла займаўся рэжысёрскай, з’яўляўся асістэнтам рэжысёра ў спектаклі “Паўлінка”. Быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага тэатральнага таварыства. Ён таксама аўтар артыкулаў пра беларускіх рэжысёраў Л. Літвінава, У. Галубка, Л. Рахленку, Ф. Ждановіча і інш.
Зробленае народным артыстам Беларусі С. Бірылам назаўсёды засталося ў гісторыі беларускага мастацтва, тэатра, ва ўдзячнай памяці гледачоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.