Дата рождения:
15.08.1903 Мазырскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
21.10.1977 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны ў галіне генетыкі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Рокицкий Пётр Фомич (русский);
4133 символа
Справка
Акадэмік Пётр Фаміч Ракіцкі належыць да плеяды выдатных вучоных Беларусі. Ён унёс грунтоўны ўклад у станаўленне і развіццё агульнай, тэарэтычнай і радыяцыйнай генетыкі, тэорыі мутагенезу і адбору, біялагічнай статыстыкі і тэарэтычных асноў селекцыйнага працэсу.
Нарадзіўся П.Ф. Ракіцкі ў дваранскай сям’і ў былой вёсцы Кустаўніца Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Мазырскі раён Гомельскай вобласці). Вучыўся ў гімназіях Мазыра і Чэрыкава. З 1920 г. працягваў адукацыю ў Леменскай школе-камуне. Пасля заканчэння навучання выкладаў у ёй фізіку і прыродазнаўства. У 1923 г. паступіў у Першы Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на біялагічнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Вывучаў эксперыментальную заалогію і генетыку пад кіраўніцтвам выдатных вучоных таго часу М.К. Кальцова, С.С. Чацверыкова, А.С. Сераброўскага. У студэнцкія гады прымаў удзел у вялікай калектыўнай рабоце па даследаванні прыродных папуляцый дразафілы ў лабараторыі генетыкі Інстытута эксперыментальнай біялогіі АН СССР. Адукацыю працягваў у аспірантуры, дзе займаўся вывучэннем уздзеяння генаў у антагенезе і ўплыву павышанай тэмпературы на з’яўленне мутацый.
Скончыўшы навучанне, П.Ф. Ракіцкі пачаў выкладаць генетыку ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Адначасова з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага інстытута жывёлагадоўлі. У далейшым загадваў кафедрай генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл, узначальваў заатэхнічны факультэт, быў намеснікам дырэктара ў Маскоўскім пушна-мехавым інстытуце (1938–1948). Эксперыменты па вывучэнні эфектыўнасці штучнага адбору сталі асновай доктарскай дысертацыі, абароненай вучоным у 1939 г. Сярод публікацый гэтага перыяду – «Все живое из одного корня» (1929), «Дрозофила: генетический практикум» (1932), «Практическое пособие к курсу генетики» (1934), «Явления наследственности» (1937) і інш.
У 1949–1957 гг. П.Ф. Ракіцкі працаваў у філіяле Акадэміі навук СССР у г. Сыктыўкары. Даследаваў праблемы развіцця жывёлагадоўлі ва ўмовах Крайняй Поўначы, вывучаў уздзеянне павышанага прыроднага радыяцыйнага фону на раслінны і жывёльны свет. Займаўся таксама і грамадскай працай: з’яўляўся членам Таварыства па распаўсюджванні навуковых ведаў, узначальваў камітэт абароны міру Комі АССР. У 1960 г. быў запрошаны на пасаду загадчыка кафедры заалогіі пазваночных Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе таксама выкладаў курсы біялагічнай статыстыкі, біяметрыі, статыстычнай генетыкі. Падрыхтаваў навучальныя дапаможнікі «Основы вариационной статистики для биологов» (1961), «Биологическая статистика» (1964), «Введение в статистическую генетику» (1974), якія вытрымалі некалькі перавыданняў.
З 1965 г. навуковая дзейнасць П.Ф. Ракіцкага звязана з Інстытутам генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР. Стварыў і ўзначаліў у ім лабараторыю тэарэтычнай генетыкі, дзе даследаваў мутацыйны працэс, а таксама рэчывы, здольныя абараніць спадчынныя структуры ад уздзеяння радыяцыі. У гэты час падрыхтаваў працы «Значение математических методов в зоологии» (1965), «Значение работ Грегора Менделя для современной генетики» (1967), «Моделирование и генетика» (1969), «Развитие современной генетики и проблема повышения эффективности селекции животных» (1970), «Математическая генетика. Ее развитие в СССР и современные проблемы» (1973), «Николай Константинович Кольцов» (1975, у суаўтарстве), «Генетическая структура популяций и ее изменения при отборе» (1977, у суаўтарстве) і інш.
Пётр Фаміч з’яўляўся старшынёй Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, прымаў удзел у працы навуковага савета па генетыцы і селекцыі Акадэміі навук СССР і Усесаюзнага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, рэдагаваў часопіс «Генетика». У 1967 г. вучоны выбраны сапраўдным членам Акадэміі навук БССР, у 1973 г. стаў заслужаным дзеячам навукі БССР. За цыкл прац па статыстычнай генетыцы і прымяненні матэматычных метадаў у біялагічных даследаваннях яму прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1974). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1945), мае некалькі медалёў. У яго гонар створаны музей у пасёлку Крынічны Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, названы вуліцы ў Мазыры і Крынічным.