Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, педагог, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, 1952), узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Имена на других языках:
Платонов Борис Викторович (русский);
3229 символов
Справка
У гісторыю беларускага сцэнічнага мастацтва назаўсёды ўвайшло імя знакамітага артыста Барыса Віктаравіча Платонава. Больш за 40 гадоў ён аддана служыў тэатру.
Нарадзіўся Б. Платонаў у Мінску ў сям’і натарыуса. Скончыў прыходскае вучылішча і чатыры класы рэальнага. У час грамадзянскай вайны Б. Платонаў добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. У 1920–1922 гг. працаваў у аматарскім калектыве пры «Беларускай хатцы» і Тэатры рэвалюцыйнай сатыры, з 1922 г. – у Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). У гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1943 г. выступаў у складзе франтавой тэатральнай брыгады. Пасля яе заканчэння Б. Платонаў працягваў работу ў Купалаўскім тэатры (з 1961 па 1963 г. быў яго мастацкім кіраўніком). З 1965 г. загадваў кафедрай майстэрства акцёра і рэжысуры ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
Барыс Платонаў атрымаў вядомасць як выдатны майстар пераўвасаблення. Акцёр унёс значны ўклад у развіццё творчых прынцыпаў і традыцый нацыянальнага тэатральнага мастацтва, павышэнне ўзроўню акцёрскай школы і выканальніцкай культуры. Дыяпазон яго вобразаў быў надзвычай шырокі. Першыя значныя ролі, якія сталі сапраўдным мастацкім дасягненнем, выкананы Б. Платонавым яшчэ ў 1920-я гг. Сярод іх – Хуан («Вясковы суддзя» П. Кальдэрона), Рыгорка («Перамога» Е. Міровіча), Ярыскін («Мяцеж» Д. Фурманава і С. Паліванава). У 1930-я гг. адбывалася станаўленне прафесійнага майстэрства акцёра, што яскрава праявілася ў ролях Шунейкі («Гута» Р. Кобеца), Нікіціна («Жыццё кліча» У. Біль-Белацаркоўскага), Пятра Грынёва («Капітанская дачка» паводле А. Пушкіна), Нязнамава («Без віны вінаватыя» А. Астроўскага). Героі Б. Платонава паказаны як шматгранныя асобы, якім уласцівы душэўнасць, стрыманасць у выяўленні пачуццяў, глыбокая ўнутраная напоўненасць, пранікнёны лірызм. Сярод самых вядомых роляў – Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона; Дзяржаўная прэмія СССР, 1948), Туміловіч («Пяюць жаваранкі» К. Крапівы; Дзяржаўная прэмія СССР, 1952), Огнеў («Фронт» А. Карнейчука), Ленін («Трэцяя патэтычная» М. Пагодзіна) і інш. Філасофскім гучаннем, высокім драматызмам, дэталёвай распрацоўкай характараў герояў вылучаліся ролі Пятра («Апошнія» М. Горкага), Рамэа («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра), Жадава, Нарокава («Даходнае месца», «Таленты і паклоннікі» А. Астроўскага), Пратасава («Жывы труп» Л. Талстога), Эзопа («Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду) і інш. Акцёр стварыў шэраг яскравых камедыйных і сатырычных вобразаў. Сярод іх – Быкоўскі («Паўлінка» Я. Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Лявон («Лявоніха на арбіце» А. Макаёнка) і інш. Як кінаакцёр Б. Платонаў зняўся ў фільмах «Песня вясны», «Паўлінка», «Хто смяецца апошнім» і інш. Барыс Віктаравіч актыўна выступаў на радыё, прымаў удзел у мастацкіх чытаннях твораў беларускай класікі. У 1946 г. ён стаў народным артыстам БССР, у 1948 г. – народным артыстам СССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1955), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1948), медалямі і інш.
Імем Б. Платонава названа вуліца ў Мінску, на доме, у якім ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Пра яго творчасць зняты дакументальныя фільмы «Думкі і вобразы» (1965), «Твар пад грымам» (2003).